Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“В.Быкаву ўсяго 42 гады, ён былы афіцэр арміі. Тыраж яго кніжак дасягнуў шасці мільёнаў экземпляраў” (1966)


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Цытаты мінулага - 11 красавіка. Што пісалі беларускія газэты ў гэты дзень.

“Сялянская ніва”, 1926 год. Пра выставу беларускай кнігі ў Празе:

“Выстаўка адбылася 8, 9 і 10 сакавіка г.г. у памяшканьні кнігарні і выдавецтва “Полымя”, якімі кіруюць у сучасны мамэнт чэскія грамадзкія працоўнікі… Гэта другая па лічбе выстаўка ў Празе. Першая была ў 1925 г. Тагды беларускі аддзел быў зроблены рукамі расейцаў, якія заўсёды імкнуцца затушаваць беларусаў і ўкраінцаў у “агульна рускім моры”… На гэты раз беларусы і ўкраінцы далі належны адпор. Агледзіла выстаўку больш за тысячу асоб… Асаблівую цікавасьць выяўляла прафэсура, журналісты і студэнты. Выстаўку адведаў міністр асьветы Чэхаславацкае Рэспублікі”.

“Бацькаўшчына”, 1956 год:

“Не было-б ніякага дзіва, калі-б усе Сталінграды, Сталінабады, усе калгасы, заводы, вуліцы імені Сталіна раптам былі перайменаваны, а пляны ўсіх гарадоў былі ачышчаныя ад ягоных памятнікаў. Можна сабе выабразіць, які велізарны пераварот азначала-б такая акцыя ў некаторых дзялянках духовага жыцьця… Бадай што ўвесь дасюлетні літаратурны багаж такіх беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў, як П.Броўка, П.Глебка, А.Куляшоў, М.Лынькоў, К.Крапіва й дзесяткі іншых, пайшоў-бы на макулятуру…”

“Ніва”, 1966 год. Сакрат Яновіч пра пісьменьнікаў з Горадні:

“Гродненскае пісьменніцкае аддзяленне налічвае 5 (пяць) чалавек… Пасярод гэтага скромнага ліку знаходзіцца слава беларускай прозы — Васіль Быкаў. Гэтае прозвішча ведае ўся Беларусь і Савецкі Саюз. В.Быкаву ўсяго 42 гады, ён былы афіцэр арміі. Тыраж яго кніжак дасягнуў шасці мільёнаў экземпляраў — такім тыражом не можа легітымавацца ніводзін беларускі празаік… Найноўшая яго аповесць “Мёртвым не баліць” сталася цяпер літаратурнай падзеяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG