Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Анатоль Івашчанка, Сяргей Панізьнік, Алесь Чумакоў


Радыё Свабода (эфір 1 красавіка) Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”.

Літпрацэс

Валянціна Аксак, Менск

Сваю кніжную бібліятэчку заснаваў часопіс “Дзеяслоў” — адзіны незалежны літаратурны пэрыёдык краіны. І першай на яе палічку стаў зборнік вершаў дваццацічатырохгадовага паэта Анатоля Івашчанкі пад шматзначным назовам “Вершnick”. Дэбютант дзесловаўскай бібліятэчкі — сёньняшні госьць нашай менскай студыі. Зь ім гаворыць нашая карэспандэнтка.

(Валянціна Аксак: ) “Ваша першая кніжка называецца “Вершnick”, прытым, першая частка слова напісана кірыліцай, а другая — лацініцай. Чаму такі назоў?”

(Анатоль Івашчанка: ) “Для тых, хто ня ведае, варта сказаць: nick з ангельска-інтэрнэтнай мовы азначае псэўданім. Наагул назва — гэта такі графічны аказіяналізм, можна сказаць: аўтарскі наватвор. Па ягоным гучаньні разумеем, пра што гаворка, а пры графічным выяўленьні дадаюцца новыя сэнсавыя адценьні. Акрамя ўсяго, вершнік — гэта своеасаблівы сымбаль утаймаваньня цела духам”.

(Аксак: ) “Ваша пакаленьне ня надта давярае папяровым носьбітам сваіх твораў, найчасьцей яно зьмяшчае свае вершы, апавяданьні і нават цэлыя раманы ў інтэрнэце. Скажыце, як вы ставіцеся да гэтай практыкі? Ці лічыце, што з часам кніга наагул (і ваша — таксама) перастане знаходзіць свайго чытача, што ўсе перамесьцяцца ў пошуках новых твораў, — у тым ліку, і беларускай літаратуры — у інтэрнэт-прастору?”

(Івашчанка: ) “Калі я толькі пачынаў нешта ствараць, то сапраўды інтэрнэт вабіў сваёй вольнай прасторай для самавыяўленьня, і нейкую частку тэкстаў, якія ёсьць у гэтай кнізе, я таксама зьмяшчаў у інтэрнэце. Але на сёньня мне гэта ня дужа цікав: мне падаецца, што беларускі інтэрнэт кепска насычаны прывабнымі тэкстамі, няма, можа, нейкага рэсурсу, які іх вылучаў бы добрым чынам, — адрозна ад рунэту так званага, у якім ёсьць выдатныя проста паэтычныя сайты. Але мы ўрэшце дойдзем да добрай электроннай формы літаратуры. Натуральна, кніжкі застануцца, але сёньняшняе пакаленьне, якое называюць next ці post, кніжкі ня дужа палюбляе набываць. Яму прасьцей спампаваць адкульсьці патрэбныя творы”.

(Аксак: ) “У такім разе навошта вы выпускалі сваю кніжку? На якога чытача вы спадзяваліся?”

(Івашчанка: ) “Я да гэтага пакаленьня next сябе не прылічаю, хоць у мяне і ёсьць нейкія модныя штукі, ці, як сёньня кажуць, фішкі, але мне больш прыемная папяровая кніга, чым нейкая там жалезная на маніторы. Трэба адчуваць усё ж цеплыню фарбы друкарскай, яе пах. Каб рукі трымалі аздоблены мастаком тэкст…”

(Аксак: ) “А ў нашым радыйным выпадку мы можам яшчэ й пачуць прыгожы тэмбар вашага голасу. Калі ласка, пачытайце колькі вершаў ці з гэтай кнігі, ці новых”.

(Івашчанка: ) “У мяне нядаўна нарадзіўся адзін тэкст, ён не зусім датычны сёньняшніх падзеяў у краіне, але зусім блізкі да іх. Тэкст называецца “Маё”:

высьлізгвае бы шчупак пакідаючы сьлізь у далонях у валасох ува мне. знаёмыя радкі складаюцца ў нэкралёг. адзіная паэтка падобная на нязьменную цыгарэту ў яе руках. паветра вакол крыху хістаецца гэта тарпэды лятуць на сьвятло сьвечак у нашых вокнах у нашых вачох... лепім налепкі на ранак на іх сьляды кіпцюроў. хлусьня сьцякае з тэлескрыні на шпалеры, на фіранкі і вось мы таксама у сыстэме. уганараваныя сэрцамі птахаў хварэем на H5N1. дыктарка цэліць у твары сваёй жоўтай сьлінай. дворнікі што змываюць пляўкі з экрану працуюць у найхуткім рэжыме. маё сядае на паперу курчыцца й шыпіць...

а ў швэйцарскіх гарах у позе воіна сядзіць чалавек і ўлагоджвае свой Акіян. як бы я хацеў зазірнуць яму ў вочы!

(Аксак: ) “Спадар Анатоль, дазвольце мне нешта кшталту асабістай заяўкі. Ляўрэатам прэміі “Залатая літара”, якую штогод на 25 сакавіка ўручае вядомы літаратар і кнігавыдавец, вы сталі летась не за асобны твор, а толькі за два радкі зь яго. Гэта, бадай што, унікальны выпадак ляўрэацтва ня толькі ў беларускай, а наагул — у гісторыі літаратуры. Калі ласка, пачытайце нам гэты верш, акцэнтуючы тыя два радкі, якія сталі ляўрэацкімі”.

(Івашчанка: ) Я — слуп, прыбіты да ганебнага чалавека. І мы абодва адчуваем безвыходнасьць гэтае сытуацыі: я хутка пушчу карані празь яго мачу ды пот, а ён чакае, калі я вырасту настолькі высока, каб нехта накіраваў у мяне пасажырскі ляйнэр.

(Аксак: ) “На заканчэньне, можа быць, пачытаеце нешта больш вяснова-аптымістычнае?

(Івашчанка: )

шэрыя гмахі чаканьне менскія птахі зь вяртаньнем нас зь небыцьця уварваньне хутка вясна прывітаньне

(Аксак: ) “Гэта быў малады паэт Анатоль Івашчанка, чыя першая кніжка “Вершnick” выдадзена нядаўна ў бібліятэчцы “Дзеяслова”. Пра пляны новай кніжнай сэрыі, заснаванай часопісам “Дзеяслоў”, мы просім распавесьці ягонага галоўнага рэдактара Барыса Пятровіча”.

(Пятровіч: ) “Мы арыентаваны ў гэтай сэрыі найперш на пачаткоўцаў-аўтараў, якія пасьпелі заявіць пра сябе і ў нашым часопісе, і ў іншых выданьнях. Але, па вялікім рахунку, выдаўцамі сёньня не расьпешчаны нашы вядомыя аўтары, нашы знакамітыя аўтары, аўтары сярэдняга пакаленьня. Таму тут поле дзейнасьці вельмі шырокае. Адзінае, чаго я не магу гарантаваць пакуль, — што гэта будзе сэрыя, якая мае выдавацца новай кніжкай да кожнага чарговага нумару часопіса. Пакуль што такой магчымасьці ў нас няма”.

(Аксак: ) “Але вы рыхтуеце нейкую наступную кніжку ці некалькі, мо, нават?”

(Пятровіч: ) “Мы даўно ўжо рыхтуем кніжку вядомай паэткі Тацяны Сапач, зь якое думалі пачаць, але пакуль не атрымалася. Ёсьць у нашых плянах кнігі маладых аўтараў “Дзеяслова” Ўсевалада Сьцебуракі й Галы Гары. Пакуль што пляны не сягаюць далёка — усяго толькі на некалькі кніжак наперад”.

Аўтар і твор

Сяргей Панізьнік: “Інтэлігенцыя павінна павышаць тэмпэратуру вясны”

Дысыдэнт у 60-я і 70-я гады, ініцыятар шматлікіх культурна-асьветніцкіх праектаў у 90-я, сёньня Сяргей Панізьнік ачольвае ажно два таварыствы дружбы з замежжам — беларуска-чэскае й беларуска-латвійскае. Пра “дыфузію культураў” і вызваленьне ад генэтычнага страху на менскіх вуліцах зь Сяргеем Панізьнікам гутарыць Міхась Скобла.

(Скобла: ) “Спадар Сяргей, на пачатку 70-х гадоў вас звальнялі з працы за іншадумства. На той час падобнае здаралася рэдка. Сёньня ж адбываецца на кожным кроку. Але абыякавасьць грамадзтва і тады, і цяпер — тая самая. Ці ня так?”

(Панізьнік: ) “Не, далёка ня тая самая. Бо ўлада перайшла той рубікон, пасьля якога абыякавым заставацца нельга. Мне чаго шкада? Што з абодвух бакоў барыкадаў — нашы беларускія людзі. І вось беларуса б’е беларус, зьдзекуецца. У нас страх генэтычна складаўся, мы яго вякамі ў сябе ўбіралі. Але сёньня — падкрэсьлю — ён дайшоў да свайго апагею й пайшоў на спад. Гэта я адчуваю на сабе. Я перажыў часы, калі мне рукі ніхто не падаваў, — баяліся. Сёньня страх выпарваецца, растае паступова, як туман. Пралескі ёсьць, будуць і іншыя кветкі”.

(Скобла: ) “Вы — сябра Рады беларускай інтэлігенцыі, якая настроена апазыцыйна. Але ж частка інтэлігенцыі адносіцца да ўлады ляяльна. Што можа вас прымірыць?”

(Панізьнік: ) “У мяне былі сустрэчы зь людзьмі, якія прытрымліваюцца іншых са мною поглядаў, і непрымірымыя да мяне. Я пытаюся ў іх: “А што між намі?” Аказваецца — між намі Беларусь. І калі мы стаім на краёчках, то давайце сыходзіцца, паразуменьне знаходзіць. Мы папросту павінны паразумецца й прыйсьці да згоды. Падобная варажнеча была і ў другіх народаў. І ўсё такі сыходзіў ляднік нянавісьці. Задача інтэлігенцыі — павышаць тэмпэратуру вясны. На тым баку барыкадаў шмат зьледзянелых душаў. Сам ляднік не разбурыцца — трэба павышаць тэмпэратуру.

(Скобла: ) “Вы ўзначальваеце адразу дзьве грамадзкія арганізацыі — Беларуска-чэскае таварыства й Беларуска-латвійскае. Ці атрымліваецца ў сёньняшніх умовах супрацоўніцтва з замежжам?”

(Панізьнік: ) “Супрацоўніцтва атрымліваецца тады, калі існуюць арганізацыі-“люстэркі” — аналягічныя арганізацыі за мяжой. Ян Райніс яшчэ ў 1929 годзе ў Латвіі ствараў такое “люстэрка”. На жаль, у многіх краінах няма такіх арганізацый. Я служу дыфузіі культураў. Мне вельмі важна, каб мы пра чэхаў больш ведалі, бо Прага — асяродак і беларускай культуры ( пачытайце хоць бы раман Віктара Вальтара “Роджаныя пад Сатурнам”). А Латвія — я жартую — гэта мой выхад да мора. Вельмі важна, каб у Латвіі й Чэхіі прысутнічала беларуская культура, бо ў нас зь імі векавое парадненьне. Вось цяпер мы рыхтуем вечарыны латыскіх паэтаў Візмы Бэлшавіцы й Кнута Скуенікса. Для Латвіі гэта знакавыя постаці.

Раней пераклады густа ішлі, цяпер зацішша. Нядаўна ў Беларусі гасьцяваў японскі прафэсар Го, які хоча перакласьці Ўладзімера Караткевіча. Гэта выдатна, але мы, у сваю чаргу, мусім паслаць у Японію свайго чалавека з аналягічнай місіяй — каб перакладаў японскую клясыку. Гэта самае важнае сёньня. Памятаю, калі я працаваў у выдавецтве “Юнацтва”, мы зьдзіўляліся: у Эстоніі штотыдзень выходзіць кніга перакладаў — прычым, кішэннага фармату, для кожнага эстонца. Нас палохаюць наступствамі глябалізацыі. А, як на мой погляд, яна толькі спрыяць будзе, але тым нацыям, якія паўстаюць зьнічамі.

(Скобла: ) “Ведаю, што вы заўсёды працуеце адразу над некалькімі праектамі. І ўсё ж, што мае выйсьці ў найбліжэйшы час?”

(Панізьнік: ) “Вельмі шмат было напісана песень на мае вершы. І мне захацелася сабраць іх у адзін сьпеўнік. Называцца ён будзе па эвангельску – “Радавацца й не баяцца”.

Сяргей Панізьнік. З новых вершаў

Temperatura

Зіма. Новы год. Ацяпляльны сэзон. Пячэцца мароз І бамжам, і паэтам. Затое не вымераць Дыяпазон Цаны прэзыдэнтам.

Люблю я сугрэў, Як і той фараон, Які ў падзямельлі Застаўся сакрэтам. Сягоньня дыктуе Свабоды азон Цану прэзыдэнтам.

А стаўкі растуць… Замярзаць не рэзон. “Газпраму” ня буду Ліхім канкурэнтам. Вясна ў нас, Расея: Ня стаў парасон Над танным партрэтам.

На Стрэчаньне

Сіла сілу паважае. Сілу й вораг не скубе. Сіла сілу нараджае У няроўнай барацьбе.

— Не баюся… — Гэта сіла. — Не скаруся!.. — Гэта раць. Беларусь нас папрасіла Шчыт наперад выстаўляць.

“Памяркоўныя” — у брудзе. “Талерантныя” — у кут! Вы сябе ня беце ў грудзі, Судзьдзі… Будзе Божы суд.

Не абломімся на здрадзе Ў чарадзейнай чарадзе. Сіла ў рыцарскім паглядзе. Дужы Моцных Павядзе.

Вакно ў Эўропу

Былі ў Эўропу вокны, як байніцы. Былі і дзьверы, дзе парог ірдзеў. Пад гусеніцы клаліся сталіцы І аксамітны веснавы спадзеў.

Гляджу ў вакно, а нельга прытуліцца: Цяплушачна-вагонны пыл сьцьвярдзеў (хтось ціха ўсё жыцьцё за ім сядзеў, ці біўся матылём і халадзеў).

Вакно ў Эўропу… Можа, памаліцца? Бо я ўжо не баюся памыліцца: Ў маё вакно, хоць і даўно хацеў, Яшчэ ніхто з Эўропы не глядзеў.

Смага Прагі Pravda vitezi!

Золата — у струнах. Срэбра — ў даўніне. Прага! Ты ратунак І маёй вясьне.

Па тваіх каменьнях Да тваіх крыжоў З прагаю збавеньня Беларус ішоў.

Навучыў Масарык, Прагі праўдалюб: “Не бяруць васалы Са Свабодай шлюб”.

Зь беларусаў сьмелых Вырастаў букет. Бел-чырвона-белы — Праскі першацьвет.

Станем ля падножжа У Скарынаў сьлед: –– Праўда пераможа! — Прагны запавет.

Баляда пра стрыжань

Жар літар, Дар пітва З малітвы: “Мы — літва”.

Прыдзьвінна Я крычу: “Ліцьвінна Крывічу!”

Ярэмны Зьняты брус: “Хто — крэўны Беларус?”

Мудрэцкі Кляп у рот: “Савецкі Мы народ”.

Іржавая Шляя… Дзяржава? Ёсьць. А я?

Мой стрыжань, Літар жар — Узьвіжаньню Крыжа.

Нотны сшытак

Дзьмітры Падбярэскі, Менск

Гусьлі: прэм’ера праз стагодзьдзі

Праект “Старажытная зямля” паказаў у Менску праграму рэдкай для нашых часоў музыкі, складзенай з твораў у выкананьні на гусьлях — інструмэнце, які яшчэ нядаўна не лічыўся беларускім. Канцэрт мусіў даказаць адваротнае.

(Падбярэскі: ) “Адраджэньне гусьлярнай музыкі ў выканальніцкай форме пачалося адносна нядаўна. Гусьлі трывала ўвайшлі ў інструмэнтарый такіх калектываў, як “Этна-трыо “Тройца”, “Стары Ольса”, а на заплянаваны на 23-га сакавіка канцэрт у Менску былі заяўлены выступы сямі гусьляроў. Сярод іх — і Алесь Чумакоў, музыка “Старога Ольсы”, зь якім я гутарыў за колькі гадзін перад пачаткам. Праўда, у зьвязку з падзеямі на Кастрычніцкай плошчы, Алесь выказаў занепакоенасьць — ці ўсе заяўленыя музыкі змогуць узяць удзел у канцэрце. А ўсё ж я пацікавіўся гусьлярнай традыцыяй у беларускай музыцы”.

(Чумакоў: ) “Калі браць рэальныя зьвесткі пра гусьлі, дык яны былі ў нас зафіксаваны толькі ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў. І зафіксавана было ўжо амаль зьнікненьне традыцыі. Хвост традыцыі захапілі расейскія дасьледчыкі Паўночна-Заходняга краю Раманаў і Прывалаў. Яны зафіксавалі вось гэтую этнаграфічную традыцыю гусьляў, і традыцыя гэтая вельмі падобна да традыцыі Наўгародчыны й Пскоўшчыны з расейскіх рэгіёнаў, а таксама цалкам да ўсяе латгальскае, латыскае традыцыі. Мы цяпер можам казаць пра гэткую традыцыю гусьляў крылападобных, што да рэгіёну, пачынаючы на поўначы з Ноўгараду й на поўдні заканчваючы недзе Віцебскай вобласьцю. Гэтая традыцыя ў нас дакладна была, і гэта гусьлі, на якіх мы граем у гурце “Стары Ольса”. Увогуле, першыя археалягічныя крыніцы вядомы з раскопак у Вялікім Ноўгарадзе й датаваны ХVII-XVIII стагодзьдзямі. Ёсьць розныя падыходы да назвы “крылападобныя”. Латышы кажуць: крылападобныя таму, што маецца “крыло” — за лінію калкоў выступае тоненькая дошчачка, якая рэзануе й дае дадатковы гук. Далей можна паглядзець, што маецца трошкі ў іншых рэгіёнах, калі ўзяць Літву, Аўкштайтыю плюс крыху Латвіі. Сюды ж падпадаюць Эстонія, Фінляндыя. Гэта гусьлі, паводле Прывалава, тыпу кантэле, дзе крыла няма, і па форме яны больш нагадваюць трохвугольнік”.

(Падбярэскі: ) “Зразумела, я ня мог не пацікавіцца, як жа складаецца рэпэртуар выканаўцаў-гусьляроў? Ці маюцца ноты, ці супадае строй гусьляў — даволі архаічнага, як можна меркаваць, інструмэнту з народнай музычнай традыцыяй?”

(Чумакоў: ) “Менавіта для гусьляў нотныя запісы можна адшукаць на Віленшчыне, дзе гэта добра дасьледавалася ў 30-я гады. Жывых гусьляроў сабралі, запісалі музыку нотамі, зрабілі фатаздымкі, сабралі інструмэнты. Што ў нас маецца з нотаў зь беларускай традыцыі? Той жа Прывалаў апісаў строй гусьляў Віцебскай губэрні, і далей мы можам папросту браць народныя танцавальныя мэлёдыі таго рэгіёну, дзе бытавалі гусьлі, і выконваць іх. Таму што мэлёдыі гэтыя ўжо цалкам кладуцца на той строй, які зафіксаваў Прывалаў”.

(Падбярэскі: ) “Як высьветлілася падчас гутаркі, ідэя правесьці такі канцэрт і тым самым засьведчыць адраджэньне традыцыі гусьлярства, нарадзілася дастаткова даўно. Ініцыятарамі выступілі Арына Вячорка й Зьміцер Сасноўскі, а таксама Алесь Чумакоў, якому была даручана яшчэ й роля вядоўцы канцэрту”.

(Чумакоў: ) “Я буду, канечне, імкнуцца да таго, каб канцэрт не выглядаў зьлёгку сумным. Таму канцэрт ператворыцца ў такую інтэрактыўную лекцыю з музыкай. На жаль, гасьцей ня будзе. Мы вялі перамовы з латышамі, але яны папросту ня здолелі да нас даехаць. Я думаю, што тады, калі мы зробім другую вэрсію гэтай імпрэзы, мы запросім і латышоў, і рускіх — карацей, будзе ўсё больш разнастайна. Сёньня ж мы трошкі падрыхтуем такую аснову, каб людзі зразумелі, што такое гусьлі, чаму гэты інструмэнт беларускі, інструмэнт, які канкрэтна датычыцца беларускай традыцыі выкананьня народнай музыкі. Хто хоць бы аднойчы чуў гусьлі, калі грае добры музыка, ведае: гэта вельмі прыгожа, і не падобна гучаньнем ні да аднаго струннага інструмэнту. Як пісаў Прывалаў на пачатку ХХ стагодзьдзя такой дзіўнай дарэвалюцыйнай мовай, “гучаньне гусьляў ідзе зь вялікай пэдаляй”, гэта значыць — пастаянна цягнуцца гукі. І пакуль не заглушыш струну, яна няспынна гучыць, і гучыць доўга-доўга. Гэтыя гукі наслойваюцца адзін на аднаго — атрымліваецца вельмі прыгожа, інструмэнт проста сам сьпявае. Таму, напэўна, народ прыдумляў розныя паданьні пра гусьлі-самагуды. Гук — неапісальны. Трэба прыехаць і пачуць самім”.

(Падбярэскі: ) “Гусьлі насамрэч надзвычай разнастаяць гучаньне сучасных калектываў і выдатна адчуваюць сябе ў спалучэньні з іншымі народнымі інструмэнтамі. Адзін з такіх прыкладаў — музыка ансамблю “Стары Ольса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG