Нашая слухачка з Слуцку Вера Грынявецкая ў лісьце на адрас “Жывой мовы” папрасіла пракамэнтаваць ужываньне прыметніка сталы. Спадарыня Грынявецкая цытуе дзьве фразы: чалавек сталага веку й сталы жыхар Беларусі, – і ўдакладняе, ці ў абодвух выпадках слова сталы на месцы. Натуральна, усё на месцы. Прыметнік сталы – шматзначны. Слоўнікі нашай літаратурнай мовы фіксуюць пяць яго значэньняў. Сталым чалавек можа быць ня толькі сваімі гадамі. Сталым можна таксама назваць чалавека самастойнага, паважнага, дасьведчанага. Сталае яшчэ й тое, што для такога чалавека характэрнае, што пройдзе празь ягоныя рукі: напрыклад, сталыя ўчынкі або сталыя творы. Добра, грунтоўна прадуманыя думку ці намер таксама называем сталымі. Калі гаворым пра нешта нязьменнае, не часовае, разьлічанае на доўгі час, прыметнік сталы зноў нам прыдатны. Той, хто ўвесь час жыве ў Беларусі, – пэўне ж, сталы жыхар Беларусі; той, хто нязьменна працуе на тым самым месцы, мае сталую працу. Таксама й нейкія органы – камісію, скажам, ці раду, дзейнасьць якіх не перапыняецца, – можам называць сталымі.
Пры канцы тэмы яшчэ раз ілюструю ўжываньне разабранага тут прыметніка. Гаворым па-беларуску: сталы чалавек, сталыя гады, сталы паэт, сталы крок, сталае месца, сталы расклад, сталы камітэт.
Пры канцы тэмы яшчэ раз ілюструю ўжываньне разабранага тут прыметніка. Гаворым па-беларуску: сталы чалавек, сталыя гады, сталы паэт, сталы крок, сталае месца, сталы расклад, сталы камітэт.