Падставай для папярэджаньня стаў ліст, які сябры партыі паўгода таму распаўсюдзілі ў дзяржаўных органах. Міністэрства юстыцыі прапануе спыніць распаўсюджваньне ліста і прызнаць яго распаўсюд памылковым дзеяньнем. У выпадку невыкананьня партыю ліквідуюць.
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ “Адраджэньне” Зянон Пазьняк лічыць, што рэакцыя ўладаў выклікана некалькімі прычынамі, адна зь якіх – станоўчая рэакцыя на ліст з боку чыноўнікаў.
Ліст з заклікам спыніць асыміляцыю беларускага народа мае вытрымкі з расейскіх слоўнікаў з тлумачэньнем паняцьця асыміляцыі. Аўтары ліста тлумачаць, што працэс асыміляцыі беларускага народа захлынецца, як толькі пачне пашырацца ўжываньне беларускай мовы. Яны заклікаюць чыноўнікаў скарыстаць канстытуцыйны статус дзяржаўнасьці беларускай мовы.
Паводле Мін’юсту, ліст парушае нормы Канстытуцыі наконт свабоды выбару мовы.
Вось цытата з гэтага ліста: “Неабходна перакуліць на 180 градусаў скіраванасьць выказваньня: “Чалавек павінен мець права выбару, на якой мове яму гаварыць”. “Мы робім выбар на карысьць беларускай мовы”. Так можна адказаць любому чынадралу-асымілятару, які атабарыўся ў структурах вэртыкалі рэжыму, калі ён спытае: “Что это ты перешёл на белорусский?”.
Зянон Пазьняк паведаміў «Свабодзе»:
«Таму што вельмі добра ва ўсім сьвеце гэта было ўспрынята. Я маю шмат водгукаў, і абмяркоўваецца гэта. Вельмі добра ліст успрыняты на Захадзе. І вельмі добра ўспрынялі ліст тыя людзі, каму яго даслалі. Вярнуўся толькі адзін нераздрукаваны ліст. Усе атрымліваюць, паміж сабой абмяркоўваюць, і ёсьць эфэкт. Відаць, каму трэба і дзе трэба, гэта прааналізавалі і прынялі меры. Ня мае значэньня, якія. Сказана – зроблена”.
Калі ў пэўныя тэрміны патрабаваньне Мін’юсту ня будзе выканана, пачнецца судовая працэдура ліквідацыі партыі. Зянон Пазьняк запэўніў, што такая пэрспэктыва яго ніколькі не палохае.