Калі прызначаць працэс над Артурам Фінькевічам? Чым будзе займацца ў калёніі Андрэй Клімаў? Як пачуваецца вязень шклоўскай калёніі Зьміцер Дашкевіч? Вязьні ў калёніі, дзе трымаюць Аляксандра Казуліна, сачылі за тым, як палітыка віншавалі з днём народзінаў госьці калёніі.
Лісты А.Фінькевіча падымаюць настрой паплечнікам
Прайшло ўжо болей за два тыдні як справу маладзёвага актывіста Артура Фінькевіча перадалі ў суд і нават вызначылі, хто з судзьдзяў будзе весьці працэс. А ці прызначылі дзень, калі пачнецца працэс? Я дазваніўся да актывісткі Касі Галіцкай. Дзяўчына кажа, што Артур даслаў з турмы ліст, зь якога вынікае, што дата пачатку суду яму невядомая.
“Ён у бадзёрым настроі. Піша нам такія аптымістычныя лісты, што нам падымае настрой, а ня мы яму. Усё наадварот. Пра справу сваю нічога ня піша. Пра ўмовы ўжо пісаў, што яны значна лепшыя за тыя, якія ёсьць, калі сядзіш як адміністрацыйна арыштаваны, толькі што маральна цяжэй. І кантынгент там іншы. Не бамжы ці алькаголікі, а людзі са значна больш сур’ёзнымі рэчамі”.
Нагадаю, Артуру Фінькевічу, які адбывае ў Магілёве “хімію” за палітычныя графіці, пагражае трохгадовае зьняволеньне за парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня.
“Настаўляе вязьняў на добры шлях”
Палітвязьня Андрэя Клімава, якога трымаюць у Мазырскай калёніі строгага рэжыму, наведала жонка Тацяна. Высьветлілася, што Клімава прызначылі працаваць на шкоднай вытворчасьці: там, дзе ад ізаляцыі з дапамогай хімічных рэчываў ачышчаюць медныя драты. Андрэй Клімаў выказаўся супраць такога разьмеркаваньня, паколькі ў яго хворае сэрца, а такая вытворчасьць лічыцца вельмі шкоднай. Пакуль да вязьня прыслухаліся, і канчатковае рашэньне аб ягоным працаўладкаваньні не прынятае.
Тацяна Клімава нагадала, што яе муж просіць людзей дасылаць яму ў турму лісты і таксама DVD-дыскі для прагляду відэафільмаў. На дрэннае стаўленьне да сябе з боку сакамэрнікаў Андрэй Клімаў ня скардзіцца.
“Канешне, Андрэй адчувае сябе іншародным элемэнтам сярод такіх людзей, і яму даюць гэта зразумець, але ён сказаў, што калі яму ўдасца наставіць на добры шлях хаця б аднаго асуджанага, вярнуць яго да нармальнага жыцьця, ён будзе лічыць, што жыў не дарэмна”.
Былы дэпутат Андрэй Клімаў трэці раз за кратамі. Ён пакараны на два гады зьняволеньня за артыкул у інтэрнэце, у якім нібыта заклікаў супроць дзейнай ўлады.
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч за мінулы тыдзень зноў не даслаў сваякам зьвестак пра сябе. У Шклоўскай калёніі, дзе трымаюць актывіста, адмаўляюцца паведаміць, як пачуваецца Зьміцер Дашкевіч.
Апэрацыі пашкодзіла кансьпірацыя?
Цікавы ліст даслаў сваякам Аляксандар Казулін. Нагадаю, два тыдні таму ў яго адбылося трохдзённае спатканьне з жонкай і дочкамі, якое прыпала на дзень народзінаў. У той жа дзень ў калёнію павіншаваць вядомага палітыка прыехалі калегі па партыі, праваабаронцы, журналісты. Аказваецца, каб ім замінаць, у нядзелю былі мабілізаваныя супрацоўнікі адміністрацыі калёніі. Падрабязнасьці Аляксандар Казулін даведаўся ад сукамэрнікаў, распавяла дачка палітыка Вольга.
“Калі ён вярнуўся ў калёнію пасьля спатканьня, то высьветліў, што па “бяздротаваму тэлеграфу” ўся калёнія ўжо ведала, як прайшла “апэрацыя дзень нараджэньня Казуліна”. Што гэта была за апэрацыя? Аказваецца, шмат каго з супрацоўнікаў прымусілі дадаткова працаваць у тую нядзелю. Некаторыя міліцыянты пераапрануліся ў рабочых і пілавалі дрэвы на дарозе, якая вядзе да калёніі. Шмат у якіх месцах перагарадзілі дарогу, каб не даехалі людзі, якія выправіліся павіншаваць тату. Ён з гэтай прычыны жартуе, што, як звычайна, шараговым міліцыянтам давялося ахвяраваць сваімі выходнымі”.
Нагадаю, учора ў Вашынгтоне адбылася сустрэча прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам, дзяржсакратаром Кандалізай Райс ды іншымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША. У тым ліку было пацьверджана патрабаваньне тэрміновага вызваленьня Аляксандра Казуліна ды іншых беларускіх палітвязьняў.
Калі прызначаць працэс над Артурам Фінькевічам? Чым будзе займацца ў калёніі Андрэй Клімаў? Як пачуваецца вязень шклоўскай калёніі Зьміцер Дашкевіч?
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1