Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская дыпмісія на два гады стала кантактнай амбасадай НАТО


Ганна Соусь, Менск З першага верасьня дыпляматычнае прадстаўніцтва Літвы ў Менску выконвае функцыі кантактнай амбасады НАТО ў Беларусі. Таксама 1 верасьня ў Менску распачаў працу першы вайсковы аташэ Літвы ў Беларусі.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас распавёў сёньня для Радыё Свабода пра накірункі дзейнасьці літоўскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў якасьці кантактнай амбасады НАТО.

(Паслаўскас: ) “Мяркую, што ў гэтай сфэры шмат увагі будзем надаваць інфармацыйнай дзейнасьці ў Беларусі, арганізацыі візытаў, як у Беларусь, так і ў структуры НАТО. Зразумела, будзем працаваць разам зь беларускімі структурамі ўлады, зь якімі ўжо папярэдне абмеркавалі накірунак будучай дзейнасьці, а таксама з акадэмічнай грамадзкасьцю, бо ў Беларусі ёсьць інстытуты, якія цікавяцца бясьпекай, у тым ліку і праблематыкай НАТО. З журналістамі мы плянуем паездку ў адну з краінаў НАТО”.

Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас дадае, што будзе таксама праводзіцца шэраг сэмінараў і канфэрэнцыяў на тэму НАТО. Літоўскі бок плянуе дапамагаць Беларусі ў справе зьнішчэньня супрацьпяхотных мінаў. Ёнас Паслаўскас працягвае.

(Паслаўскас: ) “Ад сёньняшняга дня пачаў сваю працу ў Менску першы вайсковы аташэ Літвы падпалкоўнік Альвідас Даненас. А ў хуткім часе Міністэрства замежных справаў Літвы накіруе яшчэ аднаго дыплямата для выкананьня гэтай працы. Такім чынам, з 1 верасьня мы пераймаем у амбасады Турцыі выкананьне функцый кантактнай амбасады НАТО. І першае мерапрыемства на гэту тэму адбудзецца 14 верасьня. У амбасадзе пройдзе прэсавая канфэрэнцыя і дыпляматычны прыём”.

Да расповеду літоўскага амбасадара Ёнаса Паслаўскаса дадам, што раней у літоўскай амбасадзе не было ваеннага аташэ. Адна з прычынаў гэтага – знаходжаньне на пасадзе намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзімера Ўсхопчыка, былога кіраўніка віленскага гарнізону.

Літоўская пракуратура патрабуе выдачы генэрала Ўсхопчыка ў сувязі зь ягоным удзелам у трагічных падзеях у студзені 1991 году ля віленскай тэлевежы. Сёлета генэрал-лейтэнант Усхопчык быў адпраўлены ў запас. Перад гэтым Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў яго ордэнам "За службу Радзіме" 1 ступені.

***

Сетка кантактных амбасадаў НАТО ў краінах-партнэрах была створаная ў 1992 годзе дзеля сыстэматычнага і каардынаванага распаўсюджваньня палітыкі, якую праводзіць альянс, а таксама дзеля ўзмацненьня сувязяў паміж НАТО і краінамі-партнэрамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG