Лінкі ўнівэрсальнага доступу

100 дзён Лукашэнкі ў правінцыі


Акурат гэтымі днямі споўніліся першыя 100 дзён чацьвёртага прэзыдэнцтва Лукашэнкі. У мяне за гэтыя 100 дзён было 10 пасьлявыбарчых вандровак у розныя рэгіёны краіны, і зараз я прапаную рэтра-падарожжа: чым жыла, дыхала гэтыя месяцы правінцыя, як ацэньваюць там цяпер выбар, нібыта зроблены беларусамі.




…У Крычаве празь месяц пасьля выбараў мы зайшлі ў нумар гатэлю разам з маім добрым знаёмым, рэдактарам папулярнай тут незалежнай газэты «Вольны горад» Сяргеем Няроўным. Відаць, пазнаўшы яго, праз колькі хвілін у дзьверы пастукала кабета сярэдняга веку. Да крызісу спадарыня Людміла была ІП, цяпер — пакаёўка ў гатэлі. Мы слухалі яе, разумеючы, што гэта — крык душы.

Людміла: «Усе мае знаёмыя, сябры — ніхто не галасаваў за Лукашэнку. Як так можна было прайсьці?!»

Карэспандэнт: «Люда, чым вам у асобна ўзятым крычаўскім жыцьці перашкаджае Лукашэнка?»

Людміла: «Таму што няма заробку — даюць толькі на маршрутку і чорны хлеб. У мяне было 330, дабавілі — 350. Яшчэ — праўды няма ў ніводнай газэце, па ТБ. У нас усё гладка-добра. У газэце партрэт — усьміхаецца, глядзець праціўна — наш мэр Пракопаў, сваяк Батуры. Усё павязана, крадзіце далей. Пазорышча — як сын Лукашэнкі па тэлевізары сядзеў на залатым запасе, як на сваім. Людзі працуюць у Маскве 50%, таму што няма заробкаў. Пэнсіянэры ж сабе адзеньне нават не купляюць, маці мне з пэнсіі дапамагае. Кватэры недаступныя, каб купіць. Мая дачка была на сходзе ў выканкаме — аднапакаёвая кватэра 156 млн. І 50 млн. трэба адразу ўнесьці — дзе іх узяць?! Мужчына выступіў — „сказалі, што ёсьць ільготныя крэдыты“. Што яму адказалі — „перагледзьце свой імідж“! Ён паслаў іх і пайшоў. А як з Масквы нашы дзеці, мужы не прыяжджаюць — то зваліўся, то абарваўся. Сем’і маладыя распадаюцца, ня вытрымае гэтага хлопец і скончыць жыцьцё самагубствам. У мяне сын так загінуў — я сына пахавала ў 28 год…»



…У Лідзе, нібыта, і сёньня няма праблем з заробкамі ў будаўнікоў заводу гарачага ацынкоўваньня, дзе ў будучым прадугледжана 150 працоўных месцаў. На пляцоўцы і пагутарыў з будаўнікамі — 27-гадовым Валодзем ды 23-гадовым Алегам. Хлопцы з выгляду былі ўпэўненыя, бадай, ва ўсім.

Алег: «У нас нулявы цыкль пакуль — скончыцца праз 15 месяцаў, здача ў 2012-м. Усё добра з матэрыяламі, на заробкі ніхто ня скардзіцца — ад мільёна да двух і вышэй. Усе схіляюць да таго, што ў нас усё дрэнна, а я лічу, усё нармальна. У мяне ёсьць праца, стабільны заробак…».

Карэспандэнт: «Гэта значыць — Лукашэнка надалей?».

Алег: «А адкуль вы прыехалі?».

Карэспандэнт: «Зь Менску, з Радыё Свабода…».

Алег: «Ну, зразумела. Я лічу, што на дадзены момант, акрамя дзеючага прэзыдэнта, няма годнай кандыдатуры…».

Тым ня менш супраць будаўніцтва заводу яшчэ да выбараў падпісаліся 2 тысячы мясцовых жыхароў. І сёлета адчувалася, што ўсе тут устрывожаныя — ім дагэтуль не растлумачылі, што будзе з экалёгіяй. Гутарыў з 75-гадовым Фэліксам Астравухам, які, пачуўшы пытаньне, тут жа выйшаў на дарогу.

Карэспандэнт: «Чаго баіцеся?».

Астравух: «Выкіды — і можа быць аварыйная абстаноўка, завод ядавіты паводле тэхналёгіі…».

23-гадовы Саша Озін, што жыве тут з маленства, можа, адзін з найбольш абазнаных.

Озін: «Падпісваўся — я супраць, здароўе дрэннае будзе. Працую на „Лідсельмашы“ з цынкам. Многія людзі звольніліся — ванітуюць пасьля працы, галаўны боль. А калі завод будзе побач стаяць, людзі ня вылезуць з паліклінікі…».

Спадарыня Яніна Гузоўская, якая як каардынатар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» некалі ўзяла на сябе арганізацыю збору подпісаў, сёньня кажа, што наперадзе масавыя пратэсты.



Гузоўская: «Пачалі гэты рух жыхары вёсак стыхійна — людзі забітыя, якія рэдка могуць што сказаць супраць улады. Але іх „дасталі“ — зьвярталіся і да дырэктара заводу, але былі толькі абяцаньні, на грамадзкія слуханьні мэр гораду прыйшоў з пустымі рукамі. Завод мае санітарную зону менш за 150 мэтраў, адносіцца да 1 клясы небясьпекі. У нас шмат хімічных прадпрыемстваў — лякафарбавы, ліцейна-мэханічны, чуем пах гэтых выкідаў…».

Яніна Францаўна лічыць, што небясьпека ігнаруецца з-за шчыльных карупцыйных сувязяў улады ды кіраўнікоў заводу. У гэтым сэнсе Клімавічы пасьля нядаўняй заявы ўцекача, экс-судзьдзі Цішкіна, зробленай у часе 100 лукашэнкаўскіх дзён праз інтэрнэт з Польшчы, пацьвердзілі сваю колішнюю мянушку «сталіцы крымінальнай Магілёўшчыны». Апавядае незалежны клімавіцкі журналіст Сяргей Аржанцаў.



Аржанцаў: «Вярхоўны суд казаў, што падазраецца ў хабарніцтве, патрабуе выдачы праз Інтэрпол. Цішкін кажа, што пацярпеў у барацьбе за законнасьць — баяўся, што заб’юць. Можна аспрэчваць, што ён барацьбіт, але ведаў, што калі робіць ня так, як патрабуюць намэнклятурныя паханы, што трымаюць уладу, — будзе адказваць сям’я. Даводзіў, што пачалі звальняць родзічаў — пляменьніка, сястру. Адзін старшыня райвыканкаму апынуўся ў калёніі, другога зьнялі, не паведаміўшы, за што. Дырэктар найбуйнейшага камбінату хлебапрадуктаў — у Прыбалтыцы, дасюль у вышуку, сеў кіраўнік раённай міліцыі. На ўсю краіну прагучала, што ў аддзеле культуры (!) знайшлі прыпіскі на 400 млн. — 130 тысяч даляраў! Крымінальная справа ідзе…»

* * *
Нашы падарожжы праходзяць часам па самых аддаленых вёсках. Вось мае назіраньні за памянёныя 100 дзён.

…У вёсцы Маляцічы пасьля адкрыцьця аграгарадку пабудавалі паўтара дзясяткі прэзыдэнцкіх домікаў. Усяленьне ў адзін зь іх 25-гадовай Сьняжаны Арцёмавай з маці ды 11-месячным дзіцем выклікала шмат публікацый яшчэ ў часе выбараў. Мала што зьмянілася і пасьля іх. Дзьверы мне адчыніла невысокая, сьветлавалосая дзяўчына, якая тут жа прыклала палец да вуснаў — маўляў, дзіця сьпіць. І паўшэптам расказала пра сваю гісторыю.



Сьняжана: «Уласны дом рухнуў — быў у аварыйным стане. Выклікалі камісію з выканкаму — тады далі. Месяцы 4 з маленькім дзіцем знаходзілася там — загінуць маглі! Пажарнік прыехаў, сказаў, што аварыйны дом і жыць нельга. Трэба было раней рамантаваць. А калі маці зьвярнулася да старшыні Радунскага, сказаў — паможам. Потым рухнуў, маці ізноў прыйшла, сказаў — а хто будзе аплачваць? Маці сказала — я, калі ня хопіць — калгас, а я буду аддаваць. Столінцы-будаўнікі прыйшлі — «нам Радунскі сказаў сваю працу рабіць, а пасьля працы — „ваш калым“. Так што нічога і не рабіў. Працавала прыбіральшчыцай у калгасе. Колькі заробак? 69 тысяч…».

Карэспандэнт: «Такога ж не бывае!».

Сьняжана: «Бывае. І мужа ў мяне няма. Маці працуе дзённым вартаўніком. Ёй абяцалі 500, але ня плацяць. Дапамогу на дзіцёнка ў гэтым месяцы далі 490 — гэтых грошай не хапае. Сілкаваньне ўрэзалі — давалі па 50 банак, а цяпер наагул 15. І замест малака пачалі даваць сумесі. Няма чым паліць — што там дрывамі? 2 мяхі брыкету засталося…».

З кінутых чарнобыльскіх вёсак заўжды вяртаюся з болем ды сумам. На аўтобусным прыпынку ў вёсцы Гусарка мяне ўзімку сустрэла на ўсю сьцяну чорна-чырвонае графіці і надпіс — СТАЛКЕР. Тут зрабілі наступны крок да забыцьця Чарнобылю — на 5000 га забруджаных тэрыторый скасавалі кантрольна-прапускны рэжым. І што важней — яны перасталі быць зонай пэрыядычнага радыяцыйнага кантролю. Што гэта такое, мне патлумачыў лекар-інфэкцыяніст, спадар Міхась Шпакаў.



Шпакаў: «Ад 1 да 5 кюры — гэта калі людзі аглядаюцца мэдработнікамі, падлягаюць спэцыяльнай дыспансэрызацыі, маюць ільготы дзеці пры паступленьні ў навучальныя ўстановы і пры атрыманьні інтэрнатаў…»

У выніку жыхары адчуваюць зараз сябе кінутымі назаўжды. Сустрэў 73-гадовую Марыю Кірыевіч, якая выйшла з хаты сустрэць аўталаўку.



Кірыевіч: «Радыяцыя мо была, мо і не. Але нават лес быў жоўты. Цяпер засталося нас каля 30, мужыкоў няма, краму зачынілі гады тры. Яшчэ дзяржу двух парсюкоў, а так больш ні ў кога няма…».

Карэспандэнт: «Вы самая заможная?».

Кірыевіч: «Ой, па звычцы, божа. (Сьмяецца.) Кароў ніхто не трымае. Зараз нам малако, сьмятана, масла — аўталаўка ўсё прыважваець. Сёньня прыедзе і ў пятніцу, два разы на тыдзень маршрутка…».

Недзе ззаду даклыпала з палачкай 75-гадовая суседка Еўдакія Ісачанка.

Ісачанка: «Жывем патрошку, а паміраць варта — нецікава нам жыць, усё хварэем і хварэем. Пасьля радыяцыі толькі тры бабы здаравейшыя, а так калекі — ногі баляць, ня дойдуць сюды па хлеб».

Кірыевіч: «Ільготаў у Гусарцы 5 тысяч плацілі, цяпер няма. Каторыя тады пайшлі ў бальніцу, далі групы па інваліднасьці. А цяпер не даюць — а таблеткі дарагія такія!».

…На Чэрыкаўшчыне вёска Верамейкі яшчэ на выбарах паставіла ўсебеларускі рэкорд. Пра яго мне паведаміў мясцовы апазыцыянэр, экс-дырэктар жывёлагадоўчага комплексу, спадар Віктар Странчанка.

Странчанка: «Перад закрыцьцём участка для галасаваньня выпхнулі за 8 мэтраў, высыпалі бюлетэні і паклалі стосікамі. Пасьля сталі вышукваць, хто „супраць“ — у іх атрымалася „адзін-адзін-адзін“. „За“ Лукашэнку — 1035, а ўсяго 1046 выбарцаў. Інакш — 99,9 „за“. Такая лічба наўрад ці ёсьць дзе ў Беларусі. Участковую камісію ўзначальваў намесьнік старшыні райвыканкаму Рубэн Дзьмітрый Міхайлавіч…».

Вандрую па сёньняшніх Верамейках. Сустракаюся яшчэ з адным апазыцыянэрам — сябрам партыі «Справядлівы сьвет», спадаром Мішурам. Да пэнсіі той рабіў вартаўніком у лясгасе. Натуральна, ведае, як маюцца 20 тутэйшых лесарубаў.

Мішура: «Заробку апошнім месяцам атрымалі ўсяго па 600 тысяч. А я ведаю, што такое цягаць уручную бярвеньне па пояс у сьнезе. Да канца працы выкладаюцца цалкам…».

Дзьмітрый Васільевіч ня першы год адстойвае правы пэнсіянэраў.

Мішура: «Каб чалавеку прывезьці дровы — 120–150 тысяч прычэп калі дрэнныя, калі добрыя — 180–220. Пры тым пэнсія па 400–500 тысяч, 40% зь якой сыходзіць на лекі. І кажуць — „Лукашэнка грошы дае“. Кажу, вы ж усё сваёй працай зарабілі, дзяржава абавязаная вас забясьпечыць! А вы ў санаторый зьбераце грошы?! Маўчаць…»

На буйнейшым некалі сьвінакомплексе, які на агульным сходзе самі верамейцы, як цяпер кажуць, «зьехаўшы з глузду», аддалі магілёўскаму хлебакамбінату, сытуацыя «катастрафічная». Кажа вартаўніца, спадарыня Тамара Пянькоўская.



Пянькоўская: «У нас генэральны цяпер што хоча, тое і вароціць. Павінна была сёлета павялічыцца зарплата — тарыф быў 1063 рублі за гадзіну працы. У апэратараў даеньня зьнялі — цяпер толькі па прыбаўленьні ў вазе і канчатковым выніку заробак. У мяне стаж 20 год — 500 зь нечым. У сярэднім па комплексе 500 тысяч, калі ж прыбраць галоўных спэцыялістаў, ня выйдзе нават 400. Умовы працы — па нашым гаражы ў кабінэтах начальніка, дыспэтчарскай усё цячэ. Зь мінулага году былы начальнік Драздоўскі забараніў паліць — усе трубы прарвала. Цяпер у канторы, прамзоне, як у першабытныя часы, стаяць печкі-буржуйкі з дрывамі. (Сьмяецца.) Раней хоць кавалак гаспадарчага мыла давалі раз на квартал — усё прынясі сам. Пах ад рэзьні ўлетку вытрымаць нельга, бо выкіды трэба вывозіць штодня, а вывозяць раз на тыдзень пры плюс 30. А апэратары 8 гадзін днём, ноччу 15. Людзі, вядома, звальняцца ня будуць, бо працы тут няма…».

А цяпер пра самае аптымістычнае ўражаньне ад вандровак за гэтыя 100 дзён. Перад ёй у Чэрыкаве, кажуць, скідаюць шляпу самыя моцныя ды ўмудроныя мужчыны. Акурат перад маім прыездам, на ўсеагульную думку, настаўніца беларускай мовы з прыгараднага пасёлка Рэчыца Людміла Старавойтава зьняла з працы начальніка чэрыкаўскай міліцыі Райкова, а таксама яго намесьнікаў ды супрацоўнікаў, якія дазволілі ў адносінах да яе гвалт. Было так.



Старавойтава: «Маці майго былога сужыцеля напісала на мяне заяву, што я нібыта скрала ў яе 100 тысяч рублёў і зьбіла іх абаіх. Гэта за 5–7 хвілінаў — са мной жа быў кіроўца, які гэта пацьвердзіў. Тым больш маці знаходзілася на ўліку ў псыхіятра. Пачалося ўсё 28 кастрычніка — я ўсталёўвала ў хаце газ, і сужыцель прыехаў дапамагчы. Паехаў па інструмэнт і зьнік. Я заехала да яго маці — ён п’яны спаў. А калі зьяжджаў, забраў ад хаты ключы. Я пачала шукаць у яго ў кішэнях, маці з палкай стала выганяць, абражаць. А ў суботу дзеці кажуць — «міліцыя, мама, прыяжджала, пыталіся цябе». У школе яны сталі пытацца, дзе была ўчора — у заяве было напісана, што я не 28-га, а 31-га была ў Чэрыкаве. Потым — «паедзем з намі, цябе чакае начальнік». Ордэра ў іх не было. Я сказала — выпішыце позву. Да мяне падскочыў маёр Завадзкі, скруціў мне рукі, зашчапіў «бранзалеты». У мяне засталіся сінякі на руках і нагах ад удару аб стол. Маўляў, не паедзеш — цябе чакае «хвіліна ганьбы», бо выведзем са школы ў кайданах. На той момант для мяне быў шок — гэта сёньня я б прашпацыравала пешшу да Чэрыкава, каб бачылі, што і як яны робяць…».

У часе «гарачай лініі» зь міністрам унутраных спраў Куляшовым ёй удалося датэлефанавацца да яго, а пасьля трапіць і на асабісты прыём. Гэта ўжо пасьля праверкі службы ўласнай бясьпекі завялі крымінальныя справы і на дзяжурнага Жарава за незаконны транзыт мяса ў Расею, і на памянёнага маёра Завадзкага, які, як выявілася, гандляваў прастытуткамі. Тады й зьнялі начальніка міліцыі Райкова. Пытаюся: дзе ўзяліся сілы змагацца ў слабой жанчыны? Кажа спадарыня Старавойтава.

Старавойтава: «Для сябе сказала — калі спыніцца і апусьціць рукі, сэнсу далейшага жыцьця ня бачыла. Цяпер я разумею многіх, якія ідуць за праўду, за ідэю, не шкадуючы ні сябе, ні сіл, ні здароўя. Бо застаецца ўсё жыцьцё хадзіць з апушчанай галавой. Перамога ёсьць, але хочацца, каб невінаватыя людзі не баяліся даводзіць сваю правату…».

Апошняя з вандровак была ў Слаўгарад, дзе сустрэўся з тутэйшым апазыцыянэрам-барацьбітом, аўтарам 15 паэтычных зборнікаў, першым дэмакратычным мэрам гораду, былым інжынэрам-геолягам, 83-гадовым спадаром Фэліксам Шкірманковым. Верш, які нядаўна напісаў спадар Фэлікс, можа служыць ягонай рэтраспэкцыяй таго, што адбылося з краінай за першыя 100 дзён прэзыдэнцтва Лукашэнкі.



Шкірманкоў:

«Лухту за праўду любіць гнаць і не трымаць ў судзе адказу,
А той, хто скажа „до брахаць“ — за краты загрыміць адразу.
З тае пары, як атрымаў… уладу — цуд пачаўся.
Ён думку іншую душыць пачаў, бо праўды, як агню баяўся.
І толькі тыя, хто яму у рот глядзяць і падпяваюць —
Прылашчан кожны, і таму каля кармушкі месца маюць.
Ён асабіста выбіраў, каго узьняць, але заўсёды
…прызначаў на нейкі час — не назаўсёды!
Каб не падумалі, крый Бог, што нешта вырашаюць самі,
Сваю уладу беражэ, ўчапіўшыся ў яе зубамі.
Пра зьніклых ведае усё — і хто забіў, дзе пахаваны,
Таму ў вачах ягоных страх — сьмяротны і непрыхаваны…».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG