Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая прыбіральніца купіла ў элітным раёне Менску катэдж, які раней каштаваў 837 000 даляраў

Катэджы ў жылым комплексе «Алімпік Парк». Менск, 2022 год. Скрыншот: Tapas Group, YouTube
Катэджы ў жылым комплексе «Алімпік Парк». Менск, 2022 год. Скрыншот: Tapas Group, YouTube

Маці кіраўніцы Нацыянальнай школы прыгажосьці Бажэны Ярэміч Ірэна набыла катэдж плошчай 610 квадратных мэтраў у элітным комплексе «Алімпік Парк» у Менску.

Пра гэта піша «Люстэрка». Паводле расьсьледаваньня выданьня, Ірэна Ярэміч купіла дом у лютым 2025 году ў Ліліі Белай — маці бізнэсоўца Паўла Белага, якому належыць група кампаніяў «Тапас», што пабудавала гэты комплекс.

За два тыдні да перапродажу Белая сама набыла катэдж за 837 тысяч даляраў. «Люстэрка» высьветліла, што гэта не адзіны выпадак, калі яна выступала прамежкавай уладальніцай нерухомасьці: паводле падлікаў выданьня, празь яе прайшлі прынамсі шэсьць кватэраў і два дамы, якія яна прадавала менш як праз год пасьля куплі.

Навошта выкарыстоўвалася такая схема, невядома. Выданьне не выключае, што за ёю маглі стаяць нестандартныя ўмовы продажу, зьніжка або нефармальная растэрміноўка.

Ірэна Ярэміч раней працавала прыбіральніцай, а ў пэўны пэрыяд была аформленая дворнічкай. Пра гэта ў ранейшых інтэрвію расказвала яе дачка Бажэна.

Бажэне Ярэміч цяпер 27 гадоў. У 2021 годзе, ва ўзросьце 21 году, яна ўзначаліла Нацыянальную школу прыгажосьці. Цяпер яна таксама дэпутатка Менскага гарадзкога савету і рэгулярна ўдзельнічае ў імпрэзах з Аляксандрам Лукашэнкам.

Уладальнік «Тапасу» Павал Белы — бізнэсовец і хакеіст, які раней гуляў у камандзе Лукашэнкі. Кампанія займаецца будаўніцтвам жылой і камэрцыйнай нерухомасьці ў Менску.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
​
XS
SM
MD
LG