Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскі электрык і выдавец ваюе з пустазельлем і “бацькам”


Віталь Сямашка, Крычаў Днямі выйшаў у сьвет юбілейны – 250-ты нумар незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад”. Ужо амаль 15 гадоў жыхары Крычаўскага, Чэрыкаўскага ды Клімавіцкага раёнаў Магілёўшчыны штотыдзень маюць магчымасьць атрымліваць незалежную інфармацыю безь дзяржаўнай цэнзуры. Нязьменным выдаўцом “Вольнага гораду” зьяўляецца 68-гадовы Ўладзімер Кудраўцаў.

У горадзе спадара Кудраўцава называюць “хадзячым палітычным фэномэнам”. Ён сябра БНФ ад пачатку існаваньня фронту, пэнсіянэр, у хаце месьціцца незарэгістраваная афіцыйна рэдакцыя незалежнай газэты. А працуе нязьменна 52-і год электрыкам на самым прэстыжным тут цэмэнтным заводзе. Калі што здараецца па электрычнай частцы, хоць а трэцяй ночы найперш дагэтуль тэлефануюць да Ўладзімера, бо – прафэсіянал.

“Гэта і зьяўляецца прычынай, што мяне трымаюць...”

Пытаюся, ці меліся ўсё-ткі супраць яго спробы рэпрэсіяў?

“Калі былі выбары ў 2006 годзе, нашых хлопцаў тут пахапала міліцыя, пасадзілі. А мяне, паколькі я ва ўзросьце, вырашылі нэўтралізаваць праз разрыў кантракту – маўляў, калі паедзеш у Менск. А я зьбіраўся ехаць на Плошчу.
”Пазьняк дагэтуль у маім сэрцы – як чалавек, які аддаў сябе ў ахвяру.”
Сказаў рэдактару Сяржуку Няроўнаму, што рву кантракт, але еду. Ён кажа: не, заставайся працаваць. А самога схапілі на наступны дзень.

Мяне ж не запалохаць. Я як трымаўся сваіх пазыцый, так і стаю во колькі год у БНФ. Пазьняк дагэтуль у маім сэрцы – як чалавек, які аддаў сябе ў ахвяру. У іншага народу ён быў бы ў пашане. Але народ не дасьпеў да Пазьняка. Для мяне ён застаецца “гонарам нацыі”, як пра яго сказаў Васіль Быкаў...”

І ў 68 гадоў кожны дзень спадара Ўладзімера расьпісаны па хвілінах.

“Працую, сядзіба на мне і 25 сотак. Не пасьпяваеш ваяваць і з пустазельлем, і супраць “бацькі”, бо гэтага ня робяць іншыя. Крычаўцы – усходняя ўскраіна Беларусі, больш абруселая ды асавечаная. Я ж адкрыта называю сябе нацыяналістам, таму што нацыянальнае павінна быць у кожным нармальным чалавеку. Павінен стаяць за сваю краіну, за мову, якая зьяўляецца характэрнай рысай прыналежнасьці да нацыі. Я заўсёды імкнуся размаўляць на роднай мове. Хочацца, каб на ёй загаварыў увесь народ...”
XS
SM
MD
LG