Чарговая дарожная аварыя з удзелам беларусаў у Грузіі адбылася ў сераду 12 жніўня непадалёк ад Батумі ў горным раёне Гурыя. Паводле афіцыйных паведамленьняў, у ёй загінулі чацьвёра грамадзян Беларусі, іх імёны не паведамляюцца. Яшчэ 15 чалавек атрымалі раненьні і знаходзяцца зараз у розных шпіталях непадалёк ад месца здарэньня.
Сьведкам ДТЗ стаў яшчэ адзін беларус Мікола, які падзяліўся пабачаным у сваім акаунце ў Threads. Паводле яго словаў, ён трапіў на месца здарэньня амаль адразу пасьля таго, як яно адбылося, калі разам з сябрамі падымаўся па горнай дарозе ўверх. Мікрааўтобус, у якім ехалі беларусы, наадварот — спускаўся ўніз.
«Пры мне чатыры „хуткія“ прыехалі і ратавальнікі, — апісвае пабачанае сьведка. — Выцягнулі дзяцей і далі ім абязбольваючыя і ваду… Дэталёва я сам агледзеў месца аварыі, запытаўся ў знаёмага кіроўцы і яшчэ аднаго сьведкі. Сказалі, што перагрэліся тармазы, яны сталі мяккімі і бус пакаціўся зь вялікай хуткасьцю на павароце. Перакуліўся і вылецеў за агароджу, моцна ўдарыўся дахам аб дрэва. Яно зламала мікрааўтобус на дзьве часткі».
Па словах відавочцы, пасажыры мікрааўтобуса выпалі з яго ў абрыў, некаторыя былі заціснутыя дэфармаванымі часткамі аўтамабіля.
«Здарылася гэта ўжо амаль у самым нізе дарогі з Гоміс да Азургеці, — працягвае сьведка. — А мы туды з сябрамі наадварот падымаліся, каб неба паздымаць з вышыні… Сам па сабе гэты дзень быў жахлівы. Мы пабачылі ажно чатыры ДТЗ ад самага Батумі».
У размове са Свабодай Мікола пацьвердзіў, што быў адным з першых, хто трапіў на месца здарэньня яшчэ да прыезду ратавальнікаў. Па яго словах, грузінскія службы на месца здарэньня трапілі праз 20-30 хвілін і спрацавалі даволі апэратыўна, аднак аднаму з пацярпелых хутка дапамагчы не атрымлівалася.
«Аднаго хлопца не маглі дастаць, — расказаў сьведка. — Ён моцна крычаў ад болю. Было шмат турыстаў, натоўп. Дарогу пасьля ДТЗ перакрылі і яны ішлі з абодвух бакоў даведацца, што здарылася. Частка кінулася дапамагаць пацярпелым, насілі ім ваду. Гэта таксама беларусы былі. Але былі і такія, хто абураўся перакрыцьцём дарогі. Скардзіліся, што ў іх сапсаваўся тур».
Суразмоўца дадае, што здарэньне выклікала шырокі розгалас у Батумі і ваколіцах. Кіроўца буса быў мясцовым, грузінам. Ён выжыў падчас здарэньня, паліцыя затрымала яго ў дзень ДТЗ, цяпер ён пад вартай.
Як раніцай 13 жніўня паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА з спасылкай на Міністэрства замежных спраў, сярод пацярпелых беларусаў — шэсьць непаўналетніх дзяцей, якія атрымалі розныя траўмы. Агулам у мікрааўтобусе Mercedes-Benz Sprinter, які трапіў у аварыю, знаходзіліся 19 грамадзян Беларусі.
«Паводле інфармацыі МУС Грузіі, кіроўца мікрааўтобусу не забясьпечыў бясьпечнае кіраваньне транспартным сродкам, у выніку чаго мікрааўтобус зьехаў з дарогі і ўпаў у цясьніну», — адзначылі ў МЗС Беларусі.
Беларусаў шпіталізавалі ў дзьве розныя лякарні, лекары сьцьвярджаюць, што пагрозы іхнаму жыцьцю няма.
«Амбасада Беларусі ў Грузіі надае ўсё неабходнае консульскае садзейнічаньне. Консул Беларусі ў Грузіі ўжо выехала на месца здарэньня», — адзначылі ў зьнешнепалітычным ведамстве.
Форум