Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" – агляд беларускага сеціва 26 траўня


Дзьмітрый Падбярэскі, Менск Вітаю ўсіх, хто любіць блукаць па Сеціве. Гэта “Начная аблога”.

Пачну з актуальнага. На сайце www.belpa.org са спасылкай на “Нашу Ніву” зьмешчана такое паведамленьне: “Віктар Савіцкі, кіроўца, што на ўласным транспарце развозіў людзей, якіх выпускалі з Акрэсьціна й Жодзіна ў сакавіку-красавіку, 28 красавіка трапіў у цяжкую аварыю. Ён дагэтуль знаходзіцца ў рэанімацыі. Дактары прагназуюць доўгі пэрыяд лекаваньня і рэабілітацыі. Курс рэабілітацыі дарагі, да таго ж, у чалавека сям’я, малыя дзеці. Зьвяртаемся з просьбай да ўсіх каму ён дапамагаў, да ўсіх людзей добрай волі, з просьбай пра ахвяраваньні”.

На форумах tut.by працягваецца абмеркаваньне верагоднай забароны пралётаў амэрыканскіх і канадыйскіх самалётаў над Беларусьсю. Карыстальнік Nmmmo піша: “Ужо гадоў 6 прыкладна ўсе грузаперавозкі ідуць у абход Беларусі празь себескую мытню. Ужо даўно транспартныя і экспэдытарскія кампаніі зразумелі, што ў Беларусі як хочуць адбіраюць груз, як хочуць бяруць за перавышэньне вагі, быццам у Беларусі іншыя законы фізыкі і іншыя вымярэньні масы. Засталося закрыць суседнім краінам прастору для беларускіх самалётаў, і тады ў аэрапорце Менск-2 можна адчыняць музэй”.

На сайце Смаргоні нехта пад нікам mist13 у разьдзеле “Як пачаць размаўляць па-беларуску?” Прызнаецца: “Я во толькi залезла на форум, дык у мяне па нацiску shift+ctrl мозг пераключаецца на бел. мову, але бывае, на рускай мове пiшу... Бывае…”

У ЖЖ блогер brazgotka паведамляе: “У новым будынку Нацыянальнай бібліятэкі поўны ахтунг. У аддзеле рэдкай кнігі са столі цячэ вада, цячэ так, што даводзіцца вёдры мяняць. Прычым тое самае адбываецца і ў іншых аддзелах пастаянна. Супрацоўніцы кажуць, што год з такім “клімат-кантролем” і фонду ў аддзеле рэдкай кнігі больш ня будзе. Акрамя таго, пастаянна даводзіцца мяняць шыбы, якія трэскаюцца, ня вытрымаўшы напружання – “трайпл” з бібліятэкі не вылазіць”.

Сайт Салігорску ганарыцца: “Птушкафабрыка "Салігорская" на міжнароднай выставе ў Маскве ўзнагароджана медалём у конкурсе "Экалягічна бясьпечная прадукция". Гэтую ўзнагароду атрымалі тры віды прадукцыі фабрыкі: курыня яйкі "Маладзецкія-люкс", капчоныя “Маладзецкія" і перапяліныя "Маладзецкіе".

У ЖЖ карыстальнік ringostar13 прызнаецца: “А яшчэ ўчора я была поўным тэатральным лохам. У сярэдзіне першай дзеі спэктаклю ў мяне зазваніў тэлефон. Прычым званок-та ў мяне грамчэй не прыдумаеш. А сядзела я з гасьцямі і спрабавала перакладаць дзейства на сцэне ў партэры! Банальна забыла адключыць тэлефон. Парылася і сарамацілася цэлы вечар, а потым злосна адказвала на ўсе званкі, быццам нехта быў вінаваты ў маім нядаўнім канфузе. Прабачце мяне, акторы і гледачы!”

Тыя, каму не абыякавая жаночая прыгажосьць, на сайце baranovichi.biz могуць паўдзельнічаць у он-лайнавым конкурсе прыгажосьці, выбіраючы міс Інтэрнет Баранавічы 2006.

І яшчэ адну прапанову сустрэў я сёньня ў ЖЖ. Карыстальнік baciukou піша: “Рабяты, а давайце скінемся і падпішам Паўлічэнку на “Нашу Ніву”. Але ж ці дапаможа гэта?

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітрый Падбярэзскі, яшчэ сустэнемся…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG