АЎТАР І ТВОР
Лявон Баршчэўскі: “Беларускія перакладчыкі — у чорным сьпісе”
Яшчэ ў 1985 годзе Лявон Баршчэўскі разам з Сяргеем Шупам стварыў у Менску клюб маладых перакладчыкаў “Бабілён”. Нават дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце (а яно прыпала на гістарычныя 1990—1995 гады) не перашкодзіла яму займацца любімай справай. З тае пары ў перакладчыцкім заплечніку Баршчэўскага назьбіраўся немалы плён: кнігі Эсхіла, Франчэска Пятраркі, Франца Кафкі, Бэртольда Брэхта, Нікаласа Ленаў, Гайнрыха Бёля... Ён перакладае са старажытнагрэцкай, лацінскай, нямецкай, ангельскай, французкай, польскай, гішпанскай ды іншых моваў. Зь перакладчыкам-паліглётам сустрэўся Міхась Скобла.
(Скобла: ) “Лявон, мне неаднойчы даводзілася быць сьведкам, калі разумныя людзі губляліся ў здагадках: колькі моваў ведае Баршчэўскі? Дык усё ж — колькі?”
(Баршчэўскі: ) “Не такое простае пытаньне, як здаецца. Калісьці Рыгор Барадулін напісаў, што Лявон Баршчэўскі адчувае паэзію на ўсіх мовах. Гэта, вядома, перабольшваньне, але сапраўды, паэтаў я перакладаў больш як з трыццаці моваў, а празаікаў — больш як з дзесяці. Бегла я размаўляю на пяці-шасьці. На гэтых мовах мне больш-менш рэгулярна даводзіцца размаўляць: прыяжджаюць знаёмыя, адбываюцца літаратурныя кантакты”.
(Скобла: ) “У Лінгвістычным унівэрсытэце існуе перакладчыцкі факультэт. Ён выпускае перакладчыкаў з усіх асноўных эўрапейскіх моваў ды яшчэ з кітайскай і японскай. І навучаецца там каля паўтысячы чалавек. А куды перакладчыкі потым дзяваюцца?”
(Баршчэўскі: ) “Большасьць нашых таленавітых перакладчыкаў (тут можна згадаць Зьмітра Коласа, Сяргея Шупу, Алеся Істоміна) — выпускнікі менавіта перакладчыцкага факультэту. Людзі на факультэт прыходзяць, а куды яны пасьля дзяваюцца… Сёньня вельмі праблематычна друкаваць пераклады. Невялікія творы яшчэ можна апублікаваць у нейкім часопісе. А калі пераклаў раман, куды зь ім ткнуцца? А гэта ж страчаныя паўгады жыцьця. Ня кожны здольны на такія ахвяры. Я ведаю, у Лінгвістычным унівэрсытэце Алена Таболіч і сёньня вядзе гурток перакладчыкаў паэзіі. І вельмі прыемна, што там пачалі зьяўляцца і перакладчыкі зь беларускай на ангельскую ды іншыя мовы”.
(Скобла: ) “Кніга “Ксты” Рыгора Барадуліна па-ангельску, думаю, трапляла табе на вочы. Гэта прымальны ўзровень? Швэдзкія акадэмікі зразумеюць геній Барадуліна?”
(Баршчэўскі: ) “Швэдзкія акадэмікі зразумеюць, бо ангельская для іх — другая мова, і яны ёю добра валодаюць. А вось наколькі “Ксты” зразумее ангельскамоўны чытач дзе-небудзь у Вялікабрытаніі… Я гэтага не магу сказаць. Безумоўна, было б файна заахвоціць да перакладу каго-небудзь зь вядомых брытанскіх паэтаў. Але гэта вельмі цяжка. Я б на іх месцы ня браўся за Барадуліна. Паўтаруся, яго перакладаць вельмі цяжка”.
(Скобла: ) “У Польшчы нядаўна выдадзена некалькі добрых беларускіх кніг. Здаецца, ты да гэтага праекту маеш дачыненьне?”
(Баршчэўскі: ) “Так, я рэдактар сэрыі “Biblioteka bialoruska”, якая пачала выходзіць сёлета ва Ўроцлаве ў Калегіюме Ўсходняй Эўропы. У сэрыі ўжо пабачылі сьвет кнігі: “Калі рукаюцца душы” Васіля Быкава й Рыгора Барадуліна, дзьвюхмоўная кніга Андрэя Хадановіча “Сьвята Новага году”. Цяпер акурат сыходзіць з друкарскага варштату кніга эсэістыкі Ўладзімера Арлова “Каханак Яе Вялікасьці”. А да канца году павінны выйсьці як мінімум яшчэ дзьве кнігі. Маю надзею і на працяг. Праблема ў тым, каб зацікавіць добрых польскіх перакладчыкаў. Быкава й Барадуліна пераклаў вэтэран перакладчыцкага цэху Чэслаў Сэнюх, добра вядомы ў нас. А сярод перакладчыкаў Хадановіча — проста знакамітасьці: Анджэй Паморскі, Лешэк Энкелькінг, Богдан Задура,. Гэта імёны, якія ведае ўся Польшча. А прадмову да яго кнігі напісаў Павал Хюльле”.
(Скобла: ) “У свой час на старонках тыднёвіка “Наша слова” ты некалькі гадоў вёў рубрыку “Шэдэўры ўсясьветнай паэзіі па-беларуску”. Якія са знакамітых твораў замежнай літаратуры варта было б перакласьці на беларускую мову перш за ўсё?”
(Баршчэўскі: ) “Згадаю тое, за што сам плянаваў узяцца, але так і ня ўзяўся. Гэта “Страчаны рай Джона Мілтана, гэта паэзія Чэслава Мілаша, гэта “Кветкі зла” Бадлера (кніга перакладзеная Хадановічам, але пакуль ня выйшла). У Васіля Сёмухі шэсьць раманаў ляжыць у шуфлядзе — “Стэпавы воўк” Германа Гесэ, раманы Густава Майрынка. Гэта ўсё выдатныя творы ў бліскучых перакладах. Скажу шчыра: у нас хапіла б паэтаў, каб перакласьці ўсю ўсясьветную клясыку. Проста трэба іх зацікавіць, трэба мець адпаведныя дзяржаўныя праграмы. Ва ўсім сьвеце так ці інакш перакладчыцкая справа падтрымліваецца дзяржавай. У нас жа яна дзяржавай зусім занядбаная. Ды й перакладчыкі нашыя фігуруюць у чорным сьпісе, паколькі знаходзяцца ў “няправільным” Саюзе пісьменьнікаў. І гэта праблема”.
(Скобла: ) “З 1992 году ў Беларусі не выходзіць альманах “Далягляды”, дзе друкаваліся пераклады з замежных аўтараў. Ці плянуецца яго аднавіць?”
(Баршчэўскі: ) “Скажу так: праект падобны ёсьць. Сёлета мы найбліжэй да яго рэалізацыі наблізіліся. Але тут паўстае глябальная праблема з аўтарскімі правамі. Трэба плаціць немалыя ганарары аўтарам. Але ёсьць спадзеў, што ў хуткім часе ўдасца скрануць справу зь мёртвай кропкі. І я прыму ў гэтым самы чынны ўдзел”.
(Скобла: ) “Ты — адзін з кіраўнікоў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, забароненага ўладамі. Я віншую цябе й ліцэістаў з заканчэньнем навучальнага году. Ліцэй жыве?”
(Баршчэўскі: ) “Ліцэй жыве, у нас зьяўляюцца новыя будучыя навучэнцы. Літаральна ўчора-сёньня запісаліся 13 чалавек, чакаем цягам чэрвеня новае папаўненьне. Я думаю, ліцэй будзе жыць насуперак усім нягодам і праблемам. А за віншаваньне — вялікі дзякуй”.
ХЭРМАН ВІЛЬДЭНВЭЙ
НАКТУРН
Блякла стол асьвятляе Лямпа ўжо больш як год. З рук маіх вымыкае Ціха дзень-ноч навылёт Вершаў чародка нямая.
Хопіць на цытаваньне Вам — хто сам піша даўно... Скончыць бы мне з тым пісаньнем, Але ж пішу ўсё адно. Дабраславі вас, Пане!
Ціха самота прывеціць, Моўкнасьць свой зойме пасад, Зьменіцца ноч на дасьвецьце — Ў неба скіруе пагляд: Вершы... ці ёсьць на тым сьвеце?
З нарвэскай мовы пераклаў Лявон Баршчэўскі.
ГІЁМ АПАЛІНЭР
БЭСТЫЯРЫЙ, АЛЬБО КАРТЭЖ АРФЭЯ
Васьміног
Чарнілам пырсьне аж да хмар; Тым, хто іх любіць, — пусьціць кроў. Належу я да тых пачвар, Чыя такая вось любоў.
Голуб
Галубе, дух і мілата, Прынёс ты вестку пра Хрыста. Як ты, з Марыяй я люблюся І неўзабаве пабяруся.
Зьмей — зьмяя
Так бязьлітасна ставісься ты Да жаночае пекнаты. І спазналі твой нораў круты Клеапатра, і Эва, і Эўрыдыка! І дадам дзьвюх ці трох да таго пераліку.
Слон
Як у слана, што бівень свой хавае, У роце ўся каштоўнасьць у мяне. Румянец згас!.. І славу я купляю За словы гучныя, што йшчэ ў цане.
Муха
Нашы мухі ведаюць песьні — Ад нарвэскіх мухаў навучаны, Што са сьнежных палёў напрадвесьні Прыляцелі й былі прыручаны.
Мэдуза
Мэдузы, о няшчасныя галовы, Аздобленыя чупрынай лілёвай. Вам буры ліхія заўжды даспадобы, І я ў гэтым надта да вас падобны.
Бык
Вось хэрувім, што ціха Раю Хвалу пяе. Сябры, я знаю, Убачымся мы з вамі там, Калі дазволіць Госпад нам.
З французкай пераклаў Лявон Баршчэўскі.
БОГУСЛАЎ ГАСЭНШТАЙНСКІ З ЛОБКАВІЦАЎ (1460—1510)
ДУНАЙСКАЙ СУПОЛЦЫ ГУМАНІСТАЎ У БУДЗЕ
О, вы прыхільнікі Фэба, жрацы беззаганнай Мінэрвы,
Зноўку да котлішчаў я хутка вярнуся сваіх; Стомленым целам да хваль набліжаюся Лабы халоднай,
З вамі душою павек я — і ўяўляецца мне, Нібы ў Атэнах я жыў і там слухаў Сакратавых вучняў:
Розум і добры спадзеў мовілі вуснамі іх. Шчырасьцю вашых прамоў і традыцый усьцешаны моцна,
Я асалоду ў душы, простую ўцеху нашу. Вашы бяседы мне лепш ад багатых пачостак Кітая,
Сардаў раскошы, пэрлін з мораў далёкіх, сябры! Не забывайце ж мяне! Апалёна заўсёды шануйце,
Мудрай Атэны ды муз хай вам адзьдзячыць любоў!
НА ПАПУ РЫМСКАГА ЮЛІЯ ІІ
Першасьвяшчэннік рымскі, Пятровага статку пастыр Меч узяў, каб абвясьціць вэнэцыянам вайну — Пэўна, крыві ён прагне. Ды хіба ж Пятру сьвятому Меч браць не забараніў Госпад Бог, Збаўца наш? Не запаветам Пятровым — Энэевым Юлі верны, Хоча быць правадыром, нібы паганец які. З Цэзарам, ваяўнічы, ён разам у пекла трапіць, Бо не схацеў ён ані ўзьнесьціся ў неба з Пятром.
З лаціны пераклаў Лявон Баршчэўскі.
АВАНСЦЭНА
Натальля Каляда: “Спэктаклі “Свабоднага тэатру” ўлетку будуць адбывацца ў лясах”
Афішы гэтага тэатру не сустрэнеш у гарадох Беларусі, і квіткоў на ягоныя спэктаклі нідзе ня купіш. Затое ў сталіцах Эўропы непрызнаных на радзіме актораў, рэжысэраў і драматургаў зь Менску, якія стварылі гэты тэатар, вітаюць з захапленьнем. З Натальляй Калядой, дырэктаркай “Свабоднага тэатру”, у кароткім перапынку паміж яго замежнымі гастролямі сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.
(Валянціна Аксак: ) “Калі ўзьнік ваш тэатар? Хто гэтую ідэю вынасіў?”
(Натальля Каляда: ) “Узьнік ён год таму. Гэта было 31 сакавіка. Мы ехалі з маім мужам Мікалаем Халезіным з Масквы і размаўлялі на тэму беларускай драматургіі. І зразумелі, што мы маем цяпер столькі цікавых маладых драматургаў, што нам трэба нешта рабіць для іх. І мы вырашылі, што трэба стварыць актуальны тэатар у Беларусі. І цяпер мы маем яго”.
(Аксак: ) “А дзе вы працуеце ў Беларусі? Дзе месьціцца вашая сталая сцэнічная пляцоўка?”
(Каляда: ) “Мы працуем толькі на кватэрах і ў клюбе. З наступнага месяца мы будзем іграць у лесе”.
(Аксак: ) “Вы зарэгістраваныя? Маеце якісьці афіцыйны статус?”
(Каляда: ) “Мы ня маем афіцыйнага статусу і ня можам яго мець, таму што мы знаходзімся ў андэграўндзе”.
(Аксак: ) “А вы спрабавалі?”
(Каляда: ) “Спрабавалі зарэгістраваць асацыяцыю маладых драматургаў і сцэнарыстаў. Дакумэнты пратрымалі ў Міністэрстве юстыцыі амаль два гады і не зарэгістравалі. Таму з тэатрам вырашылі нават не спрабаваць зарэгістравацца”.
(Аксак: ) “Прыкладна ў той самы час, калі ўзьнік “Свабодны тэатар”, у Беларусі зьявіўся яшчэ адзін новы тэатар, які называецца “Современный художественный”. Ён працуе на прэстыжнай пляцоўцы ў Палацы рэспублікі, а вы фактычна ў падпольлі. Што вас яшчэ адрозьнівае ад гэтага тэатру?”
(Каляда: ) “Усё адрозьнівае ад усіх тэатраў Беларусі. Мы займаемся актуальным тэатрам і гаворым толькі на тыя надзённыя тэмы, якія цікавыя нашым беларускім гледачам, а таксама эўрапейскім. Нашыя першыя гастролі адбыліся ў Латвіі, потым мы былі ў Маскве, Вільні, Хельсінках і Варшаве. Учора мы вярнуліся з Бэрліну і заўтра ад’яжджаем у Парыж. Усе тэатральныя крытыкі, якія бачылі нашыя спэктаклі ў Эўропе, кажуць, што гэта актуальны эўрапейскі тэатар, які яны ніколі ня бачылі ў Беларусі”.
(Аксак: ) “15 траўня ў Бэрліне адбыўся паказ вашага спэктаклю па п’есе Мікалая Халезіна “Я прыйшоў” — на нямецкай мове. Таксама паведамлялася, што гэтая п’еса перакладзеная на пяць моваў. А на якой мове яна напісаная?”
(Каляда: ) “Яна напісаная на расейскай мове”.
(Аксак: ) “І на расейскай мове працуе ваш тэатар?”
(Каляда: ) “Наш тэатар працуе на дзьвюх мовах — на расейскай і на беларускай. І з двух прэм’ерных спэктакляў, якія мы мелі 17 сакавіка, адзін — “Мы. Беллівуд” — ідзе на беларускай мове”.
(Аксак: ) “Некалькі маладых актораў Купалаўскага тэатру, якія супрацоўнічаюць з вамі, ужо займелі ў сваім тэатры сур’ёзныя праблемы. А як наогул вы набіраеце трупу? Ці ёсьць сталы калектыў?”
(Каляда: ) “Мы пачалі з дзьвюх актрыс Купалаўскага тэатру. Потым далучыліся іншыя акторы. Усе яны — вельмі прафэсійныя акторы. Я магу сказаць, што на сёньняшні дзень — гэта найбольш прафэсійная трупа ў Беларусі. І гэта пацьверджана эўрапейскімі тэатральнымі крытыкамі. Мы адкрытыя для ўсіх актораў і рэжысэраў, але яны павінны разумець, што ў нашым тэатры ўсе працуюць на валантэрскай аснове. Мы не прадаем квіткоў і не атрымліваем аніякіх заробкаў”.
(Аксак: ) “Ці існуе для вас такое паняцьце, як тэатральны сэзон, які звычайна заканчваецца ўвесну, а пачынаецца ўвосень? Што чакае публіку ў такім разе ў новым сэзоне?”
(Каляда: ) “Для нас такога паняцьця не існуе, наш тэатар працуе круглы год. З наступнага месяца, як я ўжо казала, мы пачнем іграць у лясах. І пачнем працу над трыма новымі спэктаклямі. Адзін зь іх — чытка, а не спэктакль. Таму што вельмі цяжка зрабіць спэктаклем матар’ял на аснове лістоў з-за кратаў, якія былі напісаныя зьняволенымі ў час сакавіцкіх падзеяў. Гэта іх лісты і лісты іхных бацькоў. Калі наш драматург Канстанцін Сьцешык і мы ўсе разам чыталі гэтыя лісты, то ня стрымліваліся ад сьлёз, таму што вельмі цяжка спакойна чытаць гэты боль… У наступным месяцы пачнем працу і над праектам “Зона маўчаньня”. Гэта будзе спэктакль пра шаснаццаць табуяваныз зонаў, пра якія ніхто ня мае права казаць у беларускім тэатры… Яшчэ будзе адзін праект, які мае назву “Легенды дзяцінства”. Гэта зноў будзе праца Канстанціна Сьцешыка, які плённа супрацоўнічае з намі, як і Павал Пражко. Гэта вельмі цікавыя драматургі сучаснай Беларусі, якіх ставіць у беларускіх тэатрах не рэкамэндуе Міністэрства культуры. Таму і ёсьць “Свабодны тэатар”, які працуе зь беларускімі актуальнымі тэмамі для беларусаў”.
НОТНЫ СШЫТАК
Паглядзеўшы на афішы філярманічных канцэртаў, сёй-той можа падумаць, што сёньня беларускія кампазытары амаль не працуюць у сфэры акадэмічнай музыкі. Але гэта ня так. Пра тое, што такое Таварыства сучаснай музыкі, распавядае Дзьмітры Падбярэзкі.
(Падбярэзкі: ) “Узначальвае гэтае таварыства Дзьмітры Лыбін, чалавек сапраўды неардынарны. Гэта і кампазытар, і гросмайстар-шахматыст у адной асобе. Некалі таварыства было самастойнай арганізацыяй, уваходзіла ў Міжнародную асацыяцыю сучаснай музыкі. Але дзяржава не дапамагла яму з фінансамі, каб заставацца адным з сябраў асацыяцыі, і ад 1999 году таварыства зрабілася аб’яднаньнем аднадумцаў у рамках Саюзу кампазытараў Беларусі. Што трэба разумець пад паняцьцем “сучасная музыка” ў Беларусі? З гэтага пытаньня я й пачаў гутарку зь Дзьмітрыем Лыбіным”.
(Лыбін: ) “Для вялікай колькасьці людзей сучасная музыка — гэта ня тое, што прафэсіянал разумее пад мастацтвам. Гэта так званы шоў-бізнэс, і мне здаецца, што большасьць нашага грамадзтва так і ўяўляе сучаснае музычнае мастацтва. А ў нас ёсьць яшчэ музычнае мастацтва ў прафэсійным сэнсе. Наогул, прафэсійнае музычнае мастацтва — гэта тое, што ідзе ад шматвекавой традыцыі. Зьяўляюцца нейкія формы прафэсійнай творчасьці ў Эўропе, якія пачынаюць разьвівацца, і гэты працэс ідзе і да сёньняшняга дня. Для прафэсійных музыкаў гэта найперш тая музыка, якая знаходзіцца ў кантэксьце разьвіцьця высокай эўрапейскай музычнай культуры. Таму, на мой погляд, сюды мы не ўключаем папулярныя жанры, а ўключаем такую творчасьць, якая арыентавана на высокі лад думак, высокі лад жыцьця і на ўспрыманьне на сур’ёзным эмацыйным і інтэлектуальным узроўні”.
(Падбярэзкі: ) “На якіх асновах склалася вашая суполка?”
(Лыбін: ) “Сяброўства ёсьць паміж рознымі творцамі. І палягае яно на павазе і разуменьні, што кожны мае свой погляд на музычнае мастацтва і жыцьцё, мае і нейкія ўласныя дасягненьні. Калі я не такі, як іншыя, дык гэта яшчэ ня значыць, што я не магу ацэньваць каштоўнасьць дасягненьняў іншага творцы. Такія фігуры розныя, індывідуальнасьці ёсьць у нашым таварыстве. Да творчых дасягненьняў сяброў мы заўсёды ставіліся і ставімся з павагай, цікавімся творчасьцю самых розных калег, як беларускіх, так і замежных. Калі ў нас больш за паўсотні сяброў, то рэальна зь іх ня больш за палову, хто цікавіцца дзейнасьцю Таварыства. Напрыклад, кампазытары Галіна Гарэлава, Вячаслаў Кузьняцоў, Сяргей Бельцюкоў, Аляксандар Літвіноўскі, Тацьцяна Песьнякевіч. Яны шмат робяць для папулярызацыі нашай дзейнасьці…”
(Падбярэзкі: ) “Ці часта гучыць музыка сябраў вашай суполкі ў Эўропе?”
(Лыбін: ) “Асабіста ў мяне — дык нават часьцей, чым у Беларусі. Там больш цікавасьці да акадэмічнай, новай, сур’ёзнай музыкі. Тут, якую б мы ні ўзялі імпрэзу ці канцэрт, трэба шмат чаго рабіць за філярмонію, за Саюз кампазытараў. Усё павінны зрабіць выканаўца ці аўтар, арганізаваць, нават білеты распаўсюджваць на ўласны канцэрт творца вымушаны сам”.
(Падбярэзкі: ) “У якую музычную краму зараз ні зойдзеш, знайсьці там запісы сучаснай беларускай музыкі — справа безнадзейная. Вы і гэтай справай самі змушаныя займацца?”
(Лыбін: ) “Я для сябе пішу на свой міні-дыск. Але гэтыя запісы ня маюць прафэсійнай якасьці. Сяды-тады піша з канцэртаў Беларускае радыё, сяды-тады робяцца запісы ў студыі. Але таксама прасіць кожнага разу выканаўцу прыйсьці ў студыю і працаваць там бясплатна — ня так гэта проста ўсё. А калі не адзін выканаўца, а, скажам, пяць, то ўжо амаль неверагодна сабраць іх усіх. Ёсьць зараз такая дзяржаўная праграма запісаў сымфанічнай музыкі… Дзякаваць Богу, што аркестар радыё, Міністэрства культуры неяк нарэшце ўзгадніліся і нешта там такое пішуць. А што тычыцца выданьняў нейкіх дыскаў, дык апошняе, што атрымалася зрабіць зь вялікай дапамогай швэйцарскага фонду Ааргаў-Беларусь, — гэта выданьне дыску Менскага струннага квартэту з двума швайцарскімі выканаўцамі. Гэта Ханс Ёнкерс (гітара) і Бруна Майер (флейта), якія выконвалі творы беларускіх кампазытараў – сяброў нашага Таварыства сучаснай музыкі. Гэта Галіна Гарэлава, Сяргей Бельцюкоў, мой твор, Усевалада Грыцкевіча і Валерыя Карэтнікава. Яны выдалі добры дыск, вельмі высокай якасьці”.
(Падбярэзкі: ) “Яшчэ, спадар Дзьмітры, хацеў бы высьветліць такое пытаньне творчасьці, зьвязанае з вашым другім захапленьнем, а менавіта з шахматамі. Ці дапамагае кампазыцыйнае мысьленьне шахматыста мысьленьню кампазытара?”
(Лыбін: ) “У пляне часу вольнага — вельмі замінае. Таму што часу не хапае. А ў мысьленьні… Магчыма, і дапамагае. Думаю, больш лёгікі зьяўляецца ў музычных творах. Але пра гэта лепш запытаць не ў мяне, а ў маіх калегаў-кампазытараў. У апошні час, безумоўна, я больш займаюся сваёй прафэсійнай музычнай сфэрай і значна менш гуляю ў шахматы. Прынамсі, за дошкай. Я апошнія пяць гадоў гуляю пераважна праз Інтэрнэт па карэспандэнцыі. Я гросмайстар у гэтай гульні, а ў гульні за дошкай быў некалі міжнародным майстрам, але ўжо пяць гадоў я на сур’ёзных турнірах амаль што не гуляў…”
(Падбярэзкі: ) “Цікавы факт: у Інтэрнэце пад адрасам classmusic.iatp.by месьціцца беларускамоўны сайт, які й прадстаўляе пераважна творчасьць сябраў Таварыства сучаснай музыкі Беларусі. Гэта яшчэ адно сьведчаньне, што яна існуе і разьвіваецца. А тое, што мы слаба ведаем гэтую музыку, як і імёны яе аўтараў, залежыць, відаць, ня толькі ад рэаліяў жыцьця, але й часам і ад нас саміх.”