Друкарскі варштат
Зьміцер Санько: “Такога кніжнага буму, як на пачатку 1990-х гадоў, ужо ніколі ня будзе”
15 краінаў, 520 удзельнікаў, зь якіх 383 прадстаўляюць Беларусь — гэткая асноўная статыстыка XIII Міжнароднага кніжнага кірмашу, які ад 9 да 12 лютага працуе ў Менску. Статыстыка, якая ня ўлічвае, колькі сапраўды тут прадстаўлена беларускіх паводле зьместу і мовы кніжных навінак, выдрукаваных у Рэспубліцы Беларусь.
Ля стэнду незалежнае “Тэхналёгіі” поўна тых беларускіх чытачоў, хто хоча мець новую кнігу пра сябе, сваю гісторыю, свой народ. Ім прапануюцца важкія тамы вершаванкі для дзяцей “Побач з намі на зямлі”, адметнае дасьледаваньне пра караля Міндоўга, першы поўны жыцьцяпіс і ўспаміны пра кампазытара Міколу Равенскага… Пра месца “Тэхналёгіі” на сёньняшнім кніжным рынку краіны зь яе галоўным рэдактарам Зьмітром Саньком гаворыць нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.
(Валянціна Аксак: ) “Скажыце, калі ласка, ці запатрабаваныя выданьні вашага выдавецтва, ці адчуваеце вы, што яны сёньня патрэбныя беларускаму чытачу?”
(Зьміцер Санько: ) “Я не хачу сказаць, што попыт на кнігі на беларускай мове і на гістарычную тэматыку такі, які ён быў на пачатку 1990-х гадоў. Вядома ж, розьніца велізарная. Адбыліся вялікія зьмены на кніжным рынку перш за ўсё з прычыны таго, што катастрафічна панізіўся пакупніцкі попыт. Але тым ня менш, названыя кнігі маюць устойлівую запатрабаванасьць, яны раскупляюцца. Зацікаўленасьць чытацкай аўдыторыі мы адчуваем”.
(Аксак: ) “Удзельнічаючы падобнымі выданьнямі ў міжнароднай кніжнай выставе на што вы разьлічваеце: на нейкія новыя сфэры распаўсюду гэтых кніжак, ці яшчэ якія ў вас тут пляны?”
(Санько: ) “Мы ня першы год удзельнічаем у гэткай выставе (яны праводзяцца штогоду) і з свайго досьведу бачым, што тут найбольшы вынік нашага ўдзелу і нашай працы — гэта азнаямленьне шырокай чытацкай аўдыторыі з нашымі выданьнямі. На большае тут разьлічваць, бадай, не даводзіцца. Зразумела, што ў пэўнай ступені гэта прыцягвае да нас патэнцыйных партнэраў, і былі такія выпадкі, калі людзі, азнаёміўшыся з нашымі выданьнямі, пабачыўшы, што мы робім, што ўмеем рабіць, ішлі на супрацоўніцтва з намі. Але ўсё ж такі пераважна — гэта азнаямленьне нашых чытачоў з нашымі новымі кнігамі”.
(Аксак: ) “У вашай экспазыцыі сёньня я ўбачыла адну новую кніжку, якая яшчэ да свайго выхаду выклікала вялікі розгалас у зацікаўленых колах. Кажуць, што гэтая кніга можа зрабіць пераварот у поглядах на месца і ролю беларусаў ва ўсясьветнай гісторыі — я маю на ўвазе кнігу Аляксея Мікуліча “Беларусы ў генэтычнай прасторы. Антрапалёгія этнасу”. Скажыце, калі ласка, вы знайшлі гэтага аўтара, аўтар вас знайшоў? Як наагул складваецца вашая выдавецкая палітыка?”
(Санько: ) “Адным з асноўных профіляў нашай выдавецкай дзейнасьці зьяўляецца выданьне навуковай літаратуры. Зразумела, што асноўны корпус навукоўцаў — Акадэмія навук Беларусі. І таму ў нас сталае супрацоўніцтва з аўтарамі з Акадэміі навук і невыпадкова, што яны да нас прыходзяць. Яны бачаць кнігі сваіх калегаў — манаграфіі, энцыкляпэдычныя даведнікі, слоўнікі, навукова-папулярныя працы, ім гэта падабаецца, яны нам пра гэта кажуць, што прыходзяць да нас у спадзяваньні на супрацоўніцтва менавіта таму, што гэтыя кнігі ім спадабаліся. Што да кнігі Аляксея Мікуліча “Беларусы ў генэтычнай прасторы. Антрапалёгія этнасу”, то з гэтым аўтарам я знаёмы вельмі даўно…”
(Аксак: ) “Можа быць, выкажаце колькі прынцыповых пасылаў гэтага аўтара, які выклікаў у адмыслоўцаў надзвычай вялікі інтарэс сваёй кнігай?”
(Санько: ) “Я разумею, чаму гэтая кніга так зацікавіла людзей. Бо падобных выданьняў не было. За саветамі антрапалёгія, як тая навука, якая магла праліць сьвет на непажаданыя для ўлады рэчы, заставалася на другім пляне. Дастаткова нагадаць хаця б забароненую канфэрэнцыю па этнагенэзе беларусаў, якая мусіла адбыцца ў 1973 годзе. Гэта невыпадкова, бо вядома, калі курс быў узяты на стварэньне “новой этнической общности “советский народ”, то антрапалёгія фактычна ўжо не патрэбная. У гэтых абставінах антраполягі не маглі сьмела выказваць свае думкі, і вялікая заслуга Аляксея Мікуліча ў тым, што ён сабраў унікальны матэрыял, які сёньня сабраць ужо немагчыма, бо ўжо няма тых людзей.
Ён дасьледаваў блізу 120 лякальных папуляцыяў карэнных беларусаў. А карэнных — гэта значыць, тых, якія маюць продкаў мясцовага паходжаньня да чацьвертага-пятага пакаленьня. Гэтым генэтычным матэрыялам ён апэраваў. Да якіх высноваў ён прыйшоў? Першая выснова, якая шакуе шмат каго, — гэта тое, што вось гэтыя карэнныя папуляцыі беларусаў вядуць свой радавод ня менш як цягам ста трыццаці-ста сарака пакаленьняў. Гэта значыць, пачынаючы самае позьняе зь сярэдзіны другога тысячагодзьдзя перад нараджэньнем Хрыстовым, а да нашага часу — гэта тры з паловай тысячы гадоў”.
(Аксак: ) “Як пачуваюцца сёньня беларускія недзяржаўныя выдавецтвы, якія спэцыялізуюцца на такой літаратуры? Ці ёсьць у вас з гэтым праблемы?”
(Санько: ) “Шчыра скажу, такіх праблемаў мы ня маем. Нас, вядома, у дадзенай сытуацыі больш за ўсё турбуе нізкая пакупніцкая здольнасьць нашага насельніцтва. Нізкая пакупніцкая здольнасьць нашага насельніцтва і тое, што людзі пераарыентоўваюцца з чытаньня кніг на атрыманьне інфармацыі праз тэлебачаньне”.
(Аксак: ) “Вы лічыце, што навукова-асьветная кніга сыходзіць пакрысе ў нябыт?”
(Санько: ) “Я гэтага не казаў, і я спадзяюся, што гэтага ніколі ня будзе, але таго кніжнага буму, пра які мы памятаем яшчэ, відаць, ужо ня будзе ніколі”.
(Аксак: ) “Пры такіх высновах зь якім жа настроем вы працуеце? Што вы зьбіраецеся выдаваць, чым парадуеце прыхільнікаў сваіх выданьняў у наступным годзе ці яшчэ сёлета?”
(Санько: ) “Мне прыкра, калі вы адчулі ў маім голасе пэсымістычны настрой!.. Мы робім сваю справу, робім тое, што мы ўмеем рабіць, робім тое, што патрэбна нашым людзям, нашаму народу”.
Кніга і аўтар
Васіль Зуёнак: “Сваю душу не прадавай уладнай вэртыкалі”
Апошняя кніга Васіля Зуёнка “Пісьмы з гэтага сьвету” выйшла дванаццаць гадоў таму. Увесь гэты час паэт вымушаны пісаць у шуфляду, не спадзеючыся на дзяржаўныя выдавецтвы. З шуфляды ўзятыя і вершы, якія прагучаць сёньня ў нашай перадачы. А перад тым паэт адкажа на пытаньні Міхася Скоблы.
(Міхась Скобла: ) “Спадар Васіль, вы працяглы час займалі кіроўныя пасады: былі галоўным рэдактарам часопісаў “Маладосць” і “Бярозка”, два тэрміны абіраліся старшынём Саюзу пісьменьнікаў. Максім Танк у дзёньніках уздыхаў, што зашмат часу прасядзеў у прэзыдыюмах. А вам не ўздыхаецца?”
(Васіль Зуёнак: ) “Калі я займаў пасаду старшыні Саюзу пісьменьнікаў, то ўжо не да прэзыдыюмаў было. У 1990-я гады настаў мітусьлівы, пасьпешлівы час, ратавацца трэба было. Тады ж і Дом літаратара пад пагрозай апынуўся. І ў прэзыдыюмах пытаньне не вырашалася, яно вырашалася на судовых лаўках. Мы тады дайшлі да Вярхоўнага Суду і ня ведалі, што пытаньне наконт нашага Дому ўжо вырашана адным вядомым усім подпісам, і наша маёмасьць пераходзіць ва ўласнасьць Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Гэта ў час старшыняваньня Максіма Танка ў прэзыдыюмах можна было вершы пісаць, што ён, па-мойму, і рабіў. Лірычная душа заўжды працуе, не выключаецца ў любых абставінах”.
(Скобла: ) “Калі прыходзіць натхненьне, вы можаце ад усяго абстрагавацца, сесьці і пісаць?”
(Зуёнак: ) “Калі жыцьцё дазваляе, можна і абстрагавацца. У мяне гэта рэдка бывае. Скажам, калі пайду на лецішчы ў лес, у грыбы, то там ёсьць моманты зьліцьця з прыродай, адлучэньня ад будзённых клопатаў — у суразмоўі з травой, з дрэвамі, з кветкамі, з птушкамі. Бываюць такія шчасьлівыя імгненьні. І як на ліха ніколі з сабой асадкі няма! І тады стараесься гэтыя радкі запомніць, ходзіш і паўтараеш страфа за страфой. Добра, калі данясеш дадому”.
(Скобла: ) “Сёньня ў Беларусі існуюць два Саюзы пісьменьнікаў. Чаго ад гэтага больш: карысьці ці шкоды?”
(Зуёнак: ) “Стварэньне яшчэ аднаго Саюзу пісьменьнікаў — толькі на шкоду нашай літаратуры. Нас нішто не павінна раскалоць, ніякая сякера не павінна разьбіць. Таму што ў нас пакуль адзіная мэта — захаваць беларускую мову, літаратуру ў яе цэласнасьці, якая б яна ні была, час разьбярэцца. Будучыня не за тымі, хто стварыў яшчэ адзін саюз. Сабраліся там людзі пакрыўджаныя, асабліва сваю крыўду падкрэсьлівалі нашыя расейскамоўныя сябры: быццам іх не прыкмячаюць. Няпраўда гэта. Таленавітыя паэты, якія пісалі па-расейску, скажам, Навум Кісьлік, яны заўсёды карысталіся аўтарытэтам і павагай у нашым Саюзе. Так што тым “пакрыўджаным” крыўдаваць трэба хіба што на свой талент. Літаратура не вымяраецца грудамі тамоў, яна вымяраецца талентам”.
(Скобла: ) “Янка Брыль пісаў, што каб падтрымліваць сябе ў форме, ён шмат чытае. Што вы сёньня чытаеце?”
(Зуёнак: ) “В круге первом” Салжаніцына. Чытаю і бачу наш час, як у люстэрку. Вось Сталін ляжыць на кушэтцы і разважае: “Трэба мне дажыць да гадоў дзевяноста, бо як жа народ безь мяне будзе? Хто ж мяне заменіць?” Такая мудрая думка не давала “наймудрэйшаму з мудрых” спакою”.
(Скобла: ) “Адзін з самых вядомых вашых вершаў пра тое, як “яблык упаў дасьвецьцем ля Халопенічаў на Беларусі”, і як “увесь сьвет здрыгануўся”. А сёньня сьвет чуе Беларусь?”
(Зуёнак: ) “Я думаю, што чуе. Сьвет не зьмяніўся ў горшы бок. Сьвет стаў больш замкнёным у сабе. Рыначна-капіталістычная сытуацыя да чаго штурхае? Няма калі расплывацца ў вясёлкавых і радасных настроях, трэба працаваць і працаваць. Там даляр павінен рабіць даляр. У падобным сьвеце і мы паступова апынаемся. Як па мне, то гэта кепскавата. Я ўпэўнены: мы яшчэ ў літаратуры вернемся назад і пачнем крытыкаваць і таўстасумаў, і сьвет нажывы, і спажывецкія інтарэсы. Успомнім досьвед Дастаеўскага, нашага Кузьмы Чорнага. Так што літаратуры будзе вялікая дзялянка для працы — прасьвятліць душы чалавечыя”.
Васіль Зуёнак. З новых вершаў
Самому сабе
Галодны, босы — а трывай, Згінь — а за лішні шкалік Сваю душу не прадавай Уладнай вэртыкалі.
Верш на патрэбу не сабач За звонкую манэту. Скажы рашучае: “Прабач...” — Казённаму санэту.
Скажы: “Я не для вас, паны...” — Як сам Купала раіў... Вы мне ня знаеце цаны — Затое я вам знаю!..
Вуда
Змайстравана вуда хвацка І найлепшым чынам: Гнецца, слушнае, па-брацку Вудаўё зь ляшчыны.
Рыбаку адна пацеха, Клопату — ні кроплі. За сто вёрст ня трэба ехаць І мачыць пантоплі.
Закідае па-маскоўску, Седзячы на троне — Паплавок наш магілёўскі У вадзе ня тоне.
А грузіла — з войскам база, А спэцсувязь — жылкай... “Будзем разам — будзеш з газам” — На кручку нажыўка...
Б’юць...
Б’юць акадэмікаў па галаве — Разумныя дужа. Цэляць паэтам, дзе сэрца жыве, — З воляю дружаць.
Б’юць — патаемных аблогаў спэцы, Вылюдкі-здані — І выканаўцаў маюць чальцы, І апраўданьне.
Вывучка часу: народ сталініць Сталінскім чмурам... З маскай на твары эпоха стаіць І ў бранескуры.
Па-наску
А прыкладаў груды Ў Пандорынай скрынцы: Душылі прыблуды, Душылі чужынцы.
Вякамі, гадамі — Пажары, разбоі... Але выпадае На долю й такое:
Няма большай ласкі, Чым з ласкі імпэрства, Дзе душаць па-наску Пятлёю братэрства...
Помні...
Пі радасьць вясны, Пі вусны каханай, Пі сонечны дар — віно, Пі водар лясны... Пі, ды помні і п’яны, Што ў кожным кубку Ёсьць дно.
Галерэя
“Фарбы часу” Леаніда Шчамялёва
У Менскай гарадзкой галерэі твораў народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва прэзэнтаваная кніга мастацтвазнаўца Барыса Крэпака “Леанід Шчамялёў. Рытмы і фарбы часу”. Кніга надрукаваная ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” двухтысячным накладам і якраз прысьпела да дня нараджэньня Леаніда Дзьмітрыевіча — 5 лютага яму споўнілася 83 гады. У размове з нашым карэспандэнтам аўтар сказаў, што не арыентаваўся на спэцыялістаў у галіне мастацтва, а хацеў даходліва паказаць аматарам мастацтва аднаго з найстарэйшых і заслужаных беларускіх майстроў.
(Ігар Карней: ) “Спадар Крэпак, звычайна падобныя кнігі ўсё ж арыентаваныя на пэўную публіку…”
(Барыс Крэпак: ) “Я калі пісаў кнігу, разьлічваў не на пэўную публіку, не на мастакоў і мастацтвазнаўцаў, а на нармалёвага сярэдняга чытача. Таму гэта ня мае дачыненьня строга да мастацтвазнаўства”.
(Карней: ) “Кніга па часе доўга нараджалася?”
(Крэпак: ) “Нараджалася ўвогуле сорак гадоў і паўгоду. Бо мы сябруем ужо сорак гадоў бесьперапынна. У 1965-м я прыехаў пасля ўнівэрсытэцкага разьмеркаваньня зь Ленінграду ў Менск, у Мастацкі музэй. І літаральна ў першы дзень выпадкова ўбачыў, што экспануецца справаздачная выстава Леаніда Шчамялёва. Я ня ведаў гэтага мастака, дый увогуле пра беларускіх мастакоў тады нічога ня ведаў. Але зайшоў па адрасе Ленінскі праспэкт, 12, дзе месьціўся Саюз мастакоў і была выставачная заля. Пазнаёміўся, напрасіўся ў майстэрню. Ад той пары і да сёньняшняга дня мы сябруем. Нават у адным доме жывём. Я выпусьціў ужо некалькі кніг, але альбомнага кшталту. А гэта выніковая кніга, навеяная ўспамінамі маімі асабістымі пра яго і ўспамінамі самога Шчамялёва пра сваё жыцьцё”.
(Карней: ) “Вам якую адзнаку паставіў за працу Леанід Дзьмітрыевіч?”
(Крэпак: ) “Ён паставіў мне выдатную адзнаку. Бо я імкнуўся быць максымальна чэсным”.
Кніга ўмоўна падзеленая на чатыры сшыткі. У першым сыстэматызаваныя дакумэнтальныя здымкі, зьвязаныя з жыцьцём Леаніда Шчамялёва ад 1920-х гадоў і да нашага часу. Другі і трэці зьмяшчаюць каляровыя рэпрадукцыі жывапісу. Чацьверты прысьвечаны выключна малюнкам і замалёўкам — храналягічна ад навучаньня ў менскай мастацкай вучэльні.
300-старонкавае выданьне — пятае ў сэрыі “Жыцьцё cлавутых людзей Беларусі”. Дагэтуль былі кнігі, прысьвечаныя заснавальніку “Песьняроў” Уладзімеру Мулявіну, кінарэжысэру Міхаілу Пташуку, пісьменьніку Ўладзімеру Караткевічу, чацьвертую склалі мэмуары народнага мастака Яўгена Чамадурава.
Жыцьцё і творчасьць Леаніда Шчамялёва, як вынікае з назвы кнігі, насамрэч прасякнутыя рытмам і багацьцем фарбаў. У свае 83 гады мастак, здаецца, перапоўнены ідэямі і зараджае суразмоўцаў сваёй энэргетыкай. І майстра катэгарычна ня згодны з папулярнай высновай: маўляў, каб атрымаўся вынік, мастак павінен быць “злы і галодны”.
(Леанід Шчамялёў: ) “Існуе пэўная група людзей, якія лічаць, што мастак павінен быць галодны. Няправільна! Мастак мусіць быць сыты і здаровы! Каб у яго была палітра, як гэты вялікі стол, а на ёй фарбы. Каб ён прыйшоў у майстэрню раніцай, і яму хацелася працаваць. А калі гэтага няма, то як ён будзе працаваць? Пакуль Гойя быў побач з каралём, у яго быў і стол, і фарбы. І — якія працы! А як толькі аддаліўся, пачаліся капрычыяс: сон розуму нараджаў пачвараў. Насамрэч часта даводзіцца чуць: маўляў, мастак для сябе павінен тварыць. Не! Ён грамадзянін. Нягледзячы на любыя здольнасьці, ён усё робіць паводле разуменьня таго грамадзтва, у якім жыве, паводле разуменьня сьвету, ствараючы ўсё для людзей. Людзі даюць ацэнку. А калі ён творыць толькі дзеля сябе, дык зрабі карціну, сядзь і глядзі на яе ўсё жыцьцё, нікому не паказвай”.
Адрозна ад Гойі, Леанід Шчамялёў ніколі ня быў прыдворным мастаком, але мэтанакіравана асвойваў тонкасьці справы. А ўлада, паводле Шчамялёва, заўсёды існавала дзесьці ў “паралельнай прасторы”.
(Шчамялёў: ) “Складана было. Але складанасьць у чым — ня ў тым, што я быў зараджаны на нейкую крамолу. Складанасьць у тым, што ня любяць асобныя людзі актыўнасьці ў выяўленьні здольнасьцяў — што ты рэальна можаш? Я шмат маляваў. І тое, што маляваў, хацеў паказваць. І мне, па вялікім рахунку, не перашкаджаў ні Мазураў, ні Машэраў. Яны існавалі дзесьці самі па сабе, а я жыў у сваім сьвеце. Я прайшоў вайну, бачыў столькі няшчасьця, што мяне запужаць было складана. Што можа быць страшней за сам страх ваеннай трагедыі?”
Цяпер Леанід Шчамялёў адзін з самых запатрабаваных беларускіх мастакоў. Ягоныя творы ўпрыгожваюць прыватныя калекцыі ў многіх краінах сьвету, хоць, шчыра кажучы, яны аб’ектыўна ня танныя. Аднак Шчамялёў кажа, што ў Беларусі вялізная колькасьць творцаў пры відавочным таленце так і ня здолелі адолець сыстэмы.
(Шчамялёў: ) “Я ня скарджуся, Бог мяне не пакрыўдзіў. Але я маю на ўвазе ня толькі сябе, а ўвогуле сёньняшні стан беларускага мастацтва. Таму што, на мой погляд, сёньняшні дзень мае ў сваім арсэнале вельмі цікавых мастакоў, перадусім, сярэдняга пакаленьня: і жывапісцаў, і графікаў, і манумэнталістаў. Але той запатрабаванасьці, якая магла быць, пакуль няма. Гэта, відавочна, залежыць ня толькі ад уладаў, але ад многіх-многіх установаў. І ад Акадэміі навук, і ад шматлікіх навучальных цэнтраў, якія так і ня сталі прапагандыстамі таго найлепшага, што ў нас ёсьць. Я ўжо не кажу пра мастацтвазнаўцаў, якія залежныя шмат ад якіх фактараў”.
Спадар Шчамялёў цудоўна арыентуецца ў сучасных мастацкіх працэсах. За сваё жыцьцё ён аб’ехаў практычна ўсю Эўропу, наведаў бальшыню найвялікшых музэйных скарбніцаў. І зрабіў лягічную выснову: прыкра, што цягам сваёй гісторыі беларусы так і ня здолелі стварыць свайго музэю выяўленчага мастацтва.
(Шчамялёў: ) “Такі музэй павінны ствараць апантаныя людзі, якія любяць мастацтва. Ня кожны ж беларус можа займацца гэтым пытаньнем, так? Прыкладам, у нас ёсьць навучальныя ўстановы, дзе рыхтуюць мастацтвазнаўцаў. Але бальшыня мастацтвазнаўцаў (няёмка гэта казаць) — зь Пецярбургу. Іх падрыхтоўка не арыентаваная на тое, каб успрымаць нашу мэнтальнасьць, нашу жывапісную культуру. Людзі, якія прыехалі, так і не атрымалі блізкага кантакту з супрацьлеглым разуменьнем. Яны думаюць, што мы ўсе аднолькавыя. Але ж мы можам спрачацца, можам гаварыць. А яны неяк не ідуць на гэты кантакт”.
Тым ня менш, Леанід Шчамялёў кажа, што быў і застаецца сапраўдным патрыётам сваёй Беларусі, якую даслоўна аб’ехаў уздоўж і ўпоперак. Ён перакананы, што такіх каляровых мясьцінаў, якія натхняюць мастакоў на творчасьць, няшмат на ўсім сьвеце.
(Шчамялёў: ) “Я не прапаведую, што беларусы лепшыя за ўсіх на сьвеце. Не! Але я бачу сьвет навокал сябе. Бачу рэгіянальныя тыпы, прыроду, гісторыю. Чаму я павінен цурацца гэтых тэмаў, свайго стаўленьня? Мне падаецца, што гэта цікава, бо больш блакітнай ад рэчак і азёраў краіны цяжка знайсьці. Палку кінеш — трапіш у вадаём. І ня бачыць гэтага блакіту, прыгажосьці... Я абурыўся, калі прачытаў, як паважаны мной мастак піша ў артыкуле: нацыянальны беларускі колер — шэры. Шэрая Беларусь?! Абразіць такую краіну! Адна Віцебшчына са сваімі азёрамі чаго вартая: Нявіда, Варона... Назвы якія! Можа, сёньня за акном і ёсьць шэрасьць. Але як толькі выгляне сонейка, дожджык пройдзе, такога ізумруду і блакіту па ўсёй Эўропе ня знойдзеш”.
Нотны сшытак
Другое нараджэньне лютні
Зьміцер Падбярэскі, Менск
Пасьля амаль трох стагодзьдзяў забыцьця ў Беларусі зноў гучыць лютня. 11 лютага ў Менскім тэатры эстрады зладжаны першы ў сучаснай гісторыі канцэрт лютневай музыкі.
(Зьміцер Падбярэскі: ) “Лютня, адзін з найбольш старажытных музычных інструмэнтаў, была вядомая на землях усходніх славянаў ад Х стагодзьдзя. У ХVIII стагодзьдзі з многіх прычынаў яна амаль зьнікла з музычнай практыкі. Адраджэньне лютні ў Беларусі зьвязана найперш зь імем пінскага майстра Юрыя Дубнавіцкага, які ў 1990-я гады вырабіў першую лютню аўтэнтычнага ўзору. З часам у Пінску паўстала ці ня школа майстроў, якія адраджаюць старадаўнія струнныя інструмэнты. Першую лютню Юры Дубнавіцкі вырабляў восем месяцаў. Я пацікавіўся ў яго, колькіх ж усяго такіх інструмэнтаў выйшла з-пад ягоных рук?”
(Юры Дубнавіцкі: ) “Дзесяць інструмэнтаў. Прычым, першыя тры ці чатыры — я ўжо дакладна і сам ня памятаю — я зрабіў сам, а ўжо наступныя інструмэнты я рабіў зь яшчэ адным пінскім майстрам — гэта Анатоль Вандзіловіч”.
(Падбярэскі: ) “Тое, што робяць майстры ў Пінску, можна сьмела называць сэнсацыяй. Тут, напрыклад, была адроджана цэлая сям’я віёлаў”.
(Дубнавіцкі: ) “Што датычыць віёлаў, дык я да іх, па вялікім рахунку, ня маю дачыненьня. Проста ў нашым маленькім Пінску ўжо пачала складвацца традыцыя вырабу музычных інструмэнтаў. Адзін з найбольш пасьпяховых, таленавітых маіх вучняў, які, я лічу, ужо апярэдзіў мяне, — гэта Андрэй Шклюда. На маю просьбу ён спачатку вырабіў дзьве кельцкія арфы, а потым яго зацікавілі папярэднікі скрыпак, якія самых розных памераў — ад звычайнай скрыпкі да віялянчэлі. І ён спачатку зрабіў віёлу да брача, потым віёлу д’амур, віёлу дэ арка, віёлу дзі бардонэ, а таксама гамбу — гэта найбольш блізкі да віялянчэлі інструмэнт”.
(Падбярэскі: ) “Ня дзіўна, што ў Пінску паўстаў ансамбль старадаўняй музыкі “Крылы часу”, адзін з удзельнікаў лютневага канцэрту ў Менску”.
(Дубнавіцкі: ) “Сабраліся музыкі, якія неабыякавыя да таго пласта такой старажытнай музыкі. І вось у нас таксама выкарыстоўваецца габой, дзьве лютні і таксама зробленая Андрэем гітара эпохі барока. Абсалютна незвычайны інструмэнт, гэта — ягонае апошняе дзіця, якое ён скончыў літаральна ўчора. І я думаю, што на канцэрце ў Менску мы яе пакажам”.
(Падбярэскі: ) “У канцэрце лютневай музыкі, апрача пінскага калектыву, бяруць удзел ансамбль “Lituus” з Баранавічаў, асобныя салісты, у тым ліку ўдзельнік групы “Стары Ольса” Ільля Кубліцкі”.
(Ільля Кубліцкі: ) “Найбольшую папулярнасьць лютня набыла ў нас на пачатку XVI стагодзьдзя. Кажуць, гэта адбылося дзякуючы Боне Сфорцы. Яна была з паходжаньня італьянкай, сама вельмі добра валодала лютняй і вельмі шмат запрашала з Італіі музыкаў”.
(Падбярэскі: ) “Тады можна казаць, відаць, што лютневая музыка ў Беларусі, — гэта музыка імпартаваная?”
(Кубліцкі: ) “Проста нашае мастацтва XVI стагодзьдзя разьвівалася ў тым жа ключы, што і ўсё эўрапейскае мастацтва. Музыкі ігралі па ўсёй Эўропе, таму казаць, што імпартаваная… Можа быць, таму што самыя вядомыя музыкі — гэта былі музыкі замежныя, якія былі сюды запрошаныя. Гэта, напрыклад, польскія музыкі Войцех Длугарай, Кшыштаф Клябон, Валянцін Бакфарк, які паходзіў з Трансыльваніі, вэнэцыянец Дыямідас Ката”.
(Падбярэскі: ) “Потым, калі я не памыляюся, быў такі пэрыяд, калі лютня практычна зьнікла з музычнае практыкі. Па сутнасьці, толькі вось у наш час пачынаецца адраджэньне лютні”.
(Кубліцкі: ). “У нас лютня была папулярная, як і ва ўсёй Эўропе, да канца XVIII стагодзьдзя. І толькі потым яна была выцесьнена менавіта фартэпіяна. Іначай кажучы, у нас усё адбывалася, як у Эўропе, мы цалкам эўрапейская дзяржава, гэта яшчэ адзін доказ. Вельмі пашырылася ў нас цікавасьць увогуле да гісторыі нашай дзяржавы, шмат гістарычных клюбаў, якія адраджаюць вайсковую славу нашых продкаў. Таксама ёсьць музыкі, якія займаюцца адраджэньнем музыкі. Гэта вельмі добра, і цікавасьць да старадаўняй музыкі ёсьць ва ўсёй Эўропе. І мы, безумоўна, у гэтым сэнсе частка Эўропы, таму нічога тут дзіўнага няма. Мы выконваем творы, якія былі напісаны на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага. Лютневае мастацтва на нашых землях вельмі цікавае яшчэ й тым, што лютністы з-за мяжы цікавіліся фальклёрам, яны пісалі на беларуска-літоўскія народныя танцы, на гэтыя тэмы пісалі свае творы”.
(Падбярэскі: ) “Лютня ўвогуле ці капрызны інструмэнт?”
(Кубліцкі: ) “Інструмэнт камэрны, дастаткова ціхі, і вельмі цяжка бывае яго настроіць проста да тэмпэратуры, таму што там сыстэма настройкі калкоў — драўляная, цалкам рэканструкцыя, і таму бывае цяжкавата вельмі”.
(Падбярэскі: ) “А вось як Юры Дубнавіцкі ацэньвае значэньне канцэрту лютневай музыкі на пачатку ХХІ стагодзьдзя…”
(Дубнавіцкі: ) “Я думаю, што гэта вельмі патрэбнае мерапрыемства, таму што на пачатку мінулага стагодзьдзя, пасьля рэвалюцыі, у кожнай з рэспублік была спроба вызначыць уласны нацыянальны інструмэнт. І ў Беларусі зрабіць гэта было, мне здаецца, не зусім проста, таму што тыя ж цымбалы, якія лічацца спрадвечна беларускімі, яны насамрэч варыянт тых жа малдаўскім ці гуцульскіх, ці румынскіх шматлікіх цымбалаў. А вось лютня мае самае непасрэднае дачыненьне да нашых земляў, таму што было шмат таленавітых лютністаў у час Вялікага Княства Літоўскага. Мне здаецца, што гэты канцэрт адыграе выключную ролю для папулярызацыі гэтага інструмэнту, таму што, як сьведчыць практыка, на лютні можна выконваць ня толькі аўтэнтычную музыку XVI—XVII стагодзьдзяў, але пасьпяхова выкарыстоўваць і музыку сучасных кампазытараў, нават джазавую”.
(Падбярэскі: ) “Упершыню публічна адроджаная лютня прагучала на адным з гомельскіх фэстываляў “Рэнэсанс гітары”. Юры Дубнавіцкі выконваў тады старадаўнюю музыку”.