Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – агляд беларускага Інтэрнэту 12 траўня


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск “Начная аБЛОГа” — весткі зь беларускага Сеціва ад 12 траўня.

Асаблівасьць Інтэрнэту ў тым, што ён дае магчымасьць пазнаёміцца з навіной тым жа часам, калі адбываецца падзея. Вось жа 12 траўня на сайце mikinkevich.org амаль у рэжыме рэальнага часу зьяўлялася інфармацыя пра выхад палітыка зь вязьніцы: “Нягледзячы на тое, што лідэра руху "За свабоду" выпусьцілі раней за вызначаны тэрмін, Аляксандар Мілінкевіч адмыслова прыехаў на Акрэсьціна ў 11:50, каб падзякаваць тым, хто сабраўся яго сустракаць. Яму дарылі кветкі, кнігі, папросту дзякавалі. Мілінкевіч адказаў на пытаньні журналістаў і запрасіў усіх праехаць у сядзібу БНФ на прэс-канфэрэнцыю, прызначаную на 13:00”. І літаральна праз тры хвіліны там жа зьявілася новае паведамленьне: “На наступным прыпынку пасьля Акрэсціна былі затрыманы некалькі чалавек — удзельнікаў сустрэчы каля Акрэсціна. Іх вывелі з транспарту і зацягнулі ў АМАПаўскі мікрааўтобус. Пасьля гэтага аўтобус зьехаў у невядомым кірунку”.

Сёньняшні, 39-ы выпуск інтэрнэт-газэты “Колокол” (адрас: kolokol.host.sk) дае спасылку на артыкул былога супрацоўніка КДБ Валерыя Косткі, у якім той, між іншага, заяўляе: “Улада, безумоўна, паспрабуе (калі ўжо не спрабавала) сутыкнуць ілбамі Лябедзьку і Мілінкевіча. Апазыцыя можа быць упершыню за 12 гадоў супрацьстаяньня паказала сваіх лідэраў, праявіла сябе падчас выбараў і здолела вывесьці на вуліцу вялікую колькасьць сваіх прыхільнікаў. Палітычны тандэм Лябедзька — Мілінкевіч вельмі палохае ўладу. Напэўна будуць зроблены нейкія захады, каб раскалоць гэты саюз. Я дапускаю, што і ў камандзе Мілінкевіча, і ў атачэньні Лябедзькі ёсьць людзі, якія паспрабуюць настроіць іх адзін супраць другога. Спадзяюся, яны выкажуць мудрасьць і здолеюць супрацьстаяць такому разьвіцьцю падзей”.

Блогер vvv7078 у ЖЖ згадвае падзеі мінулага: “Увосень 2002 году, у кастрычніку, быў страйк прадпрымальнікаў, яны адмовіліся плаціць за гандлёвыя месцы, тыпу, пайшлі ў адпачынак. Акцыя была дастаткова масавая, у Віцебску амаль усе падтрымалі. Улады не рэагавалі, пасьмейваліся, маўляў, гандаль у дзяржкрамах лепш пайшоў... І тут грымнулі халады рэзка, горад не ўключае ацяпленьне, у кватэрах халодна... Аказваецца, гэтыя грошы з аплаты за гандлёвыя месцы часткова ідуць на закупку паліва для ацяпленьня гораду… У той час у Віцебску працавала прыкладна 8000 прадпрымальнікаў, мінімум месца каштавала 100 у.а., але многія плацілі і 300. Але калі нават 100 памножыць на 8000, атрымаем 800 тысяч даляраў! І гэта штомесяц! Куды грошы ідуць, Саша?”

На сайце Нацыянальнага прэс-цэнтру www.bpc.by пераказваецца выступ старшыні Рады грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз афіцэраў” Яўгена Мікульчыка: “Ня менш важным напрамкам дзейнасьці Беларускага саюзу афіцэраў зьяўляецца ваенна-патрыятычная работа з моладзьдзю. Падчас правядзеньня ў рэспубліцы міжнароднай акцыі “Мы — нашчадкі Перамогі” адбыліся сустрэчы вэтэранаў Вялікай Айчыннай вайны са школьнікамі й студэнтамі. З ініцыятывы Яўгена Мікульчыка, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў юным разьведчыкам партызанскай брыгады “Полымя” атраду імя Чапаева, пры 67-й сярэдняй школе г. Менску створаны батальён юных арлянят — сыноў палкоў”.

Блогерка lysaye_dziaucho ў ЖЖ піша пра нядаўнюю вандроўку ў Кіеў: "Як зазвычай, везьлі з сабой беларускі сьцяг... У яго можна было лёгка захутацца ці, завязаўшы, накінуць на сьпіну — каб атрымалася нешта накшталт плашчу. Што мы й зрабілі… Такой рэакцыі на наш сьцяг я яшчэ ніколі ня бачыла!!! Украінцы да нас падыходзілі знаёміцца, пыталіся пра справы, дзе мы спыніліся. Прапаноўвалі нечым дапамагчы (таксама настойліва частавалі спакуснымі напоямі); цікавіліся сытуацыяй у нашай краіне, лёсамі палітзьняволеных — ці ёсьць сярод іх маладыя. Яны расказвалі пра сваіх хлопцаў, што сядзелі ў нашых турмах і г.д. Беларусы, заўважыўшы свой сьцяг… сапраўдны сьцяг, крычалі “Жыве Беларусь!” праз увесь Хрышчацік, падыходзілі прывітацца, з гонарам дэманстравалі свае значкі "За Свабоду!"

На форуме сайту studenty.by абмяркоўваюць тэму першай сэсіі. Нехта пад нік-нэймам e-shka піша: “Даведалася, што выкладчык па агульнай тэорыі права ставіць такія ж адзнакі, якія ставяць за ангельскую мову. На аб''ектыўнасьць на экзамэне можна забыцца?” Ёй зь Кіева адказвае kara: “Добра, што хоць на нешта глядзіць. У нас у інстытуце ёсьць выкладчыца, якая ставіць адзнакі ў залежнасьці ад уласнага настрою ці колеру вопраткі, у якой ты зьяўляесься на іспыт”. Зразумела, падобных гісторый можна пачуць шмат.

А зараз зьвернемся да беларускамоўнага сайту classmusic.iatp.by. Тут можна азнаёміцца з анэкдатычным выпадкам, які расказаў кампазытар Дзьмітры Лыбін: “Адзін з маіх калегаў меў размову з асобай, адказнай у дзяржаўнай адміністрацыі за стан музычнай культуры ў краіне. На пытаньне: "Чаму такія значныя сродкі выдаткоўваюцца на запрашэньне "зорак" расейскай эстрады, тым часам як нацыянальная прафэсійная музыка ў гаротным становішчы?" згаданая асоба, прыгнечаная цяжарам ведаў аб расейскай эстрадзе, а не аб расейскай гісторыі, адказвала: "Таму што на іх прыкладзе мы павінны гадаваць сваіх Разіных ды Пугачовых!"

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты й гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG