Вучні-ліцэісты папыталіся пра незнаёмае слова ў мастацкім тэксьце – дзеяслоўную форму собіла. “Ніхто яго не чакаў – і собіла ж яму прыйсьці”, – што значыць собіла?
Собіць – прыйсьці ў галаву, схіліць да думкі зрабіць нешта, як правіла, непатрэбнае ці недарэчнае, нешта на шкоду сабе. Ня трэ было яму прыходзіць, а вось жа павяло туды, нешта падахвоціла прыйсьці. Інакш кажучы, собіла прыйсьці, а тады й ня рады быў, пашкадаваў. Па-расійску, напрыклад, скажуць угораздило, а па-беларуску – собіла. Залежнае слова пры безасабовай форме собіла ставіцца ў давальным склоне: собіла яму, собіла табе, собіла нам.
“І дзіву чалавек даецца: што гэта собіла людзям у такім месцы царкву будаваць”, – пісаў на пачатку мінулага стагодзьдзя ў віленскай “Нашай ніве” Карусь Каганец. У “Сівой легендзе” Ўладзімера Караткевіча чытаем: “Собіла ж яму пяраваратнем стаць, людзей мучыць”. З Брылёвых “Ніжніх Байдуноў” выпісаў: “І собіла ж старому ледзь ня ў лоб напароцца прыцемкам на засаду”.
Дзеяслоў собіць – неадымны факт сучаснае літаратурнае мовы. Собіла нам зрабіць, собіла прыйсьці, собіла трапіць – гаворым мы па-беларуску, ня радыя з таго, што зрабілі, прыйшлі або трапілі.