Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” — весткі зь беларускага Сеціва ад 9 траўня.


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск Беларускі інтэрнэт у “Начную аБЛОГу” сёньня бярэ Дзьмітры Падбярэзскі

“Начная аблога” — весткі зь беларускага Сеціва ад 9 траўня. З вамі Дзьмітры Падбярэзскі. Прывітаньне!

Зразумела, што ў такі дзень сьвята Перамогі зрабілася ці не галоўнай тэмай Інтэрнэту.

У ЖЖ kurt_bielarus побач з фота ваенных часоў тлумачыць: “Саюз Беларускай Моладзі (СБМ) — беларуская нацыялістычная моладзевая арганізацыя, афіцыйна заснаваная ў чэрвені 1943 году. Дзейнічала легальна з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў. Займалася выхаваньнем беларускай моладзі… У 1944 годзе адзін з кіраўнікоў СБМ у Вялейскай акрузе выратаваў ад спаленьня карнікамі вёску Бароўцы, дзе жылі й жывуць мае сваякі. Ягонага фота, на жаль, у мяне няма”.

На форумах tut.by карыстальнік saja78 піша пра фэстываль паветраных зьмеяў у Берасьці й згадвае, што “Да ўсіх удзельнікаў ставілася патрабаваньне афармляць мадэлі ў нацыянальным і патрыятычным стылі”. У адказ на гэта ў форуме пішацца: “Не сумяшчальныя рэчы, аднак. У нас, напэўна, адзіная краіна з былога СССР, у якой нацыянальны стыль (бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня) адрозьніваюцца ад афіцыйна- “патрыятычнага” стылю (чырвона-зялёны сьцяг і геб, які незразумела як можна назваць).

І яшчэ на тэму сьвята. Карыстальнік пад нікам The удзельнічае ў абмеркаваньні тэмы “Біятуалеты ў цэнтры Менску на сьвяты” й выказваецца наступным чынам: “Як бы гэта не ператварылася ў велізарнейшы сьвінарнік на Нямізе... Сёньня глядзеў на гэтыя туалецікі (якія, дарэчы, у той жа Маскве таксама на кожным кроку (адно што за грошы) і, дарэчы, ніхто ня скардзіцца і ня сквапіцца), дык вось назіраў карціну, як прыгожа яны развальваюцца). Чэл пасьля таго, як выйшаў з гэтай канструкцыі, ледзь-ледзь пасьпеў адскочыць ад дзьвярэй, якія адваліліся ад туалету”.









На жаль, зусім іншы, не сьвяточны, настрой пануе на ўсіх сайтах, зьвязаных з ансамблем “Песьняры”. На сайце рesnyary.com карыстальнік mcedonskiy піша: “8 траўня памёр Аляксандар Дзямешка, легендарны барабаншчык ВІА "Песьняры" й нязьменны кіраўнік калектыву "Лявоны". Аляксандар Сяргеевіч пры жыцьці быў супраціўнікам пафасных прамоў і залішняй увагі да ўласнай пэрсоны. Яскраста-дасьціпны, мудры й шчыры, ён быў для ўсіх нас ня проста сябрам, а ў пэўным сэнсе бацькам, настаўнікам. Сяргеіч, мы пра цябе памятаем”.

Вось так цягам аднаго дня перапляліся ў Сеціве розныя думкі, настроі, пазыцыі. Мы яшчэ сустрэнемся сёньня ў “Начной аблозе”, недзе праз паўгадзіны.

Карыстальнік gruz200 на форумах tut.by ня можа зразумець сутнасьці пастановы Саўміну "Аб некаторых захадах удасканаленьня дзяржаўнага рэгуляваньня аплаты працы”. Чаму нейкі Саўмін павінен вызначаць, колькі мне плаціць сваім супрацоўнікам? Я хачу прэміяваць супрацоўніка на 200%, таму што ён працуе, як ішак, а мне нехта зьверху кажа: "Даваць можна толькі 80!". Натуральна, я зьвярнуся ў фірму-памыйку (ці ствару яе), празь якую буду абнаяўліваць грошы й плаціць у канвэртах. У выніку казна недаатрымае падаткаў з зарплаты, супрацоўнік недаатрымае кавалка пэнсіі, калі яна настане.

Навошта ўвесь гэты цырк? Бо дырэктары купляюць кватэры й джыпы зусім не на прэміі”.

Карыстальнік Дрозд на літаратурным форуме music.fromby.net выказваецца пра надзённае: “Цяпер пішу курсавую па Караткевічы, — дакладней, па “Дзікім паляваньні...", паэтыка рамантызму. Народ, трэба чытаць, асабліва сёньня — вельмі актуальна. Я разумею, што Караткевіч — рамантык. Але ж сапраўды, магія, і вельмі моцная... Я пад чарамі... Што рабіць? Дапісаць жа трэба”. Можа, хто дапаможа чалавеку?

А вось alternativy net падае месца ва ўласным ЖЖ маленькаму палітычнаму слоўніку, у якім можна прачытаць: “Сьмярдзючы Рэйн — сукупны назоў санаторна-курортных і турыстычных зон, недасяжных для невыязных грамадзянаў РБ. Іграць у хакей — працаваць на квітненьне краіны і рост дабрабыту народу. Канстытуцыя — 1) Вядомы выпадкі стабільнасьці цягам 300 гадоў; ня мае нічога агульнага з прастытуцыяй, апрача суфіксу й канчатку… 2) Архаізм, падстаўка для правай рукі ў выглядзе састарэлага выданьня ў бураковым пераплёце, якое выкарыстоўваецца раз на 5 гадоў у дзень інаўгурацыі. Трактар — стратэгічны тавар РБ. Ты — характэрны зварот прэзыдэнта да грамадзянаў, незалежна ад полу і ўзросту”.

І скончу допісам Aviator’а, які на тэлефоруме tut.by удзельнічае ў дыскусіі: “Вы мне ўжо прабачце, але на нашы “ад сахі” падаткі існуеце вы й да вас падобныя, так што ня варта пляваць у карыта. Каб у нас была магчымасьць, як ува ўсіх нармальных краінах, не купляць трансьляцый айчыннага ТБ, праз тыдзень усе працаўнікі БТ, АНТ і іншыя сталі б у чарзе на біржы працы. Але БТ і АНТ усё ж робяць адну добрую справу: сваімі рэпартажамі яны паказваюць усю нэгатыўную сутнасьць цяперашняга рэжыму, тым самым набліжаючы яго канец”.

Дасылайце нам свае ідэі для “Начной аблогі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты й гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС- паведамленьні на нумар 391-22-24. “Начная аблога”, Дзьмітры Падбярэзскі, да сустрэчы…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG