Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выпрабаваньні Някляеву паслаў Гасподзь»


Як прыемна бачыць клясычную вясковую карціну на ўсе часы. Барадаты мужык у кажуху едзе ў санках, якія валачэ цягавіты каняка. А на фоне замкавых муроў гэтая звычайная дзея глядзіцца асабліва прыгожа. Ня тое, што на фоне вясёлкавых домікаў аграгарадка, якія вырас ледзь не насупраць Крэўскага замку. Мужычок у санках быў першым маім крэўскім суразмоўцам.


— А вы ня ведаеце Ўладзіміра Някляева?

— Ведаю. Тут і цётка яго жыве. Яны вельмі акуратныя, набожныя. Пра іх словаў кепскіх не гавораць. У Крэве ніхто. Што там здарылася на выбарах, ня ведаю. Але тут… Ён прыяжджае, тут яго сваякі пахаваныя. У царкву прыходзіў. Пра яго крэўскія нічога кепскага ня могуць сказаць. Тут вельмі многа крэўскіх галасавала за яго. Я нават сам за яго галасаваў. Пр-р-р, стой. У Крэве ён атрымаў большасьць галасоў.

Па дарозе да някляеўскага дома я завітаў у краму, дзе пагутарыў з прадавачкай. Трыццацігадовай насупленай непрыгожай жанчынай. Якая выпрабоўвала маю веру ў лепшыя якасьці крэўскага народу.

— Ну што можна гаварыць пра Някляева? Што спачуваць? Што хацеў, тое і палучыў. Чаго лез? Чаго ішоў на плошчу?

— А ён быў на плошчы?

— Ну, ня дома ж яго пабілі.

— Правільна пабілі?

— Ня знаю, чаго яму не хватала. Нада яму эта прэзідзенцтва.

Але веру ў беларускі народ мне вярнула наступная суразмоўніца. Апранутая ў элеганцкае паліто, гарадзкога выгляду кабета.

— Мне падабаюцца яго вершы. І як чалавек ён мне падабаецца.

— А галасавалі тут за яго ці не?

— Канечне, галасавалі. Многія галасавалі, а хто яго бліжэй ведае, дык увогуле.

— Вось вы за яго галасавалі, а што вы думаеце пра тое, што зараз па БТ паказваюць?


— А я яго не гляджу. У мяне «Белсат» паказвае. Жахліва, што там гаварыць. Можа, вы які правакатар, што я буду тут раскрывацца…

— Я з Радыё Свабода.

— Я гляджу «Белсат». Я беларускую праграму зусім не гляджу. Я не магу. У мяне сып…

— Ад нерваў…

— Па целе ідзе. Брат майго мужа быў на Плошчы. Неба і зямля. Тое, што паказваюць, і тое, што было насамрэч. Ён з сынам быў, дык кажа — ледзь уцяклі. Паміж дамамі. 15 тысяч, 10 тысяч, хай нават 5 тысяч — гэта ж народ. Гэта беларускі народ. Ня ведаю, хто нам дапаможа. Такі народ някепскі. Душэўны. Ну чаму над ім такога прэзыдэнта паставілі?

Мне вельмі спадабалася думка гэтай кабеты наконт таго, што называць беларускім народам. Маўляў, ня важная колькасьць. Пяць тысяч ці дваццаць. Галоўнае — што іх аб’ядноўвае. Ну, а наконт таго, што над такім добрым народам паставілі такога нядобрага цара, дык і тут няма ніякай несправядлівасьці. Дастаткова пагутарыць зь мясцовай паштаркай, якая разносіла дзяржаўныя газэты.


— А вы самі яго ведаеце?

— Бачыла неяк раз. У нас у клюбе ён быў. Выступаў. Толькі раз прыходзілася яго бачыць.

— І якое ўражаньне?

— Нічога. Спадабаўся. Вершыкі расказваў. Людзі гавораць — што нам гэты дасьць? Што нам гэты дасьць? Тое самае, што і Лукашэнка. А нам што, лепей будзе? Ці пры гэтым, ці пры гэтым, нам лепшага ня будзе. Ня дасьць гэты Някляеў нам зарплаты болей.

— А вас прымушаюць падпісваць людзей на дзяржаўную прэсу?

— Канечне, прымушаюць. А ён не прымушаў бы?

— Не.

— Быць такога ня можа. Сам бы выпісваў бы? Ня хочучы, трэба рабіць. На сябе тады, чытай.

— Гэта як на сябе? Сам на сябе выпісвай?

— Так. За свой кошт. Чытай цэлую кучу. Хочаш — «Савецкую Беларусію», хочаш — «Народную». Так цішком і пішам.

— Вы такія багатыя?

— А хто ў нас пытае, багатыя мы ці не? Мы такія харошыя. Слухаемся прэзыдэнта. Куды пойдзеш скардзіцца? Печкі добра паліць.

— А Някляеў не прымушаў бы вас?

— Ну, ня ведаю. Тады і пошты не было б, можа. І газэт бы не было. А хто нам зарплату плаціў бы? Някляеў плаціў бы зарплату?

Як вам такая пазыцыя? Са свайго мізэрнага заробку аплачваць хлусьню і яшчэ пры гэтым радавацца, што ёсьць такая праца? Сапраўды, добры народ. Такому калі нават зусім нічога не плаціць, ён сам знойдзе плюсы і пазытывы.

Мне пашанцавала сустрэць на сваім шляху мясцовага праваслаўнага сьвятара, айца Валянціна. Які ў кампаніі дзьвюх вельмі набожных кабет асьвячаў дамы сваёй паствы. Набожныя кабеты глядзелі на мяне, як на пасланца зь пекла. Бо як можна адкрыта гаварыць на тэму зьняволенага Някляева? Але поп аказаўся чалавекам філязофскага складу мысьленьня.


Валянцін: «Было дванаццаць апосталаў. І знайшоўся адзін Юда сярод іх. Здрадзіў Хрысту. А ў гэтым грамадзтве, магчыма, таксама ёсьць Юды. Чужая душа — пацёмкі. Мы яго тут ведалі як чалавека. Ураджэнец, храм наведваў. Харошы чалавек. Ня скажам, што ён кепскі чалавек. Нікога не аблаяў ён тут. Нічога не патрабаваў ні ад кога. Нармальны чалавек. Для сьвятара ўсе людзі добрыя. І злодзей, і бандыт, і рэцыдывіст, і наркаман, бомж на памыйцы, ён таксама чалавек. Бо ён створаны на вобраз Божы».

Да якой катэгорыі бацюшка адносіць паэта Някляева — да Юдаў ці да бамжоў, мой суразмоўца не ўдакладніў. А ўладарным рухам паказаў рукой у бок аграгарадка.

Валянцін: «А Аляксандар Рыгоравіч, бачыце? Таксама можам адказаць. На, ідзі жыві, працуй. Гэты дом дваццаць тысяч даляраў каштуе. Заходзьце, жывіце. Вам дадуць».


Ісьці і жыць туды ў мяне жаданьня чамусьці ня ўзьнікла. А сьвятар нарэшце выдаў галоўную сэнтэнцыю.

Валянцін: «Што тут падтасавана, адзін Гасподзь сьведка. Пройдзе час, і ўсё даведаемся. А зараз рана гаварыць. Быў бы Някляеў прэзыдэнтам, мы б віталі яго. Будзеце вы прэзыдэнтам, будзем вітаць вас. Любая ўлада паслана ад Бога нам, народу. Ад Бога! Нам трэба пакаяцца. А гэта Бог пасылае выпрабаваньні кожнаму чалавеку. Гасподзь паслаў выпрабаваньні і Някляеву. А час пакажа ўсё.

Шкада, што айцец не ўдакладніў, за што Бог так ня любіць беларусаў.

Па дарозе да паэтавай цёці Гэлены я пераблытаў хаты. І замест Някляеўскага падворку зайшоў на суседзкі. Дзе мяне больш чым радасна сустрэла суседка Люба. Па голасе Любы я зразумеў, што настрой яна сабе падымае з раніцы.



Суседка: «Пра Някляева, мусіць?»

Карэспандэнт: «Пра Някляева».

Суседка: «От дакаціўся. Паэт. Грошай было мала. А было ж долары, мільёны. Праўда? Дакаціўся. Глядзім па тэлевізары. Што, табе было мала грашэй? Я галасавала за яго, як аднакласьніца. Усе за Лукашэнку. А за Някляева ніхто, ніхто».

Пажадаўшы Любе ня здраджваць свайму суседу, я нарэшце дабраўся да паэтавай цёткі Гэлены. Старая з добрым адкрытым тварам сядзела пад вялікім перадвыбарным плякатам «За Някляева» і сумавала.


Гэлена: «Ён вельмі добры хлапец. Я дык аж паплакала па ім. Ён душэўны быў хлапец. Ён прыйдзе ў хату. Адразу ўкленчыць. Памоліцца. Перажагнаецца. Маці заўжды ў царкву хадзіла, ён узяў гэта ад маці. Знаеце, кажу — прыяжджайце, пакуль жыву, бо, мусіць, я памру. — „Цётачка, мы цябе з таго сьвету прывядзём. Ты будзеш з намі“. Бо ў яго тут нікога няма. Як якое сьвята, дык ён едзе сюды».

Старая Гэлена мучаецца пытаньнем, на якое ня можа даць адказ у сьвеце ніхто.

Гэлена: «Што ён кепскага зрабіў? А такое яму гора далі. Што яго з бальніцы забралі хворага. І забралі яго ў турму. Дык ці біў каго, ці забіў? Дык Бог яго знае. Каб адпусьцілі яго».

Старая мне паведаміла вельмі цікавую дэталь, пра якую не сказаў айцец Валянцін. Аказваецца, пасьля выбараў у Крэва прыяжджалі госьці са сталіцы. Якія дапытвалі бацюшку.

— Харошы бацюшка чалавек.

—А Ўладзімір у яго спавядаўся?

— Так. Дык былі знайшліся зь Мінску, прыехалі. «Нашто яго ў царкву пушчаеш?» Бацюшка сказаў так: «Я ня маю права ў царкву не пускаць. Я нікому не закрываю. Хто хоча, той прыходзіць.

— Гэта было пасьля 19-га?

— Так.

— Наяжджалі на бацюшку. Навошта ў царкву пускаў?

— Гэта ж трэба думаць, што чалавек гаворыць. Ну як гэта? «Навошта пускаў?» Што ён, дзіця малое? Ён хрышчаны тутака. У царкве.

Старая Гэлена вельмі хоча хутчэй пабачыць свайго пляменьніка жывым і здаровым. І ў гэтым жаданьні яна далёка не адзінокая.
Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG