Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь стала адной вялікай турмой». Як рэпрэсіі разлучылі сям’ю Вольгі Такарчук

Вольга Такарчук і яе маці Ірына Такарчук. Ілюстрацыйны каляж.
Вольга Такарчук і яе маці Ірына Такарчук. Ілюстрацыйны каляж.

У пятай частцы другога сэзону падкасту «Архіпэляг БЕЛАГ» мы расказваем, якім пеклам становіцца жыцьцё ў Беларусі для вызваленых былых палітвязьняў і як яны вымушана ўцякаюць з краіны. Прыклад — гісторыя сям’і былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук.

Вольга Такарчук пасьля вызваленьня паўтара году жыла ў Беларусі пад пагрозай новага перасьледу. Калі КДБ прыйшоў да яе і маці ў справе аб дапамозе палітвязьням, сям’я вырашыла ўцякаць з краіны. Бацька і двое дзяцей апынуліся ў Грузіі, Вольгу затрымалі ў маскоўскім аэрапорце і прымусова адправілі назад у Менск. Пазьней ёй удалося выехаць у Літву і забраць дзяцей, а бацьку сям’і — пераехаць у Польшчу. 10 верасьня маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук Ірына Такарчук выйшла на волю. Але сям’я па-ранейшаму жыве ў розных краінах: маці застаецца ў Беларусі, бацька — у Польшчы, а Вольга зь дзецьмі — у Літве.

«Беларусь ужо была адной вялікай турмой»

Блогерка Вольга Такарчук
Блогерка Вольга Такарчук

Вольгу Такарчук затрымалі 19 траўня 2021 году. У сьнежні таго ж году судзьдзя Алена Капцэвіч асудзіла яе на паўтара году пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, а таксама за «абразу судзьдзі» і «паклёп». Вольга была незалежнай назіральніцай на выбарах, хадзіла на маршы пратэсту. На волю яна выйшла 16 чэрвеня 2022 году, цалкам адбыўшы прызначаны тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4.

Пасьля вызваленьня з калёніі Вольга Такарчук спадзявалася, што зможа вярнуцца да нармальнага жыцьця. Аднак свабода выявілася ўмоўнай:

«Калі я выйшла з калёніі, жыцьцё вельмі моцна зьмянілася, яно ператварылася ў пекла. І быццам сьцены калёніі я пакінула, але Беларусь ужо была адной вялікай турмой».

Кожны панядзелак яна мусіла прыходзіць адзначацца ў РУУС і ніколі ня ведала, ці вернецца дадому. Так Вольга пражыла ў Беларусі паўтара году. У пэўны момант пагроза новага перасьледу стала больш рэальнай.

Маці асудзілі на тры гады за дапамогу палітвязьням

У студзені 2024 году па ўсёй Беларусі за харчовую і грашовую дапамогу сваякам палітвязьняў затрымалі амаль 300 чалавек. У выніку 39 зь іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў. Большасьць арыштаваных — жанчыны сталага веку. Прычынай зацікаўленасьці спэцслужбаў Беларусі стала дапамога сем’ям палітвязьняў ад ініцыятывы беларусаў замежжа I Need Help, якую ўлады прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Ірына Такарчук
Ірына Такарчук

Затрыманых абвінавацілі ў тым, што яны слалі грашовыя пераводы ці замаўлялі прадукты з онлайн-гіпэрмаркетаў для сем’яў, у якіх родзічы сядзелі ў турмах. Сярод затрыманых і асуджаных была Ірына Такарчук, маці былой палітзьняволенай Вольгі Такарчук. Саму Вольгу Такарчук тады забралі ў КДБ, каля дзесяці гадзінаў дапытвалі, правяралі тэлефон і электронную пошту. Сьледчыя спрабавалі знайсьці доказы таго, што яна сама атрымлівала дапамогу ад арганізацыі або супрацоўнічала зь ёю. Аднак нічога даказаць ня здолелі і адпусьцілі Вольгу. Але маці, Ірына Такарчук, апынулася за кратамі.


«Мая мама ня верыла, што ў 63 гады чалавека могуць пасадзіць у турму толькі за тое, што ён аказаўся неабыякавым. Нас жа зь дзяцінства вучылі не заставацца абыякавымі да чужой бяды, да чужога гора. І што за дапамогу каўбасой і хлебам можна пасадзіць чалавека ў турму на тры гады», — кажа Вольга.

Ірыну Такарчук асудзілі на тры гады калёніі. Маючы некалькі хранічных захворваньняў, яна была ў так званым гуманітарным сьпісе палітвязьняў, што склалі беларускія праваабаронцы. Але гэта не дапамагло, і Ірына правяла за кратамі ўвесь прызначаны ёй тэрмін.

«Я разумела: у маім тэлефоне яны шмат што могуць знайсьці»

Пасьля затрыманьня Вольгі яе тэлефон застаўся ў супрацоўнікаў КДБ. Яна разумела, што нават калі сьледчыя нічога ня знойдуць у справе ініцыятывы I Need Help, яны могуць выкарыстаць гісторыю праглядаў або падпіскі на незалежныя рэсурсы.

«Я разумела, што ў маім тэлефоне яны ўсё роўна нешта знойдуць. І тады я зразумела: настаў той момант, які я адцягвала пасьля вызваленьня. Паўтара году я была ў Беларусі і спадзявалася, што сытуацыя зьменіцца і мне ня трэба будзе ўцякаць з краіны».

На наступны дзень пасьля затрыманьня Вольгі яе бацьку выклікалі ў Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі ў справе маці. У яго таксама забралі тэлефон. Бацька Вольгі — былы супрацоўнік міліцыі, былы вайсковец і дзяржаўны службовец зь вялікім стажам. Сям’я баялася, што ён таксама можа стаць падазраваным.

«Калі не пашкадавалі маму, то тату тым больш ніхто шкадаваць ня будзе», — згадвае Вольга.

Тады сям’я вырашыла, што бацьку таксама трэба тэрмінова вывозіць зь Беларусі.

«Я паўтара году маральна рыхтавалася да таго, што раней ці пазьней мне давядзецца зьехаць. Але тата нават уявіць ня мог, што можа адбыцца сытуацыя, калі за адзін дзень ён страціць усё сваё жыцьцё: жонку, дом, кватэру, у якую ўклаў усе свае сілы і сродкі. Што яму на 63-м годзе жыцьця давядзецца тэрмінова пакідаць краіну, у якой ён пражыў усё жыцьцё».

Уцёкі праз Расею: бацька і дзеці вылецелі ў Грузію, Вольгу затрымалі

На трэці дзень пасьля выстаўленьня маці абвінавачаньня Вольга, яе бацька і двое дзяцей — дачка і сын — сабралі заплечнікі і выехалі ў Расею. Сям’я ня мела візаў, якія дазвалялі б перасекчы мяжу Беларусі ў іншым кірунку.

Вольга лічыла, што пасьля вызваленьня з калёніі выезд зь Беларусі ёй дазволены. Аднак у аэрапорце Шарамецьева выявілася, што яна ня можа выехаць. Бацьку і дзецям удалося вылецець у Грузію. А Вольгу, зь яе словаў, затрымала ФСБ у маскоўскім аэрапорце.

«Перада мной стаялі толькі вочы маёй дачкі, поўныя сьлёз, калі мяне забіраў супрацоўнік ФСБ. Яна крычала: „Мамачка, куды цябе зноў забіраюць?“»

Вольга баялася, што калі ў Менску яе сустрэнуць сілавікі, то дачку яна ня ўбачыць яшчэ вельмі доўга: «Гэтыя вочы, поўныя сьлёз, маглі стаць маім апошнім успамінам пра яе».

Празь некалькі дзён Вольгу пад канвоем пасадзілі ў самалёт назад у Беларусь. Пашпарт аддалі толькі ў самалёце. У Менску Вольгу не затрымалі. Яна паехала да родных, але нават там ня ведала, у якім статусе знаходзіцца і чаго чакаць далей: «Было страшна ад кожнага шоргату, ад кожнага міліцыянта на вуліцы, ад усяго».

Такарчук хавалася. Пазьней здолела дабрацца да Вільні.

Тры месяцы ў Грузіі і адмова ў візе бацьку

Пакуль Вольга была ў Літве, яе бацька і дзеці заставаліся ў Грузіі. BySol дапамог з жытлом і выдаткамі. Бацька быў у цяжкім псыхалягічным стане. Дзеці таксама перажывалі моцны стрэс, амаль не выходзілі з кватэры. Вольга спрабавала як мага хутчэй арганізаваць іх пераезд у Літву. Сям’я падала дакумэнты на літоўскія візы. Калі яны ўжо чакалі выдачы пашпартоў з візамі, прыйшла адмова ў візе бацьку. Літва палічыла бацьку Вольгі пагрозай нацыянальнай бясьпецы празь яго вайсковую службу да 1991 году. Пазьней яго ўключылі ў базу асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз.

«Я ня ведаю, як яны ўяўлялі сабе майго тату, калі прымалі гэтае рашэньне. Ён ужо проста развальваўся ад усяго, што адбылося. Але для іх тое, што ён калісьці трымаў у руках аўтамат, азначала, што ён можа ўзяць яго зноў».

Вольга была ў роспачы: яна ня ведала, як забраць дзяцей і што рабіць з бацькам, які заставаўся ў Грузіі. Урэшце дзецям усё ж выдалі візы, і яны змаглі прыехаць да маці ў Літву. Бацька застаўся ў Грузіі.

«Думала, што турма — самае страшнае»

Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Вольга Такарчук прызнаецца, што турма была для яе цяжкім выпрабаваньнем: каранавірус за кратамі, ШЫЗА. Тады ёй здавалася, што горш ужо нічога ня можа быць. Але ўцёкі зь Беларусі выявіліся яшчэ цяжэйшымі.

«Я думала, што турма — самае страшнае. Калі я сядзела, асабліва ў Жодзіне, мне здавалася, што гэта найстрашнейшы час у маім жыцьці. Але ўцёкі і эміграцыя выявіліся значна страшнейшымі. У турме хаця б зразумела, што цябе чакае: ёсьць дзе спаць, што есьці і ў што апранацца. Ты ведаеш, што твае блізкія на волі, што зь імі ўсё ў парадку. А ў эміграцыі ты быццам у палёце. Пад нагамі нічога, вакол нічога».

Падчас эвакуацыі Вольга ўпершыню ў жыцьці сутыкнулася з моцнымі панічнымі атакамі.

«Яны былі настолькі моцныя, што ў той момант я разумела: магу парэзаць сабе вены, выскачыць у акно, забіць сябе, нават не задумваючыся. І ня будзе ні страху, ні шкадаваньня, нічога».

Паводле Вольгі, пэрыяды гэтага стану працягваліся нядоўга, але былі надзвычай інтэнсіўнымі. Нават у турме, калі ёй расказвалі пра панічныя атакі, Вольга ня верыла, што такое можа адбывацца з чалавекам.

Пасьля таго як дзеці пераехалі да Вольгі ў Літву, пачаўся новы этап змаганьня. За бацьку. Вольга хацела вывезьці яго з Грузіі. Літоўская арганізацыя Freedom House дапамагла наняць адваката, які спэцыялізуецца на міграцыйных справах. Сям’я спрабавала дамагчыся выключэньня бацькі з базы асобаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз. Урэшце бацьку ўдалося атрымаць польскую візу. Ён пераехаў у Беласток, а Вольга зь дзецьмі засталася ў Вільні.

Сям’я атрымала гуманітарны дазвол на жыхарства ў Літве. Дзеці ходзяць у школу, Вольга разьвівае свой Youtube-канал і спрабуе наладзіць жыцьцё на новым месцы.

10 верасьня 2026 году яе маці Ірына Такарчук выйшла з гомельскай калёніі на волю. Яна цалкам адбыла прысуджаны ёй тэрмін. Cям’я, якая яшчэ нядаўна была разам у Беларусі, цяпер вымушаная жыць у розных краінах: бацька — у Польшчы, маці — у Беларусі, а Вольга зь дзецьмі — у Літве.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG