Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыню Партыі БНФ абяруць заўтра


Belarus - BNF party logo (Pahonia)
Belarus - BNF party logo (Pahonia)

У другім туры галасаваньня “за” Вінцука Вячорку было аддадзена 118 галасоў, “за” Алеся Міхалевіча – 110 галасоў.


За старшыню павінна прагаласаваць больш паловы дэлегатаў - 121.

Вынікі першага туру галасаваньня на старшыню Партыі БНФ. “За” Вінцука Вячорку – 107, “За” Віктара Івашкевіча – 26, “За” Алеся Міхалевіча – 104.

Пасьля абвяшчэньня вынікаў першага туру галасаваньня, да дэлегатамі зьезду зьвярнуўся Віктар Івашкевіч. Ён заявіў, што ў другім туры будзе галасаваць за Вінцука Вячорку. “Міхалевіч павінен прайсьці вялікі шлях, каб стаць публічным палітыкам”, - заявіў В.Івашкевіч.

На пасаду старшыні Партыі БНФ вылучаныя Вінцук Вячорка, Алесь Міхалевіч і Віктар Івашкевіч. Кожны зь іх выступіў з 10-хвіліннай прамовай.

Міхалевіч: “Я не дазволю Партыі БНФ удзельнічаць у кааліцыях толькі дзеля кааліцыяў. Партыя павінна супрацоўнічаць з ідэйна блізкімі сіламі... Апошнімі гадамі партыя хутчэй дэградавала, чым разьвівалася... Мілінкевіч - лідэр, а Вячорка адмовіўся ад супрацоўніцтва”.

Вячорка: “Партыя БНФ - адзіная нацыянальна адказная палітычная сіла. Патрэбныя ясныя прынцыпы ўдзелу ў кааліцыях. Мы можам удзельнічаць у іх, калі незалежнасьць ёсьць абсалютнай каштоўнасьцю”.

Івашкевіч: “Партыя БНФ павінна праводзіць кампанію за свабодныя выбары. Павінна з адной з партыяў АДС пераўтварыцца ў лідэра нацыянальнага руху. Павінна ўзяцца за стварэньне шырокага эўрапейскга руху, а не аддаваць гэта асобным людзям.... 14 сьнежня ў Менск прыяжджае Ўладзімер Пуцін. Заклікаю 12-га выйсьці на Кастрычніцкую плошчу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і сьцягамі Эўразьвязу. Калі ніхто ня выйдзе, я выйду сам, бо я разумею што нехта павінен паказаць прыклад рэальных дзеяньняў”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка склаў свае паўнамоцтвы.

"Я складаю свае паўнамоцтвы з пачуцьцём аптымізму і верай у тое, што БНФ перажыве крызысны стан, умацуе адзінства сваё і дэмакратычнай апазыцыі, а таксама працягне сваё пераможнае змаганьне за нацыянальна-дзяржаўнае адраджэньне Беларусі", — сказаў Ю.Хадыка.

Дэлегаты зьезду праз галасаваньне прызналі дзейнасьць кіраўніцтва Парты БНФ задавальняючай.

Раней са справаздачамі выступілі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка і ягоныя намесьнікі Аляксей Янукевіч, Юры Хадыка, Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч.

Вінцук Вячорка заявіў: “Праз некалькі дзён пасьля нашага зьезду, у Менск прыяжджае прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Прыяжджае на 2 дні з пакуль што не яснай мэтай, але мы як незалежніцкая сіла, як нацыянальна адказная сіла павінна зразумела абазначыць сваю пазыцыю. Нас чакаюць няпростыя выклікі ў наступныя гады”.

“Наша трывога за зьберажэньне незалежніцтва Беларусі сёньня сталі агульным грамадзкім настроем. Да 90% нашым суайчыньнікаў лічаць незалежнасьць асноватворнай каштоўнасьцю”, - падкрэсьліў В.Вячорка.

Адказваючы на крытыку, што партыя надта шчыльна супрацоўнічае з камуністамі, што гэта стала прычынай страты пазіцыяў у аб’яднаных дэмакратычных сілаў, В.Вячорка заявіў: “Ня трэба ствараць нам фальшывых цэляў. Мы змагаемся не з камуністамі, а з існуючым сёньня ў Беларусі рэжымам”.

Алесь Міхалевіч заявіў: "Цяперашні старшыня Партыі БНФ не змог выкарыстаць дасягнутыя падчас выбарчай кампаніі 2006 года перавагі і адмовіўся ад далейшага цеснага супрацоўніцтва з палітыкам Мілінкевічам".

Паводле Алеся Міхалевіча, праца з былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам застаецца для партыі "стратэгічна важнай".

Кіраўнік гарадзенскай філіі Сяргей Мальчык: “Фронт больш ня можа дазволіць сабе працаваць на дзядзю - на АДС ці на Мілінкевіча. Фронт павінен заняцца сабой”.

Партыя БНФ, лічыць намесьнік старшыні Віктар Івашкевіч, працуе пасьпяхова. Доказам, паводле ягоных слоў, стаў лістападаўскі маніторынг недзяржаўных газэт і інтэрнет-сайтаў: 58% памянёных у публікацыях апазыцыянэраў зьяўляюцца сябрамі партыі.

Прэтэндэнты на старшыню ў дакумэнтах зьезду прадстаўляюць свае праграмы і прынцыпы працы:

Вінцук Вячорка: Якім я не хачу бачыць БНФ. Я не хачу і не дазволю, каб кіраўніцтвам БНФ маніпулявалі, каб псыхалягічна і фінансава залежылі ад такім маніпулятараў. Я не хачу і не дазволю – на маю думку, адзіную у Беларусі ідэйную партыю - пераўтвары ў “НГО-шку” для палітбізнэсу невялікай групы людзей.

Міхалевіч: Праз зьмены ў партыі – да зьменаў у краіне. Праз зьмены ў партыі прыйсьці да зьменаў у краіне. Партыя БНФ павінна быць ва ўладзе ў Беларусі.

Імкнуцца да сумесных дзеяньняў у першую чаргу з роднаснымі ідэалягічна палітычнымі партыямі і грамадзкімі арганізацыямі: Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя, КХП-БНФ, Рух “За свабоду!”, "Малады фронт", "Правы альянс".

Віктар Івашкевіч: У 2008 годзе Партыя БНФ абавязана ўзначаліць сацыяльныя пратэсты пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, “бо інакш іх узначаляць крамлёўскія стаўленікі пад сьцягам аб’яданьня з Расеяй”. Патрабаваць правядзеньня свабодных выбараў, вызваленьня палітвязьняў, уключэньня прадстаўнікоў Парты і БНФ у выбарчыя камісіі. Перамога ў выбараў стварэньне фракцыі БНФ ў Палаце прадстаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG