Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызнаў правал трох зь пяці плянавых паказьнікаў у эканоміцы Беларусі


Нарада ў Лукашэнкі, архіўнае фота
Нарада ў Лукашэнкі, архіўнае фота

Сярод прычын ён назваў эканамічны спад у «асноўнага партнэра» Беларусі — Расеі.

16 кастрычніка прайшло паседжаньне ўраду Беларусі, прысьвечанае папярэднім вынікам працы эканомікі ў 2025 годзе і плянаваньню кірункаў налета.

Выступаючы на нарадзе, Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за правал некаторых плянавых паказьнікаў.

«Ёсьць бягучы спад у шэрагу традыцыйных галін. Тры зь пяці найважнейшых парамэтраў прагнозу на гэты год не выконваюцца (пакуль). Валавы ўнутраны прадукт павялічыўся менш чым на 2% за 8 месяцаў», — заявіў Лукашэнка.

Гэтыя тры «праваленыя» паказьнікі — прырост ВУП, аб’ем экспарту, узровень інфляцыі. Пры гэтым Лукашэнка сумняецца, ці ўдасца ўраду абгрунтаваць плян прыросту ВУП на наступны год у 2,8%:

«Наконт прагнозных паказьнікаў на 2026 год: патрэбны рэалістычны, але напружаны сцэнар. Пакуль карціна неадназначная», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

Лукашэнка запатрабаваў «дакладнай працы мабілізацыйнай эканомікі ва ўмовах спаду на асноўным рынку», піша БелТА. Традыцыйна ён абвінаваціў ува ўсіх праблемах беларускай эканомікі менавіта ўрад.

Лукашэнка таксама сказаў, што цяжка разважаць аб макраматэрыях у цяперашняй сытуацыі, калі «за адным плотам ужо палае вайна, за другім — да яе ляцяць на ўсіх парах».

«Ну, а вы масла з трактарамі і камбайнамі прадаць ня можаце. Параю вам, вылазьце, пакуль ня позна, з сваіх цёплых фатэляў, аўтамабіляў і пачынайце глядзець далей, значна далей, чым наш традыцыйны расейскі рынак», — сказаў ён.

Прагнозы для эканомікі Беларусі пагоршыліся

Як паведамляецца ў сьвежым аглядзе разьвіцьця глябальнай эканомікі, які апублікаваў Міжнародны валютны фонд, прырост валавога ўнутранага прадукту (ВУП) сёлета, у адпаведнасьці з прагнозам, у Беларусі складзе 2,1%. На наступныя гады прагноз яшчэ больш сьціплы — у 2026 Фонд прагназуе прырост ВУП на 1,4%, а ў 2030 годзе — на 0,8%.

Раней прагнозы прыросту валавога ўнутранага прадукту Беларусі панізіў і Ўсясьветны банк.

Згодна з зацьверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам эканамічнымі прагнознымі парамэтрамі на 2025 год, рост ВУП павінен скласьці 4,1%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG