Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1967


Сяргей Шупа, Прага Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія радыё-слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету”.

1967 год. Год юбілею кастрычніцкіх падзеяў 1917 году. Год узмацненьня ідэалягічнай барацьбы. Радыё Свабода прымае на ўзбраеньне новую палітыку, якая ва ўнутраных інструкцыях атрымала назоў “госьць у хаце” – быць прыязным да слухача, выступаць да яго добразычлівым прыяцелем, пазьбягаць варожасьці і рэзкіх ацэнак. Савецкія прапагандысты раскусілі гэтую тактыку праз пару гадоў, адчуўшы ў гэтым немалую небясьпеку.

А пакуль што ў прысьвечаных Свабодзе прапагандысцкіх матэрыялах было поўна ранейшага задзёру. Вось, прыкладам, што пісаў нехта Шмыгаў у артыкуле “ХХІІІ зьезд КПСС аб узмацненьні барацьбы з ідэалагічнымі дывэрсіямі імпэрыялізму”, надрукаваным ў №2 часапіса “КОММУНІСТ БЕЛОРУССІІ” за 1967 год:

“Заўзята шчыруюць на службе ў амэрыканскіх, заходнегерманскіх і англійскіх імперыялістаў і здраднікі беларускага народу. У тую цяжкую часіну, калі ўвесь беларускі народ ад малога да старога ўзьняўся на барацьбу з фашысцкімі акупантамі, яны, гэтыя нікчэмныя маральныя вырадкі, здрадзілі Маці-Айчыне. Кулямі, шыбеніцамі і артыкуламі ў фашысцкіх газетках яны дапамагалі акупантам усталёўваць “новы парадак” на акупаванай тэрыторыі. Сёньня яны зьвілі сваё асінае гняздо пад крылцам заходнегерманскіх рэваншыстаў у Мюнхене і за амерыканскія долары праз зганьбаваныя рупары радыястанцыі з фальшывым імем “Свабода” штодзённа паклёпнічаюць на беларускі народ, імкнуцца зганьбіць партыю і камсамол, ачарніць савецкую дэмакратыю, распаліць антырускія настроі, фальсіфікуюць гісторыю”.

Сёньня ў нас у гасьцях яшчэ адзін колішні супрацоўнік – дакладней кажучы супрацоўніца – нашага радыё – спадарыня Яніна Каханоўская, бабуля майго калегі Данчыка, якая жыве ў Нью-Ёрку. Мы сустракаліся зь ёй у адной з нашых першых перадачаў “На хвалі Свабоды”, калі яна распавядала пра сваю працу на фабрыцы, дзе вырабляліся ўсялякія тавары для хатніх жывёлаў. Сёньня яна распавядзе пра пачаткі сваёй працы на радыё – найперш, як яна патрапіла з той фабрыкі на Радыё Свабода?

(Каханоўская: ) “Наша фабрыка Gust Mountain, яна зачынілася. Гэта было ў 1960-х гадох, магчыма ў 1965 годзе, я добра не памятаю. Але ў гэтым часе якраз Арсеньнева выйшла на пэнсію і паехала да сына, у якога жонка-нябожчыца Дуся Куліковіч, якая памёрла якраз у тым часе, пакінула яму двое малых дзяцей. Арсеньнева вырашыла дапамагаць сыну. Ну і пасьля яе на радыё камітэце засталося пустое месца. Ян Запруднік запрасіў мяне на працу. Так што пасьля працы на фабрыцы я не працавала толькі тры месяцы і адразу паступіла на другую работу. Аформілі мяне там як Research Assistant, асыстэнткай, ня ведаю ці так я гавару гэта па-ангельску. Гэта была вясна 1966 году.

На радыё ў тым часе першым быў запрошаны Аўген Каханоўскі [Калубовіч], які рашуча, вельмі рашуча, адмовіўся супраць непрадрашэнскай палітыкі камітэту. Я памятаю, ён нават адказаў тэлеграмай: “Ня згодны з палітыкай амэрыканскага камітэту і таму адмаўляюся”. А так падумаць, калі б ён тады не адмовіўся, зусім інакш ягонае жыцьцё пайшло б. Ён бы можа яшчэ жыў дагэтуль. Бо ён змарнаваў сваё жыцьцё на мэталёвай фабрыцы, з гэтага пылу мэталёвага”.

Тут я мушу патлумачыць, што меў на ўвазе ведамы дзяяч эміграцыі гісторык Аўген Каханоўскі-Калубовіч. Непрадрашэнства – палітычная лінія ініцыятараў стварэньня Радыё Свабода, якія прапанавалі ўсім падсавецкім народам разам з расейцамі адзіным фронтам змагацца супраць камунізму, пакінуўшы высьвятленьне міжусобных дачыненьняў – у тым ліку пытаньні незалежнасьці нерасейскіх народаў савецкай імпэрыі на пазьнейшыя, пасьлякамуністычныя часы. З гэтай пазыцыяй былі нязгодныя некаторыя эміграцыйныя дзеячы, у тым ліку Аўген Калубовіч.

Яніна Каханоўская працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз –наш архіў. Сёньня мы будзем слухаць фрагмэнт адной зь перадачаў 1967 году...

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Ля мікрафону Тамара Наваградчанская. Працягам наступнае паўгадзіны, дарагія слухачы, вы пачуеце: песьні сонечнага абтоку Пуэрта-Рыка, гутарку пра рэспубліканскую нараду ў справе народнае асьветы, агляд новага досьледу пра сапраўднае імя беларускага першадрукара доктара Скарыны, нататку да пытаньня, ці ўмееш ты спрачацца, ды фэльетон пра афарызмы. Пачнем нашай эстрадай”. (Гучыць эстрадная музыка.)

(Наваградчанская: ) “Паслухайма сёньня два рамансы клясыка лацінаамэрыканскай музыкі пуэртарыканскага кампазытара Рафаэля Фэрнандэса: “Ня плач сэрца, калі доля супраць нас, не дасі ніякай рады, але ўсе ж вера не памірае. Я кахаю шалёна і ведаю, што і яна кахае мяне. І ўсё, што яна мае, гэта маё. Я веру, што каханая вернецца”. (Гучыць песьня.)

Праз колькі хвілінаў мы вернемся да ўспамінаў Яніны Каханоўскай, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1967 годзе...

Палітыка

Біяфра пачынае вайну за незалежнасьць ад Нігерыі. – У выніку шасьцідзённай вайны Ізраіль акупуе Сынайскі паўвостраў, Галянскія вышыні, Паласу Газа і Заходні бераг Ярдану. – Ваенны пераварот у Грэцыі, цар Канстантын ІІ адхілены ад улады. – Кітай абвяшчае пра першае выпрабаваньне вадароднай бомбы. ЗША і СССР выступаюць зь ініцыятывай падпісаньня дамовы аб непашырэньні ядзернай зброі. – Дачка Сталіна Сьвятлана Алілуева просіць палітычнага прытулку ў Швэйцарыі. – Баксёр Мухамад Алі пазбаўляецца тытулу чэмпіёна сьвету за адмову служыць у амэрыканскім войску. ¬ У Балівіі пакараны сьмерцю Эрнэста Чэ Гевара.

Навука

Брытанскія астраномы Х’юіш і Бэрнэл адкрываюць пульсары. – Амэрыканцы Фрыдман, Кендэл і Тэйлар выяўляюць, што пратоны і электроны складаюцца з драбнейшых часьцінак – кваркаў.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная гватэмальскаму пісьменьніку Мігелю Анхелу Астурыясу. Выходзіць раман Габрыэля Гарсіі Маркеса “Сто гадоў адзіноты”.

Папулярная музыка

Beatles выпускаюць альбом “Аркестар клюбу самотных сэрцаў сяржанта Пэпэра”.

Песьні году –

All You Need Is Love, Beatles A Whiter Shade Of Pale, Procol Harum

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Хто працаваў у канцы 1960-х у Нью-Ёркскім бюро Радыё Свабода? Яніна Каханоўская працягвае.

(Каханоўская: ) “У той час у камітэце працавалі Ян Запруднік (старшыня), Антон Адамовіч (рэдактар). З Францыі на той час прыехаў вельмі сымпатычны такі чалавек Браніслаў Міркоўскі. Мы ўсе яго называлі Броня. Скрыптапісец. Ён скончыў Варшаўскі ўнівэрсытэт, літаратуру, і ніяк ня мог пазбыцца польскага акцэнту, колькі б зь ім не працавалі. Добра, чыста гаворыць па-беларуску, але з такім польскім акцэнтам, што не маглі не як адчапіцца. Так яно і засталося. Потым Анатоль Цярэшка. Гэта быў інжынэр зь Менску, пісьменьнік, вельмі цікавы. Яго паслалі ў Індыю будаваць там нейкія аб’екты. Ён быў інжынэрам-будаўніком. Адтуль у часе сваіх вакацыяў ён уцёк у Амэрыку. Распавядаў нам тут усім, што за жыцьцё ён меў. Вельмі цікавы, вельмі добры працаўнік, вельмі добры чалавек. НУ і мая асоба. Гэта быў такі наш склад работнікаў”.

Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – колішняя супрацоўніца нашага радыё Яніна Каханоўская. А зараз – зноў наш архіў. Слухаем далей фрагмэнты аўтэнтычнага эфіру 1967 году.

(Дыктарка: ) “Пытаньне імя беларускага першадрукара доктара Скарыны – справа прынцыповая і асабліва актуальная цяпер, у сувязі з 450-мі угодкамі беларускага друку. Зваў сябе Скарына заходнім імём Францішак ці ўсходнім Георгі? Пытаньню гэтаму прысьвечаныя новыя выданьні Беларускага інстутытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. З аглядам гэтага выданьня ля мікрафону Вітаўт Зубкоўскі”.

(Зубкоўскі: ) “Беларускі замежны дасьледнік Сымон Брага сваю новую працу пра Скарыну назваў “Пытаньне імя доктара Скарыны ў сьвятле актаў і літаратуры”. Досьлед гэты выдадзены асобнай кніжкай у сувязі зь сёлетнімі 450-мі угодкамі беларускага друку. На пачатку кніжку ў кароткай прадмове па-ангельску Сымон Брага кажа: “Гэтае выданьне – агляд фактаў, дакумэнтаў і літаратуры да пытаньня, ці меў шыракаведамы перакладнік Бібліі ў старабеларускую мову і першы беларускі друкар доктар Скарына з Полацку побач зь ягоным першым імём Францішак і другое імя – Георгі? Адказам на гэтае пытаньне аўтар і займаецца... (шум глушылак) Ужываньне прозьвішча Скарына безь ягонага сапраўднага імя Франіцшак ды падстаўляньне замест яго імя Юрый або з расейскага Георгі ня мае пад сабой ніякага дакумэнтальнага абгрунтаваньня. Да гэткіх вось выснаваў прыходзіць беларускі замежны дасьледнік Сымон Брага ў новым выданьні пра Франіцшка Скарыну, што выйшла ў выдавцтве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку”.

(Дыктарка: ) “Мы перадавалі агляд новага досьледу Сымона Брагі “Пытаньне імя доктара Скарыны ў сьвятле актаў і літаратуры”.

1967 ГОД У БЕЛАРУСІ

БССР падпісала міжнародную шматбаковую дамову аб космасе. – Адбыліся сьвяткаваньні 900-годзьдзя Менску і Воршы і 700-годзьдзя Магілеву. – У Мікалаеўшчыне адкрыты філіял літаратурнага музэю Якуба Коласа. – Уведзеная ў дзеяньне Бярозаўская ГРЭС. – Выйшаў першы нумар газэты “Вячэрні Менск”. – У Менску адкрыты Дзяржаўны музэй Беларусі. – Заснаваная Гомельская абласная фільгармонія.

А зараз – менскі эфір 1967 году. З нагоды 50-годзьдзя бурлівых падзеяў кастрычніка 1917-га перад мікрафонам беларускага радыё выступаюць непасрэдныя ўдзельнікі бальшавіцкага перавароту:

(Дыктарка: ) “Дарафей Міхайлавіч Сакалоў”.

(Сакалоў: ) “Мы позна вечарам пайшлі на Фінляндзкі вакзал. Доўгі час чакалі. Прыходзіць поезд. Выходзіць з поезду Ўладзімір Ільіч Ленін. Паздароўкаўся тут. А мы – “Ура! Ура! Ура! Бальшавік Уладзімір Ільіч Ленін прыбыў”.

(Дыктар: ) “Філіп Яўгеньевіч Дзенісенка ўспамінае”.

(Дзенісенка: ) “Усталі ўсе па мястах. І машыністы, і качагары. Падышлі к Зімняму бліжэй. І потым скамандавалі: “Залп!” Далі залп. Адзін раз з трох арудзіяў. Па даху як далі! Яны як пасыпаліся адтуль усе! Ну як мухі! І кадэты, і ахвіцэры..”.

(Дыктарка: ) “Сямён Ваявода”.

(Ваявода: ) “Ён гаворыць, трэба ехаць да Леніна... Паеду, чаго ж я не паеду. Ён мне з другога аддзяленьня даў салдата яшчэ аднаго. Мы паехалі. Паехалі да Басэйнай. Запісаліся. А ў шэсьць гадзін вечара вызывалі. Прыйшлі мы туды. “Такая і такая дэлегацыя ёсьць?” “Ёсьць”. “Дык захадзіце к Леніну”. Мы зайшлі. Мне паставіў Ленін стула. Мы там гадзіны паўтары сядзелі. Ён пытаўся, як коні паступалі, адкуль бралі, кармілі, усё чыста. Пра ўсё распытваў. Ну тады і гавару: “Таварыш Ленін, мы не дарма к вам прыехалі. Трэба нам адзеньне, усе голыя-босыя”. А ён: “У нас ня можаце атрымаць. Атрымаеце ў Віцебскай”. А я: “Ну дык, таварыш Ленін, дайце якую запіску, а то мы прыедзем, скажам былі ў Леніна, спытаюць, а што ў вас ёсьць, а – нічога!”

(Дыктарка: ) “Дарафей Міхайлавіч Сакалоў”.

(Сакалоў: ) “Прыяжджае галаўнакамандуючы з паўднёвага фронту. Выстраіліся мы на плошчы. Паздароўкаўся ён з намі. “Да,” – гаворыць. – “маракі, перад намі баявая задача стаіць. Разьбілі царскую ўладу, разаб’ем і белагвардзейскую банду”. Бой наш пачаўся з чатырох гадзін вечара, і прадаўжалі мы да дзевяці гадзін вечара. Многа іхных бранявікоў накідваліся на нас, але мы разьбівалі іх. Мы гналі іх да Чорнага мора”.

Так у 1967 годзе прыгадвалі даўнія часы ўдзельнікі бальшавіцкай кастрычніцкай рэвалюцыі.

Нагадаю, сёньня госьць нашай перадачы – колішняя супрацоўніца нашага радыё Яніна Каханоўская. Яна распавядае далей, з кім ёй давялося працаваць у нью-ёркскім бюро ў канцы 60-х гадоў ХХ стагодзьдзя.

(Каханоўская: ) “Былі яшчэ гэтак званыя фрылэнсы [freelancers]. Гэта Стась Станкевіч, Юры Бальшухін. Гэты Юры Бальшухін пісаў вельмі добрыя фэльетоны, а начытвала я і Адамовіч у такім гумарыстычным стылі. Потым прыходзіў раз на тыдзень уладыка Васіль, які вёў рэлігійную перадачу. А часам дасылалі скрыпты проста людзі, знаёмыя літаратары. Юрка Віцьбіч быў такі вельмі добры і іншыя беларускія пісьменьнікі. І тут я мушу шчыра адзначыць, што Янка Запруднік быў надзвычайным дырэктарам. Яго ўсе любілі. Ветлівы, дэлікатны, гатовы кожнаму дапамагчы. На высокім узроўні трымаў усе перадачы. Яго вельмі паважалі ня толькі ў нашым беларускім аддзеле, але і ў іншых”.

Гаварыла Яніна Каханоўская. Гутарку зь ёй мы працягнем у нашай наступнай перадачы.

I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце яшчэ адзін фрагмэнт аўтэнтычнага эфіру 1967 году.

(Дыктарка: ) “Спрачаюцца як ведама найчасьцей словамі – важкімі, лёгкімі, а часам якімі-пападзя. Пра важкія словы афарызмаў і розных іншых выслоўяў вядзецца гаворка ў нашым сёньняшнім фельетоне “Ад перамогі да перамогі”. Ля мікрафону Васіль Крыцкі”.

(Крыцкі: ) “Але ж бываюць і важкія словы, і глыбокія выслоўі. Ну хоць бы гэткае: “Абаранак – гэта дзірка, абведзеная печаным цестам”. Мудрыя словы завуцца афарызмамі. Афарызмы творацца часам то філёзафамі, паэтамі, то тымі таямнічымі істотамі, што складаюць адрыўныя календары. Фактычна з календароў гэтых мы найбольш даведваемся розныя ісьціны. Скажам, пра гэткую: “Лепш быць багатым і здаровым, чымся бедным і хворым”. Найкаштаўнейшы аднак афарызм выславіў ня гэтак даўно адзін кіраўнічы таварыш у Навасібірску. А было гэтак. У Навасібірску не стае мэбляў. Чаму яно гэтак, не магу вам сказаць. Як быццам бы мэблі робяцца з дрэва... (шум глушылак)”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG