Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Папеж бліжэй зацікавіўся студэнтамі і выпытваў зь якіх яны мяйсцоў беларускіх” (1926)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 26 верасьня.

“Беларуская крыніца”, 1926 год:

“Некалькі месяцаў таму Папа прыняў беларускіх ксяндзоў студэнтаў, адбываючых у Рыме навукі. Давёў іх да Папежа стары мніх італьянец, які прадставіў іх як палякоў. На гэта адзін з ксяндзоў студэнтаў адазваўся: “Мы не Палякі, а Беларусы”. Пасьля гэтага Папеж бліжэй зацікавіўся студэнтамі і выпытваў зь якіх яны мяйсцоў беларускіх. Гэтым усім былі дужа незадаволены студэнты Палякі, прывыкшыя ўсіх каталікоў у Польшчы лічыць “польскай веры”.

“Комуніст”, 1936 год:

“Учора ў рэдакцыю газеты зайшла група дзяцей ва ўзросце ад 4 да 6 год. Групу ўзначальваў больш смелы пяці гадовы хлапчук Валя Іскра — сын лейтэнанта. Зайшоўшы ў адзін з пакояў рэдакцыі, Валя прагаварыў: “Перашліце нашы грошы ў Іспанію”. Тут жа Валя паклаў на стол 1 рубель. Чатырохгадовая Ніна Серагова ўнесла 1 руб. 10 капеек, шасцігадовыя Люба Кацнельсон і Надзея Чэрнякова ўнеслі па 1 рублю”.

“Рэспубліка”, 1996 год. Зварот Канстытуцыйнага суду Беларусі:

“1. Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь і дэпутатам Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, якія ініцыявалі вынясеньне праектаў Канстытуцыі на рэфэрэндум, адклікаць свае прапановы.

2. Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнаму Савету… прыняць усе залежныя ад іх захады дзеля стабілізацыі абстаноўкі й зацьвярджэньня канстутыцыйнай законнасьці й правапарадку, будаваць свае дачыненьні на аснове дзейнай Канстытуцыі і законаў…

3. З улікам складанасьці гістарычнага пэрыяду… не спрабаваць у найбліжэйшы час зьмяніць Асноўны Закон дзяржавы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG