Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Зэеў Бэн Ар’е, Барыс Пятровіч, Віктар Скорабагатаў


Радыё Свабода (эфір 17 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла.

ЛІТПРАЦЭС

Пасол Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е ўпершыню перакладае творы Быкава на іўрыт

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Ізраілю ў Менску Зэеў Бэн Ар’е за паўтары гады працы ў Беларусі ня толькі вывучыў беларускую мову, але і пачаў перакладаць на іўрыт творы Васіля Быкава. У інтэрвію нашай карэспандэнтцы Валянціне Аксак ён прачытаў урывак са свайго перакладу.

(Валянціна Аксак: ) “Спадар пасол, як вам удаецца спалучаць дзьве такія розныя місіі — амбасадара і перакладчыка?”

(Зэеў Бэн Ар’е: ) “Цікавасьць да літаратурных перакладаў у мяне даўняя. І спалучаў я яе ня толькі з працаю дыплямата, але і з журналістыкай, якой шмат гадоў займаўся ў Ізраілі. Пачынаў я перакладаць з іўрыту на расейскую мову, бо хацелася, каб пра цікавых ізраільскіх пісьменьнікаў даведаліся ў расейскамоўным чытацкім коле.

Калі я перайшоў на дыпляматычную працу, якая пачалася для мяне з адкрыцьця амбасады Ізраілю ў Кіеве, самае мастацкае, што выходзіла з-пад майго пяра, быў запыт у МЗС Ізраілю аб закупе крэслаў для амбасады, альбо аналіз палітычнай сытуацыі ва Ўкраіне. Але паступова перакладчыцкая праца рабілася больш звыклаю, тым больш, што культурныя і літаратурныя сувязі — гэта таксама абавязкі амбасадара.

Неяк мы выдалі нумар украінскага часопісу “Всесвіт”, прысьвечаны выключна габрэйскай і ізраільскай культуры. Там зьявіўся і мой пераклад зь іўрыту на ўкраінскую мову. У Менску я не адчуваю пакуль, што валодаю беларускаю моваю дастаткова, каб перакладаць на яе ізраільскую літаратуру.

А як сумяшчаю перакладніцтва з працаю амбасадара? Перакладаю пераважна па вечарах, па выходных, але і ў працоўны час на стале стаіць партатыўны кампутар, на якім я, на нейкі час адрываючыся ад асноўнай працы, друкую па некалькі сказаў перакладаў”.

(Аксак: ) “А калі вы ўпершыню пазнаёміліся з творчасьцю Васіля Быкава?”

(Зэеў Бэн Ар’е: ) “Пры канцы 60-х, яшчэ ў пэрыяд свайго даізраількага жыцьця. Галоўнае, што памятаю з таго часу, — гэта захапленьне адвагаю пісьменьніка ў тыя застойныя часы.

Калі я прыехаў у Менск, дык пачаў чытаць Быкава, шчыра кажучы, найперш дзеля ўдасканаленьня сваёй беларускай мовы. Але практычна адразу Быкаў стаў для мяне Быкавым — не падручнікам беларускай мовы і не ўзорам беларускай літаратуры, у якой так шмат імёнаў, як добра вядомых шырокаму колу чытачоў (Купала, Колас, Караткевіч, Багдановіч), так і менш вядомых за межамі Беларусі (Стральцоў, Казько, Някляеў, Арлоў, Падгол, Законьнікаў, Тарас, Кудравец).

Але Быкаў — гэта Быкаў. Гэта зьява, якая выходзіць далёка за межы беларускай прозы. У творчасьці Быкава, — пры ўсёй яе неадрыўнасьці ад культуры, ад душы Беларусі, — найглыбейшыя агульначалавечыя катэгорыі: праўды і хлусьні, чалавечай годнасьці і яе ўціску, і далей рэакцыі на гэты ўціск. І для сутыкненьня гэтых якасьцяў Быкаў знайшоў адмысловую літаратурную форму, што, як куля, трапляе ў душу чытача”.

(Аксак: ) “Я ведаю, што вы перакладаеце творы Быкава на іўрыт. Якія творы вы ўжо пераклалі?”

(Зэеў Бэн Ар’е: ) “Спачатку я праверыў, наколькі мажліва, што ўжо перакладзена, і са шкадаваньнем даведаўся, што перакладаў Быкава на іўрыт увогуле не існуе. Хапацца адразу за буйныя формы ня стаў, таму што гэта быў мой першы досьвед перакладу на іўрыт. Ды і выданьне кнігі — справа заўсёды складаная, якая патрабуе сродкаў. Таму вырашыў пачаць з апавяданьняў. Пераклаў два, якія мне асабліва спадабаліся, — “Бедныя людзі” і “Вочная стаўка”.

Рызыкну заняць яшчэ хвілінку радыёчасу, каб Быкаў упершыню прагучаў у эфіры на іўрыце (чытае пачатак апавяданьня Быкава “Бедныя людзі”).

(Аксак: ) “Скажыце, калі ласка, дзе і калі ізраільскія чытачы змогуць прачытаць творы Быкава ў вашым перакладзе?”

(Зэеў Бэн Ар’е: ) “Бедныя людзі” мусяць выйсьці ў найбліжэйшым нумары часопісу ізраільскай суполкі пісьменьнікаў “Гаг” (“Дах”), а “Вочная стаўка” ляжыць у рэдакцыях двух сур’ёзных літаратурных часопісаў.

Хачу дадаць, што “Бедныя людзі” зацікавілі вядомага ізраільскага драматурга Моці Лернэра. Ён зьбіраецца напісаць паводле апавяданьня пьесу і паставіць яе”.

(Аксак: ) “Летась на прэзэнтацыі кнігі Васіля Быкава, якая выйшла ў Кіеве ў перакладзе на ўкраінскую Аляксандра Ірванца вы сказалі, што ўкраінская мова для вас — другая пасьля роднай. А якое месца ў герархіі вашых лінгвістычных здольнасьцяў займае беларуская мова, на якой вы так добра зараз гаворыце?”

(Зэеў Бэн Ар’е: ) “Гэтыя парадкавыя нумары моваў цяжка вызначыць. Першых у мяне дзьве: іўрыт, зь якім жыву больш за трыццаць год, і расейская, зь якой жыў першых дваццаць шэсьць гадоў. Далей ідуць ангельская, зь якой працаваў зь юнацкага ўзросту, і ўкраінская, якая цеплілася ў душы зь дзіцячых год і была нанова вывучаная і палюбілася за гады працы ва Ўкраіне. Беларускую мову вывучыў за паўтары гады працы ў Менску, разумею яе, чытаю беларускіх пісьменьнікаў. Шмат зь кім зь іх знаёмы, зь некаторымі сябрую. Яны размаўляюць са мной па-беларуску, я адказваю ім такімі ж беларускімі словамі”.

АЎТАР І ТВОР

Барыс Пятровіч: “У “Дзеяслове” зьявіцца невядомая аповесьць Васіля Быкава “Бліндаж”

Мінулася два гады зь дня сьмерці Васіля Быкава. І ўвесь гэты час часопіс “Дзеяслоў” з нумара ў нумар публікуе літаратурную спадчыну пісьменьніка: аповесьці, прыпавесьці, дзёньнікавыя запісы, лісты. Рэдакцыя і надалей мяркуе знаёміць сваіх чытачоў зь невядомым Быкавым. Пра пляны часопіса яго галоўны рэдактар расказаў Міхасю Скоблу.

(Міхась Скобла: ) “Калі пачаў выходзіць “Дзеяслоў”, Васіль Быкаў ужо жыў за мяжою. Як пачалося ваша зь ім супрацоўніцтва?”

(Барыс Пятровіч: ) “Калі мы рыхтавалі да друку першы нумар, я патэлефанаваў Васілю Ўладзімеравічу ў Прагу і папрасіў дазволіць публікацыю ягонага апавяданьня, якое ў нас было. Ён зьдзівіўся, але пагадзіўся й пажадаў “Дзеяслову” посьпеху, дабраславіў на добры шлях. На жаль, гэты твор у нас надрукаваны ня быў, бо выявілася, што ён ужо публікаваўся, толькі пад іншай назвай. Таму першы нумар атрымаўся бяз Быкава. Але я ведаю, што “Дзеяслоў ён чытаў” і першыя тры нумары, якія выйшлі пры ягоным жыцьці, меў у сябе. Нумар пяты часопіса быў прысьвечаны памяці Быкава. А пачынаючы зь сёмага нумара, мы пачалі ў кожным нумары друкаваць быкаўскую прозу: аповесьць, апавяданьні, прыпавесьці, запісы розных гадоў, лісты. І працягваем гэта рабіць і да сёньня”.

(Скобла: ) “Друкаваць Быкава адказна і прэстыжна. Аднак, я ведаю, што “Дзеяслоў” меў і праблемы, зьвязаныя менавіта з публікацыяй быкаўскіх твораў”.

(Пятровіч: ) “Так, гэта было адразу пасьля надрукаваньня аповесьці “Аўганец”. Памятаю, пасьля паседжаньня ўправы Літфонду тагачасны яго старшыня сэнатар Мікалай Чаргінец падышоў да мяне й спытаўся: “Ці праўда, што вы надрукавалі “Аўганца? А там не пра мяне?” “Не, кажу, не пра вас.” “А дайце пачытаць.” “Калі ласка, чытайце.” І неўзабаве мы даведваемся, што кіраўніцтва “Белкнігі” атрымала ліст разгневаных вэтэранаў, якія зьвінавацілі “Дзеяслоў” у “амаральнасьці”. Маўляў, у часопісе ўжываецца ненарматыўная лексыка. Я б параіў вэтэранам зазірнуць на паліцы кнігарняў і паглядзець, што там прадаецца. А там і сёньня можна адшукаць сумнавядомы раман Чаргінца “Тайна Авальнага кабінэту”. Магчыма, слухачы “Свабоды” чыталі рэцэнзію на яго Аляксандра Фядуты (была ў “Нашай Ніве”). Там ёсьць такі-і-я цытаткі…Чамусьці нашых вэтэранаў-маралістаў падобныя творы не бянтэжаць. Васіль Быкаў і “Дзеяслоў” “такой лексыкі” сабе ніколі не дазвалялі”.

(Скобла: ) “Быкаў прысутны ў кожным нумары “Дзеяслова”, пачынаючы з №7. Гэтая завядзёнка будзе працягвацца?”

(Пятровіч: ) “Тое, што спадчына Васіля Быкава друкуецца ў “Дзеяслове”, — гэта заслуга найперш нястомнай Ірыны Міхайлаўны Быкавай. Мы ёй вельмі ўдзячныя. У апошнія гады, нягледзячы на цяжкую хваробу, Быкаў шмат працаваў і пакінуў па сабе вялікую спадчыну. Апроч таго, ён вельмі адказна і патрабавальна ставіўся да сваіх твораў, і таму засталіся рэчы, якія былі напісаныя даўнавата, але не аддадзеныя ў друк. І вось Ірына Міхайлаўна нядаўна перадала нам аповесьць “Бліндаж”, якая датаваная 1987 годам. Аповесьць няскончаная. Яна згадваецца у быкаўскім лісьце да маскоўскага крытыка Ігара Дзядкова: пісьменьнік зазначае, што “Бліндаж” яму ў нечым не падабаецца. Як бачым, Быкаў яе адклаў і пазьней да гэтага твора не вярнуўся. Але захаваліся запісы працягу і сканчэньня сюжэту. Мы плянуем надрукаваць аповесьць у першым восеньскім нумары. Апроч таго, мы працягнем друкаваць эпісталярную спадчыну Быкава, яго запісы, дадаткі да “Доўгай дарогі дадому”.

(Скобла: ) “Ты маеш дачыненьне да выданьня Збору твораў Быкава ў 14-ці тамах. На якой стадыі знаходзіцца праца?”

(Пятровіч: ) “Выйшлі ўжо шэсьць тамоў. Прычым, 4-ы, 5-ы і 6-ы тамы былі надрукаваныя ў Маскве яшчэ перад прэзыдэнцкімі выбарамі. На жаль, пакуль што яны й цяпер знаходзяцца там, на складзе. Аднак, у найбліжэйшы час яны трапяць у Беларусь. Дарэчы, у 4-м томе зьмешчаная малавядомая аповесьць Быкава “Апошні баец”. Яна друкавалася толькі ў газэце “Чырвоная зьмена” ў 1958 годзе і з тае пары нідзе не перадрукоўвалася”.

(Скобла: ) “Маючы на ўвазе быкаўскі пэсымізм, Ларыса Геніюш у адным зь лістоў пісала: “Быкаў — гэта цёмная ноч, дзе нават зораў не відно”. А ты — ці бачыш зоры на быкаўскім небе?”

(Пятровіч: ) “Я не хачу спрачацца з Ларысай Геніюш. Як мне бачыцца Быкаў? Гэта месяц, які выходзіць з-за хмараў і асьвятляе нашае жыцьцё. Можа, камусьці не падабаецца тое, што мы бачым пры сьвятле гэтага месяца. Можа, мы ўдзень і не заўважаем таго, што ён нам асьвятляе. Але і такія рэаліі маюць месца ў нашым жыцьці”.

(Скобла: ) “Што з быкаўскай школы засвоена новымі пакаленьнямі ў літаратуры? У чым урокі Быкава для моладзі?”

(Пятровіч: ) “Васіль Быкаў любіў ставіць сваіх герояў у экстрэмальныя сытуацыі. А гэткія сытуацыі бываюць ня толькі на вайне, хапае іх і ў наш час. Я думаю, што пасьлядоўнікі Быкава былі сёлета на Кастрычніцкай плошчы 19—23 сакавіка. І сёньня яны пішуць свае маладыя мэмуары, свае ўспаміны пра тыя падзеі, якія перажылі ў намётавым гарадку, у камэрах на Акрэсьціна. Так што прадаўжальнікі быкаўскай справы падрастаюць. У літаратуру ідзе вельмі цікавае пакаленьне, і часопіс “Дзеяслоў” спрычыняецца да ягонага творчага росту. У кожным нумары мы друкуем дэбютантаў. Апроч таго, нядаўна мы распачалі выпуск бібліятэчкі “Дзеяслова”, дзе будзем друкаваць найперш маладых літаратараў, каб аблегчыць ім шлях у літаратуру”.

БАРЫС ПЯТРОВІЧ З кнігі “ФРЭСКІ-3”

“БАНДЫТ”

праз дарогу кустоўя нібыта няма — там толькі вочы: глыбокія, бы глядзяць са скульптуры, пранізьлівыя, як на фрэсцы, уважлівыя, як сама сьмерць, сьмелыя, як апошні яблык на галінцы... і прагныя…

...калінка-малінка мая, у садзе ягада-малінка расла — я любіў гэтую песьню, якую часта сьпявала мама і цяпер, калі мне стала страшна, я згадаў яе... не, то былі не ваўчыныя вочы, горш — там, у кустах, быў чалавек з нямецкім аўтаматам у руках і пісталетам пад папругаю, бачна было, як сьціскае ён вусны, бы ад болю, і як ходзяць цягліцы на ягоных пашчэнках — няголеных даўно, але шчэць яшчэ ня стала барадою — атава толькі адрасла; чалавек, пэўна, быў не беларусам, альбо беларусам з чарнявых палешукоў, бо што тут рабіць грузіну ці чачэнцу з аўтаматам: абараняць за нас Радзіму? ад каго — ад нас?.. пакуль я думаў, словы мячыкамі пакаціліся ад чалавека да мяне, падрогваючы на выбоінах акцэнту — нашага, бо чалавек загаварыў па-расейску: чэго-нібудзь поесьць не найдзёцца? — сьлізганула да маіх вушэй і праляцела далей, у лес, згубілася між дрэваў ня рэхам, стогнам... я ішоў са школы, у кайстры-шаньцы ляжалі толькі стомленыя падручнікі, па якіх мяне штодня пераконваюць, як добра жывецца нам у стране саветаў, і больш нічога; раніцай там былі яшчэ і два яблыкі — дзёньнік дагэтуль пахне імі, але яблыкі я зьеў не дайшоўшы да школы, недзе тут, на гэтым павароце дарогі;

вочы сьвідруюць мяне голадам большым, чымсьці я калі-небудзь бачыў, клацае затвор аўтамата... хле-еба!.. я прынясу... абяцаю я, хоць і ня ведаю, дзе вазьму, бо дома няма ні скарыначкі... прынясу, толькі адпусьціце... глядзі, я ведаю, дзе жывеш — ужо па-беларуску кажа чалавек – буду сачыць... ён кажа праўду: ён даўно сочыць за мною — тры апошнія дні я адчуваў ягоны позірк на мне, прынамсі, калі ішоў сюдою ў школу і са школы, мяне калаціла невядомым холадам у жылах, і хацелася пасікаць, але я подбегам кідаўся наперад — цяпер разумею чаму, а адбегшы, азіраўся, усё чакаючы, што з-за кустоў выскачыць воўк і накінецца на мяне... я ведаў як бараніцца: засунуць руку па плячо ваўку ў пашчу, наваліцца ўсім целам і душыць яго, чуючы як разьдзірае ён сваімі кіпцюрамі маё цела — інакш яго не адужаеш — загрызе...

але з кустоўя выйшаў ня воўк — яму ў пашчу руку ня ўсунеш, ён хлеба хоча, а дзе яго ўзяць? ён вёску цэлую бяззбройную можа перабіць, а ня тое, што... прынясу, што-небудзь прынясу... недзе і бацька мой галадае на фроньце ці ў лягеры, а, можа, і не галадае ўжо, адгаладаў сваё... прынясу, знайду — чалавек мне паверыў і вочы сталі добрымі, наклееная суровасьць патухла... памажы, сынок... і я зноў згадаў бацьку, бо больш ніхто з мужчынаў ніколі так мяне не называў, толькі мама казала сынок, сыночак, толькі мама — з болем і радасьцю, тады незразумелымі мне, і за гэтае слова з вуснаў незнаёмца я гатовы быў слугаваць яму, бо адчуў у поглядзе ягоным і ласку, і дабро, і боль, і самоту — да мяне, але і да сябе самога, за сябе самога, гаротнага і зьнямоглага галоднага — сьцярпелага — за што? — і да мяне — бязбацькавіча, а ён, я думаю, адразу ўлавіў гэта, але не згуляў на маіх пачуцьцях, а шчыра паспачуваў мне — і я яму паверыў, не спалохаўся зброі (хоць і пазайздросьціў, што яна ў яго ёсьць — можа, потым, і пастраляць дасьць?), не пашкадаваў — галоднага, аброслага, нямытага, а проста паверыў яму — як мыш удаву — настолькі моцным было ягонае жаданьне ўнушыць мне веру, а ня страх... і я пайшоў дахаты, цьвёрда ўпэўнены, што ня пройдзе і гадзіны, як вярнуся сюды зь ня ведаю пакуль дзе здабытай ежай...

ён еў моўчкі, крыху па-сабачы зыркаючы з-пад брываў на мяне, і схіленая галава, і гэтыя позіркі раз-пораз, выдавалі ў ім зьвера — загнанага... вас шукаюць — сказаў я... ніводзін мускул ня дрогнуў у яго, ня сьцяўся ад страху, жаху ці нечаканасьці — ён ведаў гэта: не маглі не шукаць, у школе казалі, каб ніхто не дапамагаў яму, будуць лічыць саўдзельнікам, а калі хто пабачыць — трэба паведаміць у сельсавет; ён падняў вочы ад ежы на мяне, угледзеўся стомлена і ўжо трохі сыта-лена: яму хацелася спаць, а тут я са сваімі словамі, ды чалавечае ў ім перамагло зьвярынае, ён адклаў ежу і спытаўся: што, і месца называлі, дзе я хаваюся? не, казалі пра ўвесь раён, у лясах, казалі — скрываецца ўзброены бандыт, гатовы на ўсё... я не бандыт... я ведаю... адкуль ты ведаеш?.. бандыты рабуюць і забіваюць за грошы, а вы... я ня мог знайсьці патрэбнае слова, я ведаў, што забіваў ён толькі камуністаў, прысланых з усходу, за тое, што яны камуністы, але як гэта назваць... словаў “супраціў”, “ідэя” я тады яшчэ ня чуў, а тым болей — незалежнасьць, бацькаўшчына, беларушчына... ён адчуў гэта і сказаў мне: я ненавіджу прыхадняў, што прынесьлі няшчасьці на маю зямлю, ты падрасьцеш і зразумееш, што зрабілі яны з нашым краем... а яшчэ я помшчу за сваіх сяброў, за сваю сям’ю, якую прыхадні вынішчылі... ім, значыцца, можна, а нам і агрызнуцца нельга, яны ў нашым краі гаспадары і героі, а мы на сваёй зямлі бандыты... нічога, ты падрасьцеш і зразумееш, хто герой, а хто бандыт... ён замоўк, і я ўбачыў у ягоных вачах сьлёзы — сьлёзы ня роспачы, а глыбокай веры ў тое, што ён кажа, я міжволі зазірнуў яму ў вочы і нібыта прачытаў ягоныя патаемныя думкі: ён ужо далёка адгэтуль, у будучыні, якая нават у самыя змрочныя часы здаецца сьветлай... я пішу вершы, сказаў ён, хочаш пачытаю... хачу... не, раптам засаромеўся ён сваёй нечаканай шчырасьці, ня варта, пасьля, пазьней... але ці будзе тое пазьней — ня ведаем ні я, ні ён, а я бачу раптам, што ён не нашмат старэй за мяне — ну, гадоў на сем-восем, вось падрасту я, вырасту, стане мне дваццаць, і будзем мы амаль роўнымі... аднак да таго часу яшчэ дажыць трэба, а як дажыць? мне прасьцей — пайду дамоў да мамкі, а яму куды? — усюды ён чужы, усюды ён вораг...

майго брата — старэйшага — забілі немцы, кажу я, ён быў падпольшчыкам, у нас застаўся ягоны камсамольскі білет, ты такога ж узросту, як ён, і вельмі падобны да яго, я табе білет прынясу — будзе ў цябе дакумэнт, а з дакумэнтам ты ў горад зможаш пайсьці... ён ківае — добра і кажа: я з нашага атраду адзін застаўся, пад Сьвіслаччу даватарцы ўсіх перасеклі — без разбору, а я прыкінуўся забітым: сябар без галавы на мяне ўпаў і ўсяго крывёю заліў, яны падумалі — і я пасечаны, нагою штурхнулі гідліва, селі на коней і паехалі, а мне цяпер няма куды ні йсьці, ні ехаць... яны далёка, кажу я, і вайна цяпер далёка, жыць трэба... трэба, пагаджаецца ён, каб помсьціць…

заўтра я прынясу яму братаў камсамольскі білет і трохі ежы і мы з ім больш ніколі ня ўбачымся, і ня ведаю я дасюль — загінуў ён ці прыстаў дзе да жыцьця, але прозьвішча сваё рэдкае потым чуў я колькі разоў у чужых, далёкіх мясьцінах, і кожны раз думаў: а мо — то сьлед ягоны, пакінуты мне як напамін…

эх, калінка-малінка мая, у садзе ягада-малінка расла…

НОТНЫ СШЫТАК

Віктар Скорабагатаў: “Дынастыя Агінскіх з XVIII стагодзьдзя і па сёньня дае кампазытараў”

Ці існуюць у гісторыі беларускай музыкі “белыя плямы”? Так. Але зь цягам часу іх робіцца менш. Днямі фірма “Ковчег” выдала сапраўды ўнікальны альбом, складзены з твораў прадстаўнікоў дынастыі Агінскіх. Падобнага роду выданьня ня ведае ніводная краіна сьвету. З падрабязнасьцямі — Дзьмітры Падбярэзкі.

(Падбярэзкі: ) “Аматары музыкі добра ведаюць дынастыю нямецкім музыкаў Бахаў, у гісторыі музыкі засталіся й тры пакаленьні Моцартаў. Але ні тым, ні другім не па сілах зраўняцца з дынастыяй Агінскіх, адзін з прадстаўнікоў якой — Іва Залускі — зрабіўся ініцыятарам выданьня ўжо другога альбому з запісамі кампазытараў — прадстаўнікоў свайго роду. Гэтаму альбому папярэднічала выданьне ў 2001 годзе нотнага зборніку з творамі, многія зь якіх цяпер выдадзены ў гукавым варыяньце. Віктар Скорабагатаў — адзін з тых людзей, якія маюць непасрэднае дачыненьне да вывучэньня спадчыны Агінскіх. У чым жа адметнасьць гэтай дынастыі?”

(Скорабагатаў: ) “Дынастыя бярэ пачатак ад сярэдзіны ці нават ад пачатку XVIII стагодзьдзя. Бо кампазытар Караль Агінскі нам вядомы яшчэ з часоў Баха. Ад сярэдзіны XVIII стагодзьдзя і па сёньняшні дзень гэтая дынастыя мае кампазытараў. Прычым кампазытараў абсалютна сучасных у кожным пакаленьні. У гэтым сэньсе цікава зірнуць на ХХ стагодзьдзе. Войцах Астоя-Асташэўскі быў кампазытарам хутчэй джазавым, чым уласна клясычным, пострамантычным”.

(Падбярэзкі: ) “Віктар, як ты думаеш, існаваньне такой вялікай дынастыі Агінскіх — гэта адлюстраваньне проста высокага ўзроўню агульнай адукацыі гэтых людзей, ці ўсё ж такі музычны ген сапраўды перадаваўся з пакаленьня ў пакаленьне?”

(Скорабагатаў: ) “Гэта абсалютна справядліва. У той жа час мы ведаем, што такія здольнасьці перадаюцца па крыві ад пакаленьня да пакаленьня зусім не абавязкова”.

(Падбярэзкі: ) “Ацэньваючы вельмі станоўча тое, што зрабіў Іва Залускі па зборы матэрыялаў, па запісе, нават спрычыніўся да выданьня, ці можна ўсё ж казаць, што Іва Залускі выступае ня толькі як прафэсыйны кампазытар, але і як прафэсыйны піяніст? Інакш кажучы: ці могуць гэтыя творы загучаць у іншым якасным увасабленьні, калі да гэтага спрычыніцца нейкі іншы піяніст?”

(Скорабагатаў: ) “Гэта было б абсалютна нармальна. Чым больш людзей сыграла п’есу, тым больш варыянтаў прачытаньня. Мы нібыта добра ведаем ля-мінорны палянэз “Разьвітаньне з Радзімай”. Але гэта толькі нам здаецца. Па сутнасьці, Іва Залускі нам адкрыў гэтую п’есу, бо ён знайшоў ня проста тэкст, запісаны рукой Агінскага; ён знайшоў яшчэ і першыя выданьні, якія выдаваліся пры жыцьці Агінскага ды яшчэ й пры ягоным удзеле. І кадэнцыі там адрозьніваюцца. Мы добра ведаем гэты твор у выкананьні Ігара Алоўнікава, і ёсьць запіс Іва Залускага. Калі параўнаць іх як піяністаў, вядома ж, Іва Залускі выглядае аматарам побач з Ігарам Алоўнікавым. Тым ня менш, яны ж выконваюць розныя рэдакцыі гэтага палянэзу! Тое, што Іва Залускі выступіў тут як піяніст, як дасьледчык, як прапагандыст, — гэта, бясспрэчна, творчы подзьвіг”.

(Падбярэзкі: ) “Калі ўзяць усю дынастыю Агінскіх, хто найбольш яскравая постаць?”

(Скорабагатаў: ) “Кожны цікавы па-свойму. Але, бясспрэчна, унук Міхала Клеафаса Агінскага Караль Бэрнард Залускі ў гэтай дынастыі ніхто іншы, як Фэрэнц Ліст. Дастаткова паглядзець на ноты ягонага палянэзу. Па-мастацку ён напісаны проста калясальна! Караль Бэрнард быў і вайскоўцам, і чалавекам навукі, сябраваў са Шліманам, які раскапаў Трою. І калі паглядзець на ягоныя творы, можна пераканацца, што ён быў чалавекам, які ўзнаўляў старажытнагрэцкія мэлёдыі і рытмы. І ў ягоных фартэпіянных п’есах гэта відаць. Вельмі складаныя рытма-арганізацыі: дзьве чвэрці плюс тры чвэрці. Гэта не для шараговых выканаўцаў напісана, гэта напісана для віртуозаў!

Караль Бэрнард Залускі — выпускнік Венскага ўнівэрсытэту, дыплямат, рыцар мальтыйскага ордэну, паэт, полілінгвіст, шахматыст, дасьледчык музыкі і гісторыі, аўтар трохтомнай калекцыі народных песень розных краін, нарэшце, кампазытар, выканаўца-піяніст”.

(Падбярэзкі: ) “Ці ўсё, што было напісана прадстаўнікамі дынастыі Агінскіх, расшукана?”

(Скорабагатаў: ) “Здагадка пра тое, што “Ешчэ Польска не згінэла” — то бок “Мазурка Дамброўскага”, сучасны гімн Польшчы, належыць пяру Міхала Клеафаса Агінскага, бліскуча пацьверджана Анджэем Залускім літаральна гадоў восем-дзесяць таму. Ён знайшоў аўтограф. Таму я ўпэўнены, што прыйдзе час, і мы даведаемся пра розныя п’есы нават таго ж Міхала Клеафаса Агінскага. Ніхто ж дакладна ня можа сказаць, што бачыў і расчытаў усе тыя рукапісы, якія захоўваюцца ў маскоўскім архіве! Цяпер Уладзімер Рыгоравіч Шчасны нарэшце дамогся, каб мы атрымалі хаця б у копіях маскоўскі архіў Міхала Клеафаса Агінскага. А ёсьць яшчэ і ў кансерваторскім нотным архіве п’есы, напісаныя рукой Міхала Клеафаса Агінскага. Скрыпічныя п’есы. Мы ж іх ня бачылі ніколі. Мы яго ведаем як кампазытара фартэпіянных твораў, але ж любімым інструмэнтам Міхала Клеафаса Агінскага была скрыпка! Ня можа быць, каб ён не напісаў нічога для скрыпкі!

Гэтыя дыскі, што цяпер выходзяць, найбольш поўна паказваюць музыку дынастыі кампазытараў Агінскіх. І мы павінны быць вельмі ўдзячнымі братам Залускім, у першую чаргу — Іва Залускаму за тое, што ён зрабіў гэтыя дыскі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG