Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Д.Крэймэр: "Пакуль палітвязьні ня будуць вызваленыя, мы будзем вымушаныя рабіць такія крокі"


Радыё Свабода У гэты аўторак Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі адносна беларускага канцэрну “Белнафтахім”. Гэтае рашэньне мы папрасілі пракамэнтаваць намесьніка памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўразійскіх справах Дэйвіда Крэймэра.

Крэймэр: "Казначэйства ў супрацоўніцтве зь Дзярждэпартамэнтам замарозіла маёмасьць “Белнафтахіму” і ягонага прадстаўніцтва ў ЗША . Гэта зроблена ў адпаведнасьці з загадам прэзыдэнта ЗША №13405, выдадзеным 19 чэрвеня 2006 году. Гэты загад прадугледжвае меры адносна асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі і якія маюць дачыненьне да палітычных рэпрэсій і карупцыі.

Я хачу, каб было ясна: гэты крок быў зроблены са шкадаваньнем. Але, на нашу думку, рэжым Лукашэнкі ня даў нам іншага выбару. Мы вельмі ясна казалі, што мы зацікаўленыя ў паляпшэньні адносінаў зь Беларусьсю і зь беларускім урадам, але мы гэтак жа недвухсэнсоўна давалі зразумець, якія мінімальныя крокі павінен зрабіць беларускі бок, каб палепшыць адносіны з Захадам.

Але мы гэтых крокаў беларускага боку не ўбачылі. Калі я быў там у красавіку, я вельмі ясна ім сказаў, што цана, якую яны будуць вымушаныя заплаціць, калі яны ня выпусьцяць усіх палітычных вязьняў, будзе высокай.

Гэта невялікая група людзей, але кожны зь іх важны. І пакуль яны ня вызваленыя, я са шкадаваньнем кажу, што мы будзем вымушаныя рабіць такія крокі".

Карэспандэнт: “У паведамленьні пра ўвядзеньне санкцый утрымліваецца спасылка на леташняе рашэньне прэзыдэнта ЗША аб замарожваньні фінансавых сродкаў кіраўнікоў беларускай улады, Вы зараз падцьвердзілі гэта. Аднак “Белнафтахім” – дзяржаўнае прадпрыемства, гэта не прыватная ўласнасьць спадара Лукашэнкі. У чым палягае юрыдычнае абгрунтаваньне гэтага рашэньня?”

Крэймэр: "Юрыдычнай асновай для гэтага рашэньня зьяўляецца кантроль, які Лукашэнка мае над “Белнафтахімам”. Ягоныя ўласныя камэнтары на гэты конт дапамаглі нам прыняць такое рашэньне”.

Карэспандэнт: “Беларускі МЗС заявіў, што ўвядзеньнем санкцый адносна “Белнафтахіму” ЗША парушылі мэмарандум аб гарантыях бясьпекі ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі ад 5 сьнежня 1994 году. У ім Злучаныя Штаты ў адказ на адмову краіны ад валоданьня ядзернай зброяй абавязаліся не ўжываць да Беларусі меры эканамічнага прымусу ў мэтах падпарадкаваньня Беларусі інтарэсам ЗША. Што Вы можаце сказаць наконт гэтай аргумэнтацыі беларускага боку?”

Крэймэр: "Мы добра ведаем гэтае пагадненьне і лічым, што мы прытрымліваемся яго палажэньняў. Мова ідзе ня толькі пра інтарэсы Злучаных Штатаў, а пра інтарэсы міжнароднай супольнасьці. Я падкрэсьлю ў адказ, што Беларусь парушае Хэльсынскія пагадненьні, парушае свае абавязкі сябра АБСЭ. Настаў час, каб Беларусь пачала дзейнічаць, як годны сябра АБСЭ”.

Карэспандэнт: “Ці ёсьць у Злучаных Штатаў варыянт дзеяньняў, калі Беларусь у адказ на рашэньне ЗША арыштуе ў Беларусі рахункі амэрыканскіх прадпрыемстваў, якія працуюць у гэтай краіне?”

Крэймэр: "Давайце прыгадаем, як гэта было – крок за крокам. Мы абнародавалі гэты крок. Некалькі месяцаў таму мы значна пашырылі сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Пакуль давайце спынімся на гэтым. Калі беларускі бок вырашыць зрабіць нейкія крокі ў адказ, мы будзем рэагаваць на іх”.

Карэспандэнт: “У інтэрвію нашаму радыё на мінулым тыдні Вы сказалі, што амэрыканскі ўрад дзейнічае па двух лініях – цісьне на беларускі ўрад і падтрымлівае дэмакратычныя сілы. Але ці ня могуць санкцыі адносна “Белнафтахіму” пашкодзіць гэтай другой задачы – дыскрэдытаваць дэмакратычныя сілы Беларусі ў вачах народа, у прыватнасьці, у вачах тых 120 тысяч чалавек, якія працуюць на прадпрыемствах “Белнафтахіму”?”

Крэймэр: "Крок, зроблены на гэтым тыдні, быў крокам ураду ЗША. Гэта не было зроблена у выніку кансультацый зь беларускай апазыцыяй, мы не пыталіся ў іх парады ці згоды, яны ня мелі з гэтым крокам нічога супольнага. Мы зрабілі гэта, каб прадэманстраваць беларускім уладам сур’ёзнасьць нашых намераў, паказаць ім, што яны мусяць заплаціць высокую цану за свае дзеяньні.

Мне больш хацелася б гаварыць з вамі пра спосабы, якімі мы маглі б палепшыць адносіны, і гэта абсалютна магчыма, калі будуць вызваленыя ўсе палітычныя вязьні. На жаль, урад вырашыў, што ён ня будзе гэта рабіць. І ў выніку мы зрабілі гэты крок і ранейшыя крокі.

Наша мэта – не ствараць цяжкасьці для беларускага насельніцтва, наадварот, Злучаныя Штаты – вялікі сябра беларускага народу. Наша праблема – з рэжымам, які адмаўляецца прытрымлівацца нормаў і стандартаў АБСЭ і іншых дэмакратычных краінаў”.

Карэспандэнт: “Амэрыканскае пасольства ў Беларусі патлумачыла, што санкцыі не зьяўляюцца прэвэнтыўнай мерай супраць беларускага праекту здабычы нафты ў Вэнэсуэле. Аднак, у сувязі з замарожваньнем рахункаў “Белнафтахіму” ў ЗША, ці робіцца немагчымым продаж здабытай Беларусьсю ў Вэнэсуэле нафты ў Злучаныя Штаты?”

Крэймэр: "Безумоўна гэты крок не зьвязаны зь дзеяньнямі альбо адносінамі, якія Беларусь мае з Вэнэсуэлай. Але які будзе уплыў , наступствы гэтага рашэньня, мы яшчэ пабачым. Пакуль заўчасна спэкуляваць, ці пашкодзіць гэта плянам і дзеяньням беларускіх уладаў што да вэнэсуэльскага праекту”.

Карэспандэнт: “У кастрычніку і лістападзе ў Беларусі прайшлі дзьве масавыя акцыі апазыцыі – Эўрапейскі марш і Сацыяльны марш. Улады далі на іх дазвол, падчас гэтых акцый, у адрозьненьні ад папярэдніх, не было затрыманьняў іх удзельнікаў. Ці заўважылі Злучаныя Штаты гэтае пэўнае зьмякчэньне паводзінаў беларускіх уладаў, ці паўплывала гэта на пазыцыю ЗША?”

Крэймэр: "Затрыманьні адбываліся напярэдадні маршаў, улады дзейнічалі прэвэнтыўна, а ня так, як раней. Мы гэта заўважылі. Аднак нельга ставіць добрыя ацэнкі краінам за тое, што яны толькі ня робяць дрэнных рэчаў. Падчас гэтых двух маршаў рэжым паводзіў сябе так, як і павінна паводзіць сябе дзяржава. І тое, што яны не рабілі кепскага, ня ёсьць падстава, каб іх узнагароджваць.

Скасаваць дрэнныя рэчы, зробленыя ў мінулым – вызваліць палітвязьняў, вось гэта быў бы крок, які мы заўважылі б і на які б вельмі пазытыўна адрэагавалі.

У сьпісе палітвязьняў засталося 6-7 асобаў, бо тэрмін пакараньня некаторых скончыўся і яны былі вызваленыя. Сьпіс кароткі, і мы хочам, каб усе яны былі вызваленыя, і мы засяроджваем увагу на гэтым. Мы заўважылі, што былі дадзеныя дазволы на гэтыя маршы, гэта пазытыўны крок , але гэта ня той крок, які рэжым павінен зрабіць, каб убачыць паляпшэньне ў адносінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG