Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не трымайце нас за дурняў», — генэрал Кэлаг пра зьняцьцё часткі санкцыяў ЗША з «Белавія»


Кіт Кэлаг і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 21 чэрвеня 2025
Кіт Кэлаг і Аляксандар Лукашэнка, Менск, 21 чэрвеня 2025

Злучаныя Штаты зьнялі частку санкцыяў з авіякампаніі «Белавія» найперш зь меркаваньняў бясьпекі палётаў, а таксама каб пазбавіць беларускія ўлады магчымасьці выкарыстоўваць самалёты для «гнюсных мэтаў».

Аб гэтым на Варшаўскім форуме ў бясьпецы заявіў спэцпрадстаўнік прэзыдэнта ЗША, генэрал Кіт Кэлаг, паведамляе партал «Люстэрка».

Кэлагу задалі пытаньне аб прычынах зьняцьця некаторых санкцыяў зь беларускага нацыянальнага авіяперавозчыка, на што ён адказаў, што гэтае рашэньне «даволі простае»:

«Гаворка ідзе пра авіякампанію, якая ў асноўным лётае на „Боінгах“ або „Эйрбасах“. Яны б хацелі, каб іх самалёты ня падалі зь неба».

Паводле яго слоў, Вашынгтон даў зразумець афіцыйнаму Менску, што гатовы пайсьці на саступкі, каб гарантаваць бясьпеку палётаў, але высунуў сустрэчныя ўмовы.

«Наш камэнтар на іх адрас быў такім: „Прывядзіце ў парадак сваю авіякампанію, каб вы маглі лётаць на сваіх самалётах з запчасткамі „Боінга“, і мы здымем гэтыя санкцыі, гэтую іх частку. Але вы не павінныя выкарыстоўваць іх у гнюсных мэтах“», — падкрэсьліў прадстаўнік Дональда Трампа.

У якасьці прыкладу «гнюсных мэтаў» Кэлаг прывёў перавозку мігрантаў у Беларусь для наступнай нелегальнай перапраўкі іх празь мяжу ў ЭЗ, што, паводле яго слоў, «часам адбываецца».

«Гэта нашае патрабаваньне як бы кажа: „ОК, мы бачым, што адбываецца, не трымайце нас за дурняў“», — дадаў генэрал.

11 верасьня намесьнік спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам абвясьціў аб зьняцьці санкцый з «Белавія». Пазьней Бюро прамысловасьці і бясьпекі Мінгандлю ЗША ўдакладніла, што абмежаваньні зьнятыя з васьмі самалётаў «Боінг», якія зараз могуць выконваць міжнародныя рэйсы і праходзіць тэхабслугоўваньне з выкарыстаньнем амэрыканскіх запчастак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG