Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскія журналісты адмовіліся мірыцца


Сёньня ў Чавускім раённым судзе адбылося папярэдняе судовае слуханьне ў спрэчцы рэдактаркі газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч” Тацяны Іўкінай з выдаўцом незалежнай мясцовай газэты “Вольны горад” Уладзімерам Кудраўцавым і аўтарам гэтага выданьня Валерам Бысавым. Паводле пазову, Бысаў сваімі публікацыямі 2004 году нібыта зьняважыў гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю рэдактаркі дзяржаўнага выданьня.

Нагодай для суду сталася сэрыя артыкулаў “Шэсьць год у рэдакцыйным ГУЛАГУ”, якая была надрукавана ў жніўні-верасьні 2004 году ў незалежнай газэце “Вольны горад”. Былы супрацоўнік рэдакцыі “Ленінскі кліч” Валер Бысаў апісваў у іх мэтады, якімі Тацяна Іўкіна кіруе газэтай.

У судзе Тацяна Іўкіна заявіла, што ў сваіх артыкулах Валер Бысаў ня толькі закранаў ейную дзейнасьць як рэдактара, але і зьняважліва выказваўся адносна яе як жанчыны.

Валер Бысаў такім чынам помсьціў мне за тое, што яго ў 2004 годзе звольнілі з газэты, калі была ліквідаваная пасада фотакарэспандэнта”, — зазначыла Тацяна Іўкіна.

Праз суд рэдактарка дзяржаўнага выданьня намагаецца спагнаць з выдаўца і аўтара “Вольнага гораду” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў. Спагнаныя сродкі яна зьбіраецца пералічыць на рахунак Бельскага сацыяльна-рэабілітацыйнага цэнтру. Спадарыня Іўкіна таксама патрабуе пісьмовага абвяржэньня фактаў, выкладзеных у артыкулах, праз газэты “Ленінскі кліч” ды “Вольны горад”.

Выдавец і аўтар артыкулу не прызнаюць прэтэнзіяў Іўкінай і спадзяюцца, што ў судзе давядуць сваю рацыю.

Валер Бысаў адпрацаваў у газэце “Ленінскі кліч” фотакарэспандэнтам дваццаць гадоў і не дапрацаваў да пэнсіі два гады. Ягоную пасаду скарацілі, калі ў рэдакцыі зьявіліся лічбавыя фотаапараты.

“Гэты суд — спроба націснуць на чалавека, які ня можа далей супраціўляцца. Чытачам я хацеў паказаць, які чалавек кіруе газэтай. Яна хоча абяліцца і даказаць усім, што можа кіраваць”, — мяркуе Валер Бысаў.

Рэдактар газэты “Вольны горад” Сяргей Няроўны лічыць, што прэтэнзіямі Тацяны Іўкінай улада спрабуе сарваць выхад газэты напярэдадні выбарчай кампаніі ў палату прадстаўнікоў:

“Іўкіна зьяўляецца пешкай у гульні ідэалягічнага аддзелу Крычаўскага райвыканкаму. Я думаю, што пасьля суду яна паедзе ў райвыканкам і будзе распавядаць пра тое, што тут адбываецца. Улада ж будзе шукаць новыя спосабы, каб дамагчыся ўсё ж такі, каб суд скончыўся на карысьць улады”.

Тацяна Іўкіна паведаміла “Свабодзе”, што сваім пазовам ня хоча зачыніць “Вольны горад” — пазову не было б, калі б “Вольны горад” перастаў яе крытыкаваць:

“Практычна не было ніводнага нумара, дзе мяне альбо маё прозьвішча ня згадвалі б з нэгатыўнага боку. У раённай газэце, я вам скажу, за мінулы год, за пазамінулы год у ніводным нумары мы ня згадвалі прозьвішчаў апазыцыянэраў”, — зазначае Тацяна Іўкіна.

Сяргей Няроўны паведаміў, што ён падаў сустрэчны пазоў на Тацяну Іўкіну, якую ён вінаваціць у зьнявазе свайго гонару ды годнасьці.

Сёньня бакі адмовіліся ад прымірэньня.

13 сьнежня судовы працэс пачнецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG