У паведамленьні Беларускага тэлеграфнага агенцтва прачытаў пра памятныя сувэніры. Словазлучэньне памятныя сувэніры – з таго самага раду, што й біяграфія жыцьця, патрыёт радзімы або, скажам, сетка Інтэрнэт. У гэтых выпадках перад намі таўталёгія – паўтор словаў з тым самым значэньнем. Біяграфія – гэта й ёсьць ‘апісаньне жыцьця’, патрыёт – ніхто іншы, як чалавек, адданы сваёй айчыне, а Інтэрнэт – ‘міжнародная кампутарная сетка’. Францускае з паходжаньня слова сувэнір азначае падарунак на памяць, рэч, зьвязаную з успамінамі пра некага або пра нешта. Часам мы забываемся на дакладнае літаратурнае значэньне сувэніра й дапускаем яго ў сваім штодзённым маўленьні ў шырэйшым сэнсе – называем сувэнірам кожны дарунак, гасьцінец. Адсюль і тыя збыткоўныя, непажаданыя ў літаратурнай мове памятныя сувэніры або сувэніры на памяць. Стараймася быць дакладнымі: сувэнір можам ацэньваць, напрыклад, як добры, прыгожы ці чаканы. Гаворым правільна: падарунак на памяць, памятны дарунак або – адным словам – сувэнір.
Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Самае папулярнае
1