З дэлегатамі зьезду ад Менску і іншых рэгіёнаў Беларусі гутарыць карэспандэнтка “Свабоды”.
Карэспанжэнтка: “Сябра сойму БНФ Вацлаў Арэшка, якія вашы ўражаньні ад хады зьезду?”
“Зьезд ідзе нармалёва, менш канфліктна, чым некаму здавалася раней”.
“Мяне завуць Аўсенка Аляксандр, я зь Пінску. Ідуць нармалёвыя дыскусіі ў эўрапейскім стылі, ёсьць здаровая канкурэнцыя. Так і павінна быць”.
“Я Эдуард Брокараў – кіраўнік партыйнай арганізацыі Горацкага раёна. Цалкам станоўчыя ўражаньні, тут людзі займаюцца справай. Ёсьць рэцыдывы камуністычных справаздачаў і так званых “наездаў” на сваіх праціўнікаў. Але ж цалкам у нас ідзе нармалёвая партыйная праца. І калі Вячорка будзе кіраўніком партыі, то гэта будзе добра, і калі Міхалевіч – гэта будзе добра, і калі Івашкевіч – таксама будзе ня горш”.
“Мяне завуць Рыгор Кастусёў, я прыехаў са Шклова, зьяўляюся кіраўніком Магілеўскай абласной арганізацыі БНФ. І для мяне самае галоўнае – і спадзяюся, што ў фронце гэта сёньня будзе вырашана – палепшыць выкарыстаньне таго патэнцыялу, які ёсьць у фронце”.
Карэспандэнтка: “Якія вашыя ўражаньні і якія спадзяваньні ўскладаеце на вынік зьезду?”
“Мяне завуць Палуда Андрусь, я прыехаў з Магілёўшчыны – усходу нашай краіны. Ад зьезду я найперш чакаю таго, каб партыя імкнулася да пераменаў. Спадзяюся, што гэты зьезд толькі надасьць гэтаму дынамікі і гэта партыю толькі ўмацуе”.
“Барыс Вырвіч, Бялынічы. Уражаньне пакуль самае станоўчае, пачатак працы зьезду атрымаўся даволі пасьпяховым, дыскусія рухаецца ў каструктыўным рэчышчы. І, канечне ж, ад зьезду я найперш чакаю пераменаў. Палітычная партыя не павінная застацца культурніцкай арганізацыяй. Палітычная партыя павінная адпавядаць сваёй назьве і быць скіраванай на палітычныя чыньнікі”.
“Алег Юркін -- намесьнік старшыні Кастрычніцкай рады суполкі БНФ у Менску. Я спадзяюся, што ў выніку гэтага зьезду, па-першае, фронт застанецца адзіным цэлым. Па-другое, што ён наладзіць дзейную і эфэктыўную працу. І спадзяюся, што на наступным зьезьдзе ўжо з урадавых пазыцый будзем наступаць. Вось гэта мае спадзяваньні”.