Аўдыё mp3 (3.7 мэгабайты)
ЗАНАДТА ВЯСЁЛАЯ
Я вясёлая занадта дзеўка. Пры занадта сумным існаваньні Я—бы недарэчная прыпеўка На грамадзка значным пахаваньні.
Я – нібы агністая вавёрка На застыла-чорным мёртвым дрэве. І, запнуўшыся на ўласным сьпеве, Я сяджу і плачу горка-горка.
КАЛІ МЫ РОБІМ ЯМІНЫ
Калі мы робім яміны, Падвалы для хацін, Калі мы сьвідравінамі Ўдольле рашацім,
Калі саджаем дрэвы мы, Калі арэм палі, Глядзяць на нас памерлыя Празь дзірачкі ў зямлі.
ШКОЛА ЖЫЦЬЦЯ
Зь лісьцяў, травы, трысьця, Зь люстраў, з карцін на сьцяне Страшныя вочы жыцьця Ўпарта глядзяць на мяне.
Я ім сказала: не! Я іх паслала на… Страшна глядзяць на мяне, Цьвёрдыя, быццам сьцяна.
Я чакаю крыху Дый цалую іх у… Гэта быў добры ўрок. Так я спазнала Зрок.
Ад зроку да змроку Адзін крок.
ЭЛЕГІЯ № 3
Я ведаю дзяўчынку Кацечку, Якая выцягвала зь петляў кацянят, Закатаваных суседзкімі хлопчыкамі, І ледзь не засталася бяз вока.
Я ведаю дзяўчынку Кацечку, Якая падбірала сабачкаў з паламанымі рэбрамі – Ахвяраў дарослых дзядзечкаў – І ледзь не засталася бяз вока.
Я ведаю дзяўчынку Кацечку, Якая, помсьцячы за змучанага вераб’я, Паклала кавалак шклаваты Ў кішэню старэйшаму брату І ледзь не засталася бяз вока.
Я ведаю дзяўчынку Кацечку, Якая засталася бяз вока, Запальваючы газавую пліту.
Я ведаю дзяўчынку Кацечку І ледзь не засталася бяз вока.
* * *
Ці можна такое быць, што памерла мая суседка – Дзяўчына з даўгімі вачыма І косамі да паловы ног? Я казаў сабе: гэта магчыма, Такое зусім нярэдка Здараецца! А ўявіць ня мог.
Хіба што адрэзаць косы Да страшных кароткіх пасмачак. Хіба што зьвязаць ёй веі За сьпінай, гадоў праз сто... Хай носіць стосы кардону І бутэлькі зьбірае ў парку Ў шапцы з адценьнем глею Й залапленым паліто.
Бабулька – зьбіральніца шкла – Памерла? Не! Яна не магла!
ВЕЛЬМІ ВОЛЬНЫ ВЕРШ
Увечары былі вершы Для вузкага кола сяброў. А ўранку са сьценаў вежы Заранка зьлізвала кроў.
Па воблачных хвалях нябёсаў Плылі на лодках багі І рухалі кросны лёсу Лёгкім штуршком нагі.
Удзень былі сонцы сонцы, Галовы, гало і колы, Эсьмінцы, авіяносцы І велічныя ледаколы.
Сонца сядала за йльдзіны Ў прасьцірадлава-сьнежны схоў, І Паркі распускалі тканіны, Падманваюча сваіх жаніхоў.
Напаўняліся бары змрокам, а бары гейшамі, І гарбатны рытуал пачынаўся значна раней за пятую, І радкі рабіліся ўсё даўжэйшымі, даўжэйшымі і даўжэйшымі, Быццам бы й ім да зьнямогі поўнай хацелася галавою ў гарбату...
І я, нібы жабка ў разрэзе, Ляжу ў глыбокай яміне. А ўверсе стаіць Паэзія І кідаецца Камянямі.
ДАВАЙЦЕ ГУЛЯЦЬ
Давайце гуляць, быццам мы ўсе даўно памерлі І ўсе разумеем адно аднаго бяз словаў І нам не патрэбна нічога І нават зямля ня пахне Найлепшым у сьвеце чынам. І першы, хто нешта адчуе,
крычыць з падваконьня пеўнем, Другі – выконвае польку, Трэці цалуе таго, хто справа, Чацьвёрты бярэ люстэрка
і пятаму кажа: дыхні. І высьвятляе, што пяты
даўно ўжо выйшаў з гульні.
* * *
Як добра, што сынок пайшоў у геніі! Цяпер ён будзе атрымліваць прэміі, цяпер ён ня будзе піць, ён будзе жыць, цяпер ён у акадэміі і ў тэлевізіі штовечара пра разумнае, вечнае, пра здаровае, смачнае. Як добра, што ён выбіўся ў людзі! Ён быў нічым, а цяпер ён будзе! Ня спаў, ня сьнедаў, не вячэраў і не абедаў – усё дзеля ведаў! А вы, малыя, усё сьпіце, п’яце ды ясьцё... А веды ж даражэй за жыцьцё!
І дзякуй, сынку, табе, што ты нас не забыў, Даслаў нам паштоўку, няхай не на тую скрынку, Ажно дайшла! І пра палёты на часьцінках сьвятла тваё прачыталі, знайшлі мы тую газэту. Мы верым, ты шчасьце падорыш сьвету! Ды памятай сам і ўсім сваім раскажы, што маці твая – даярка, а бацька – рознарабочы. І вось яшчэ: вочы свае беражы. Толькі беражы вочы!
КІМ БЫЦЬ
- Кім ты хочаш быць, калі вырасьцеш? – Спыталі ў маленькага Толі. - Я ніколі ня вырасту. У нас занізкія столі.
Сачыненні вучняў 7-га класа “Б” па карціне К. Малевіча “Чорны квадрат”
Маша Ж. (У вершах, цытуецца ўрывак)
...Чорнай ноччу чорны кот Улез у чорны дымаход. У дымаходзе чарната. Адшукай катам ката...
Паша М. (таксама ў вершах)
Негры – чорная раса, Прадстаўнікі працоўнага класу, Мы, вучні сёмага класа, Прадстаўляем белую расу.
Белы чорнаму брат. У Малевіча чорны квадрат, Але ёсць і белы квадрат.
А калі нешта скажуць скіны, Лепш паставіць іх ля сцяны І спусціць ім штаны.
Мы з Малевічам – супраць вайны!
Міша М.
Імя Казіміра Малевіча ў кожнага з нас выклікае захапленне і задавальненне. Казімір Малевіч – вялікі мастак. Карціны Казіміра Севярынавіча хвалююць многіх людзей. Ён здолеў перадаць на іх свае настроі і філасовскія думкі. Мяне вельмі хвалюе карціна Канстанціна Казіміравіча “Чорны квадрат”. Яна нагадвае мне мае філасовскія думкі пра акно ў цягніку, у якім я ехаў уночы на поўдзень. Творчасць Казіміра Канстанцінавіча Малевіча назаўсёды застанецца, каб хваляваць нас і перадаваць свае філасовскія думкі. Нездарма на магіле Малевіча таксама паставілі чорны квадрат.
Таня Ж.
Мне карціна Малевіча “Чорны квадрат” падабаецца тым, што па ёй няма чаго пісаць. Карціны па якіх мы пісалі раней трэба было апісваць падрабязна. Хлопчык атрымаў двойку, у яго партфель і сабака, дзяўчынка ля адчыненага акна робіць гімнастыку, лютаўская лазур складаецца з белых бяроз і сіняга неба. А чорны квадрат – гэта проста чорны квадрат.
Вася М.
Мая любімая настаўніца. Вольга Рыгораўна – мая любімая настаўніца. Яна ніколі не ставіць нам дрэнныя ацэнкі. Яна прыгожая і усмехаецца. Яна вадзіла нас на экскурсію у музей Максіма Багдановіча. Там вельмі цікавы мішка у аранжавай адежы. Яшчэ Вольга Рыгораўна не адбірае у нас мабільнікі як настаўніца матэматыкі і не бье нас дзённікам па галаве як настаўнік труда. Я вельмі шкадую што мне яшчэ нельга жаніца. Я вельмі люблю Вольгу Рыгораўну і хачу каб усе настаўнікі былі пахожыя на яе.
Ваня М.
Мне не нравіца Карціна Малевіча “Чорны квадрат”. Кажный дурак можыт зделать такую карціну. Но никаждый дурак сможыт такую карціну прадаць.
Максім Ж.
Мастак Каземір Малевіч жыў у савецкі час. Савецкая рэчаістасць была такой жахлівай што на яе глядзець не хацелася. Хацелася заплюшчыць вочы і не бачыць нічога. А калі заплюшчываеш вочы і доўга так сядзіш, пачынаеш бачыць толькі чорнае. А квадрат таму што карціны часцей за ўсё квадратныя або прастакутныя. Я не згодны з Задорнавам што Малевіч карціну маляваў доўга. Ён яе намаляваў адразу. Я думаю, Каземір Малевіч намаляваў жахлівую савецкую рэчаістасць, якую ён не хацеў бачыць.
Жана Д.
Малюнак, змешчаны ў падручніку, – гэта не «Чорны квадрат» Малевіча. Я бачыла сапраўдны «Чорны квадрат» на выставе ў Маскве. Казімір Малевіч – прадстаўнік кірунку «супрэматызм». Калі глядзець з гэтага боку, то малюнак у падручніку нават лепей: ён паказвае ў чыстым выглядзе супрэматызм. Але мне бліжэй карціна, намаляваная самім мастаком: не зусім геаметрычна правільная, з патрэсканай фарбай і, значыць, не зусім чорная. Мне здаецца, на ёй намалявана больш, чым проста чорны квадрат. Але як гэта назваць, я не ведаю.
Саша У.
На карціне К. Молевіча чорны квадрат намолеванаы нешта незразумелае зусім не знаю што тут пісать карціна і карціна звычайная К. Молевіч велікі мастак больш *********** ###### ### #### #####
РУХ
Рух рук, рух ног, Рух дзьвюх, рух трох, Рух твой, рух мой, Рух – так! Рух – стой! Не, руш! Рух – цар, Рух сноў, рух мар, Рух – дар тых чар, Чый пах зьнёс дах... Бег, цьвіў, тут, вось! Рух быў. Ці – ёсьць? Ці – страх? Ці – млосьць? Хоць як, хоць штось! Быў жвір, стаў бруд. Рух зьнік? Рух – тут, Рух мрой... Рух – час. Рух, стой, я – пас.
ЗЛАЧЫННЫЯ КАХАНКІ
Мы кахаліся, а ў небе счарнелым пруцянелі хмары, і птушкі здраньцьвелыя абсыпаліся на зямлю зь сінімі вуснамі; мы ня біліся, мы абдымаліся, а навокал усё распадалася на зыходныя складнікі, і ўсе пацыфісты навокал раўлі і злаваліся; мы не змагаліся – мы цалаваліся, а суседзі грукалі ў сьцены шарамі чыгуннымі чорнымі і крышылі на нас збудаваньні Хрушчова і Брэжнева. МЫ АДНО ЦАЛАВАЛІСЯ, але ўсім здавалася, што мы робім нешта горшае – недазволенае і грэшнае; МЫ АДНО АБДЫМАЛІСЯ, але ўсе так абураліся, быццам мы плявалі на мілыя ім магілы; МЫ АДНО КАХАЛІСЯ, але нас прысудзілі да расстрэлу. Напэўна, за тое, што нас было трое.
РУКУ ДА НАГІ
Прывязалі мне руку да нагі, Але вельмі добрыя людзі, Не каб нехта благі! А ад добрых - няхай ужо будзе!
БАЛЕРЫНА
Сем гадзін. Тэатар поўны гледачамі, Быццам бочка – селядцамі, людзі пільна Сочаць, як пакутна поўзае па сцэне Балерына са зламанымі нагамі.
Дырыжор бязрукі, палку ўзяўшы ў зубы, Мітусіцца перад скурчаным аркестрам Эпілептыкаў і паралізаваных, Што ўхапілі канвульсыўна інструмэнты.
Гледачы ўсе спрэс глухія і сьляпыя, І тэатар за часоў Напалеона Зруйнаваны безнадзейна назаўсёды.
А пад стольлю на паўвыскубаных крылах Сумна лётае здань нейкай іншай здані І палохае бядачку балерыну, Балерыну са зламанымі нагамі.
А со столі я крычу пра злую долю, Зачапіўшыся нагой за жырандолю, Я крычу ня ролю. Я крычу ад болю.
САПРАЎДНЫ ГЕРОЙ
Ты хваліўся, быццам бы ты ледзь не з цароў Ці, горш таго, з фараонаў. Я Набіла табе морду, каб праверыць,
ці блакітная ў цябе кроў – Не, чырвоная.
І яшчэ ты казаў, што ў тваёй галаве Жыве незвычайны эльф,
які ведае ўсе тайны. Я разрэзала твой чэрап, каб праверыць,
ці незвычайны эльф там жыве – Не, звычайны.
А гэта, знаёмцеся, мой герой –
Пэдра Пабітая Пыса, сын гішпанкі Канкісты і індзейскага правадыра. Ён скокнуў у мора ля невядомага мыса, Ратуючыся ад прыхільнікаў Ра.
Яго непрытомнага вылавілі ў халоднай вадзе пінгвіны, адагрэлі, аблашчылі, але ён і ад іх зьбег, бо прагнуў свабоды. Я праверыла, ці ня вата
прычапілася да ягонае сьпіны – Не, сьнег…
АПТЫМІСТ
Чый позірк бегае хутчэй за ўсіх? Чый алімпійскі слых Пачуе тонкі Намёк на ледзьве не нішто? Магчыма, Той мужчына ў паліто, Што йдзе і раптам адчувае Ў сабе сапрана і спявае На ўсю іванаўскую ноч. Ці бабця, што ў канцы жыцця Ў сабе адчула футбаліста, Падкінуўшы дзіцячы мячык. Ці чорны глухаваты пеўнік, Што ўсё маўчыць, ды неяк раптам Пабачыць іх і скажа: ці Ня ў кожным з нас схавана зерне, Якое марыць прарасці?
ПІСЕЦ, НАЙЛЕПШЫ Ў СЬВЕЦЕ
(верш, які ў такім выглядзе б не існаваў, калі б ня Віктар Жыбуль )
ЕНИ ВОНИ СЕ И ТСЯ,
Алексей Кручёных, “Евген. Онегин в 2 строч.”
У сьне пабачыў я сябе пісцом, што піша Хутчэй за ўсіх пісцоў Егіпту, І вось прыйшоў якісьці чалавек Дый кажа мне: “Вядома мне: сярод усіх пісцоў Егіпту Адзін ты здолееш перапісаць за дзень Папірус Эбэрса (ня жарты – 40 мэтраў!), Ды так прыгожа, быццам кожны знак Па сутках Выводзіў ты. І не зьяўлялася дасюль на сьвет пісца, Як ты такога, і ня зьявіцца ніколі. Ты – ты адзіны здольны мне дапамагчы. Вось гэты скрутак за гадзіну трэба мне Перапісаць. Яно на выгляд – драбязіна, Але ні разу не знайшоўся хоць адзіны, Перапісаць хто б здолеў за гадзіну, А праз гадзіну падкрадаўся цмок Навукі І адсякаў няшчасным рукі. І засталася мне апошняя са спроб, І калі мы з тобой натрапім на няўдачу, Прымчыць Нязнанае (я з жаху плачу!) І з намі вычварыць такое, Што не адробішся й адсечанай рукою. І я прасіць бы не пачаў цябе пра гэта, - Сказаў ён мне, - Ды мне вядома (хоць я й неадукаваны): Сусьветна важнае тут нешта напісана, І дзеля гэтых слоў жыцьця Сваё жыцьцё гатовы спляжыць я”. Я пагадзіўся, ён сыйшоў. За працу ўзяўся я адразу, Прагледзеў двойчы тую фразу, Яна была цудоўнай – ах! Хіба такое хто забудзе! Было там толькі ў двух радках Сказана аб вялікім цудзе. Падумаў: спраўлюся й за хвілю на хаду. Я ўзяў папірус, пэндзаль і ваду. І лёгка ўсё выходзіла, і ўдала, Нібыта кіравалі мной багі. Але адзін я скрутак скрэмзаў і другі, А фразе не відаць фіналу. Пісаў я пяць хвілін, пятнаццаць, дваццаць пяць, Папірус скончыўся; я стаў пісаць на сьценах, І на падлозе, і на столі, На траве, на каласках, І на руках, і на нагах, І на няшчасных мінаках, І на зямлі, і ў небе, І... усюды! Ды не спраўляўся я зь вялікім гэтым цудам, Пераказаным толькі ў двух радках. А час прызначаны прайшоў надзвычай хутка, І мой заказчык выбег з-за кута, Ён гучна плакаў і крычаў:
“Хутчэй жа, дружа!” Ды я ня мог хутчэй – і галасіў таксама, І тут Нязнанае паўстала паміж намі, І я прачнуўся са сьлязамі На вачах. І я сказаў сабе: ну й сон прысьніў я дзікі! Ня здолеў я перапісаць хоць і вялікі І хоць і цуд, а толькі ў двух радках!
УЯВІ
Мой маленькі слухач! Уяві сабе, што ты вялікі крумкач – Вялікі чорны крумкач, І дзяўбеш крывавую ежу, Якую я для цябе рэжу Кавалкамі ад жывых звяроў Пляскатым зубчастым нажом! Уявіў, як пырскае кроў? Гэта табе не баржом! Уявіў, як шматкамі ляціць крывавая воўна? Праўда, цудоўна!
ЭЛЕГІЯ № 1
Я зусім яшчэ маладая, Але ўпала на галаву І нікога больш не кахаю І наогул больш не жыву.
* * *
Тры танкісты выйшлі з танку І сьпяваюць калыханку: Ціха-ціхенька ляжы, Як памежнік на мяжы. Не палохайся чужынцаў – Гэта толькі муляжы. Па асеньняй павуцінцы Маршыруюць пехацінцы. Сьнегам лётчыкі з аблокаў Абстралялі ўсё навокал. Баявы сапёрны ўзвод Абясшкодзіў сьнег і лёд. Будаўнічы батальён Выклаў рэйкі зь летніх дзён. А марскі ваенны флот Сноў прывёз на цэлы год. Сноў чароўных, сноў квяцістых Аб пехоце і танкістах. Каб усё, што пра вайну, Стала зьместам толькі сну.
ТРУСІКІ
Ай вы трусікі-трусёнкі, Ай вы новыя мае, Ай ядвабны выраб тонкі Ай найлепшых куцюр’е!
Не з чырвонымі вачыма, З вушкамі, як ветракі,— Вы дзівоснае начыньне Пад маднюшчанскі прыкід.
Танчу з вамі па пакоі, Шчасьце зорамі іскрыць. Што б мне вырабіць такое Ад няма чаго рабіць?
Вось на злосьць ільду і сьнегу Па сьцяжынках ільдзяных Я ўсю зімку буду бегаць У тых трусіках адных.
Праз віхуру і завею, Праз паўночны зорапад, І зусім не захварэю, І зусім ня зьмерзну на’т!
А калі зазьзяе сонка, Скінуць футры ўсе ў пару, Я чароўныя трусёнкі Фэтышыстам падару.
ПРА РАЗУМЕНЬНЕ
Я разумею вершы пра вайну, Пра земляробства і пра паляваньне, Пра лета-восень, пра зіму-вясну, Пра ноч і дзень, пра ранак і зьмярканьне,
Пра родны кут, пра новы курс рубля, Пра вынікі сялянскага паўстаньня, Пра сьмех і сьлёзы, пра палёт чмяля Альбо пра ўзьнёсласьць п’янага хістаньня,
Пра будаўніцтва і пра руйнаваньне, Пра гатаваньне страў, тручэньне стравамі, І нават вершы пра вершаскладаньне Я разумею і лічу цікавымі.
Пра захапленьне і пра баляваньне, Пра пагадненьне і пра гадаваньне, Пра гвалтаваньне і пра катаваньне, Пра спаражненьне і ванітаваньне...
Не разумею толькі пра каханьне. Аб ім чытаю я апавяданьні.
ФЭМІНІСТКА
Я буду маўчаць, як палонны камрад, Пра тое, што вымерлі кавалеры, Што не прасьпяваюць яны сэрэнад І не патрымаюць дзьверы.
І Вас я адпраўлю дадому спаць, Таму што на вуліцы цёмна. Прыпруся дадому і буду ляжаць, Ад роспачы непрытомная,
Як пані ў гістэрыцы—не, лепей, як П’янюга: бутэльку намацаю, Вазьму дый насыплю ў гарэлку мыш’як І выклічу рэанімацыю.
Глыну дый схаваюся ў чамадан. Няхай мяне хопіць кандрашка Ад злосьці за тое, што Вашым рукам Ад цела майго ня цяжка.
KLIPMAKING
У лістападзе здымалі Кінакліп пра Купальле. Я здымалася ў кліпе І праз вогнішча скокала. Я праз вогнішча скокала Ды згубіла спадніцу. Я згубіла спадніцу І ў вогнішча кінула. І яны гэта выразалі. А я б пакінула.
ПАЎСТАНЬНЕ ВОШАЙ
Аднойчы ў вошай скончыліся грошы, І вошы паўзьнялі паўстаньне вошай.
Схапілі транспаранты і шампуры, Патрабавалі перхаці і скуры.
Мітынгавалі нават інваліды: "Канаем мы, хварэюць нашы гніды!"
Чакалі, што аднекуль з Антарктыды Іх прыйдуць падтрымаць арыбатыды.
Але ніхто не падтрымаў паўстанцаў, І выжыць ім не засталося шанцаў.
Яны паслалі SOS на доўгай хвалі. Іх не пачулі. І яны сканалі.
Такім быў сумны вынік інцыдэнта На малакроўных валасох студэнта.
ЛЮДЗІ Ў ПАДЗЕМЦЫ
Людзі ў падземцы губляюцца. Станцыі зачыняюцца. Ніхто ні пра што не пытаецца. Усе аб усім здагадваюцца.
* * *
Я заблукала ў кніжнай краме Паміж паліц са старадрукамі. Я зачапілася рукамі За крылы вокладак, цьвікамі Гатычных літар да радку Мяне прыбіў анёл зь віньеткі.
А год праз сто ў тваю руку Я ў выглядзе засохлай кветкі Неспадзяваным падарункам Зьлячу і раптам апяку Цябе балючым пацалункам.
Ты скажаш мацернае слова, І я сканаю канчаткова.
ЁН МОЙ
Аднойчы ўлетку нехта ржаваю пілой На дубе выразаў: “Ён мой”. Цяпер, у выніку дзівоснага здарэньня, Пад гэтым дубам ён ляжыць, Яго аплецены карэньнем. Вось так, амаль што выпадкова, Да дрэў прыходзіць наша мова, Каб недзе год праз тысяч пяць Нам моўчкі сьвечкамі стаяць, А ім хадзіць і размаўляць.
РАНІЦА (песенька Віні Пуха)
З раніцы ў мяне такі настрой, Што хош напіся, а хош утапіся. Гэта не таму, што я самагубца ці п’яніца. Проста раніцы не пазьбегнеш. На тое яна і раніца.
МАРОЗІВА
Адзін хлопчык маленькі Зьеў замнога марозіва, І ягоныя ножкі Ператварыліся ў нозіва,
А ручкі – у ручыва, А вочкі – у вочыва, А нос – у носіва, А пуза – у пузіва.
А трусікі – у трусіва, А боцікі – у боціва, А зубкі – у зубіва, А роцік – у роціва, А пяткі – у пяціва, А косткі – у косьціва, А валасы – у валосіва, А сьлёзы – у сьлёзіва.
Навошта, навошта Ён зьеў столькі марозіва?!
КАЛЫХАНАЧКА
Сьпі, сынку. Прабег прусак па тынку, Зараўлі дзіравыя трубы. Сьпі, мой любы. Сусед-шызафрэнік Нам у шыбу шпурляе Камяні, Але не трапляе. Сьпі-засьні. У пад’езьдзе нехта страляе. Нехта ломіцца ў нашыя дзьверы. Нехта лез праз акно, Ды нібы ў павучыну, Убіўся ў парцьеры. Гэта вельмі было даўно, Труп там цяпер астылы. Сьпі, мой мілы. Самалёты над гарадамі Круцяць вогненнымі хвастамі. Утыркаюцца крылы ў магілы, А стрэлы – у крылы. Па дарогах лётаюць кулі, Ды ня з рулі, А так – Іх вятры надзьмулі. Люлі-люлі. Чорны вэлюм лёг на зямлю, Зачыніліся крамы. Сьпяць і таты, і мамы. Толькі я, як той слон, ня сплю. Нехта ціха пяе Пра тых, хто п’е Валяр’янку І рыпіць зубамі аб шклянку Табе калыханку. Пацукі зрабілі палац са старых паштовак. Лес замёр у чаканьні буйных лесанарыхтовак. У паветры вісіць і зьвініць залаты званочак. Сьпі, сыночак. Сьпі, дарагуся. Я табе сьнюся.
КАЛІ Б ТЫ БЫЎ ДАЛЁКІ
Калі б ты быў далёкі, Мой сьпеў рыдаў бы нема, Твае б я чула крокі Паўсюдна, неадменна.
Твае б я чула словы І плакала б натхнёна І я была б шчасьлівай У горычы штодзённай.
Калі б ты быў далёкі, Я цалавала б кветкі, Твае б лавіла згукі У маркатаньні ветру,
Заломваліся б рукі У роспачы маўклівай. Калі б ты быў далёкі – О, я была б шчасьлівай!
Калі б ты быў далёкі… А ты жахліва блізкі, Бы зьвер мільёнавокі Ля бэзавай калыскі,
Як сонца не за хмуркай, А побач і навокал, Як вока для кузуркі, Што заляцела ў вока…
Калі б ты быў далёкі, Бы ў небе касманаўты, Ня пекліся б апёкі Там, дзе мяне кранаў ты.
І ты б ня біўся токам, Такі жахліва блізкі, І я б раўла аблокам, Яктала да вятрыскі,
Качала б голай лыткай У жалю і ў журбе І неймаверна брыдкай Была б сама сабе.
БЕРАЖЭЦЕ ЗУБЫ!
Я мыкала ў трубку старанна З усьмешкаю скрыўленых губ, І ты зразумеў, мой каханы, Што сёньня мне вырвалі зуб.
І я засталася бяз зуба. Цяпер ён чакае мяне Ў тым месцы, дзе мы з табой, любы, Бываем пакуль толькі ў сьне.
А сьніцца нам змрочная сьцежка, І зорачкай зьзяе над ёй Дзявоча-бяззубая ўсьмешка З прыгожай і чыстай душой.
ЛІСТ
Я пішу гэты ліст у ААН Каб атрымаць дазвол Забіваць сатурніян. Гэта яны, сатурніяне праклятыя, Ва ўсім, ва ўсім вінаватыя. Гэта ад іх усе пошасьці й хваробы, Усе недароды і ўсе недаробы, Ад іх усе вырадкі і ўсе ўрады, Усе прафсаюзы і гіт-парады. Гэта ад іх завёўся жук калярадзкі, Юры Шаўчук і Аляксандар Градзкі. Гэта яны пад рознымі імёнамі Плююць і сьмецяць пад антычнымі калёнамі. І я ненавіджу іх усім сваім сэрцам, Пырскаю ў іх газавымі балёнчыкамі зь перцам. А яны бываюць у форме і ў падвале (Аднойчы яны мяне нават арыштавалі), А яшчэ яны бываюць з хаерамі і з іракезамі, З устаўнымі зубамі, на катафалках і з пратэзамі, Але я бачу іх на кожным кроку, Бачу наскрозь і з кожнага боку, Гэта яны, ненавісныя сатурніяне, Атруцілі ваду ў Ціхім акіяне, І калі вы гэтага ня бачыце ў вашым ААНе, Дык можа, вы ў ім таксама сатурніяне! Я не магу вам даслаць гэты ліст. Няхай яго атрымае Грынпіс. Такі ж зялёны, Такі ж шалёны, Ён зразумее Мае праклёны Па-свойму І дасьць мне Абойму. Цалую й бяру ў абдойму. Забойца сатурніян, Нехта Напалеян.
КІНЖАЛ
Мне хтосьці спаць перашкаджаў. Я выцягнула свой кінжал. Ад сэрца—дзякуй!—асеціну-кавалю. Цяпер я вельмі добра сплю.
ЦУД
Аднойчы Віталік спытаў у мяне: “Хочаш, я пакажу табе месца, дзе бегаюць электрычныя жалезныя зьмеі?” Я адразу сабе ўявіла маленькае таямнічае месьцейка, дзе ў паўцемры снуюцца гнуткія бліскучыя зьмейкі – і зьвіняць, і пырскаюць іскрамі. “Хачу, вядома ж!” – я адказала, і мы пайшлі глядзець. Недалёка ад нашага дома была чыгунка, але каб пабачыць яе, трэба было пралезьці праз плот, бэтонны, але стары і зь дзіркамі. Побач з плотам і нават трошкі далей расьлі дрэвы – каштаны і яблыні – а пад імі расьлі грыбы. Мы іх часта зьбіралі й прыносілі дадому. Але нашы бацькі паміж сабой быццам змовіліся: ніколі іх не гатавалі, а заўсёды выкідвалі. Так што нікому з нас не пашчасьціла даведацца смаку гэтых грыбоў. І вось я ўявіла, што пад гэтымі дрэвамі, дзе ад цемры трава амаль не расьце, ёсьць кусты, і калі іх рассунуць, там, у сярэдзіне, на чорнай пляскатай пляцовачцы будуць віцца жалезныя электрычныя зьмеі і ціха-ціха, каб не чуваць было звонку, зьвінець і амаль бязгучна выпорскваць іскры. Я так размарылася, мы зь Віталікам падышлі да плоту, але не спыніліся, пралезьлі празь дзірку і апынуліся на гары. Адтуль унізе відаць было мноства паралельных дарожак-рэек, а на іх безьліч цягнікоў. Адны ехалі, другія стаялі. “Вось яны – электрычныя жалезныя зьмеі,” – задаволена сказаў Віталік і рукой паказаў на цягнікі. Я тады вельмі пакрыўдзілася і вырашыла абавязкова адпомсціць, але ня ведала, як. Дый ня вельмі хацелася менавіта помсьціць – мы ж зь Віталікам усё ж сябры! Але хацелася зрабіць штосьці такое, такое! Каб ён ведаў, што я магу рабіць сапраўдныя цуды, а не выдаваць за прыгожых фантастычных зьмеек звычайныя цягнікі. Але атрымлівалася, што цудаў я рабіць ня ўмею. Я шмат распавяла Віталіку небыліц, але ён ніводнай зь іх не паверыў. Таму што я сама ў іх ня верыла. Асабліва крыўдна было, што Віталік відавочна чакаў – што ж я супрацьпастаўлю электрычным жалезным зьмейкам? І тады я сказала, што бяз страху магу скочыць у вадаправодны люк, на скрыжаваньні, адчынены, зь якога заўсёды ідзе пара. Той самы, у які аднойчы звалілася дзяўчынка з суседняга двара – і больш яе ніхто ніколі ня бачыў. Віталік сказаў: “А вось ня скочыш”. Калі б ён гэтага не сказаў, я б і не спрабавала. А так я заціснула ўвесь свой страх паміж каленак і скочыла. І больш мяне ніхто ніколі ня бачыў.