Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы парадак набыцьця валюты простых грамадзянаў пакуль не закране


Ігар Карней, Менск Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь зьмяніў парадак валютна-абменных апэрацый для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Новаўводзіны забараняюць рэзыдэнтам набываць замежную валюту на ўнутраным рынку для разьлікаў па апэрацыях, зьвязаных з рухам капіталу. Як кажуць у Нацбанку, гэтыя захады даюць магчымасьць зьменшыць попыт на замежную валюту, якой і так не хапае. Але пры гэтым удакладняюць, што шараговых грамадзянаў абмежаваньні тычыцца ня будуць. У начных досьледах – як можна ратавацца ад абясцэньваньня грошай? Куды трэба ўкладваць сродкі

Афіцыйны прадстаўнік Нацыянальнага банку Анатоль Драздоў кажа, што інструкцыя тычыцца толькі бізнэсоўцаў, якія хацелі б у Беларусі набыць валюту, вывезьці яе за мяжу і ўжо там пачынаць нейкую справу.

“Набываць валюту пад гэта на біржавым ці на міжбанкавым рынку за беларускія рублі ён ня мае права. То бок, мы тым самым у інтарэсах дзяржавы аслабляем ціск на валютны рынак, таму што хочам, каб інвэстыцыі шлі ў краіну, а не за мяжу. Таму пасьля ўступленьня ў сілу гэтай інструкцыі траціць на праекты свае сродкі можна з валютнай выручкі й пасьля аплаты падаткаў. Чалавек задумаўся пра вытворчасьць? Зарабіў валюту – траць. Але калі працуеш на ўнутраным рынку і ў цябе толькі рублі, тады, прабач, разьвівайся тут”.

У Нацыянальным банку запэўнілі: інтарэсы шараговых грамадзянаў інструкцыя ніяк не закране і яны па-ранейшаму могуць набываць валюту ў неабмежаванай колькасьці.

Як сьведчыць афіцыйная статыстыка, у 2006 годзе беларусы набылі ў банках 907 мільёнаў даляраў болей. Гэта на 64% болей, чым у 2005 годзе.

За студзень-люты 2007 году банкі прадалі амаль 600 мільёнаў даляраў – гэта на 40% болей, чым за першыя тры месяца 2006-га.

Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, заробак у гэтым годзе зьнізіўся на 6%. Кошты растуць ня толькі ў беларускіх рублях, але і ў пераразьліку на даляры. За год прыкладна на 14%.


Рыэлтар Тацяна Маркава кажа, што цяпер самае надзейнае ўкладаньне – нерухомасьць. У Менску за сакавік квадратны мэтар падаражэў на 190 даляраў:

“Рост коштаў быў заўсёды. Проста ён быў крыху меншы ці крыху большы. Але нават пры гэтых коштах цяпер попыт па-ранейшаму большы, чым ёсьць прапаноў. Некаторыя яшчэ вагаюцца – як назьбіраць патрэбную суму: ці паспрабаваць крэдыт узяць, ці дзесьці ў знаёмых пазычыць нейкую суму. Але калі сапраўды стане меней выдавацца крэдытаў і калі людзі пачнуць думаць пра легалізацыю сваіх прыбыткаў у падаткавікоў, то попыт стане заўважна меньшы”.

Іншы варыянт укладання грошай – буйная бытавая і кампутарная тэхніка. Ад пачатку красавіка гэтыя тавары падаражэлі на 20-25%. Паводле прагнозаў, да жніўня кошты вырастуць яшчэ на 20%.

Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі перакананы: актыўнасьць у фінансавых справах наўпрост залежыць ад стану адчуваньня камфорту і стабільнасьці чалавека ў грамадзтве. І калі чалавек не баіцца трымаць грошы ў банку, гэта сьведчыць на ўпэўненасьць ў заўтрашнім дні.

“Своеасаблівая прага да назапашваньня залежыць ад адчуваньня стабільнасьці чалавека. Калі чалавек адчувае элемэнт нестабільнасьці, то ён, канешне, сродкі імкнецца трымаць пры сабе. Зьяўляецца вострая неабходнасьць гэтыя сродкі ў нешта ўкласьці (у нерухомасьць, золата), памяняць на валюту. Калі адчуваньне нестабільнасьці меншае, чалавек лічыць, што так будзе надалей, праз год-два, натуральна, ён гатовы ўкладаць грошы ў розныя мерапрыемствы, укладаць у банкі, у інвэстыцыі якіхсьці праектаў”.

За якую суму грошай ці за што вы прадаліся б? Апытаньне на вуліцах Горадні.

Слухаць

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG