Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што рабіць, калі адмовілі ў міжнароднай абароне ў Польшчы. Даведаліся ў экспэртаў

Ўправа ў справах іншаземцаў у Варшаве. Ілюстрацыйнае фота
Ўправа ў справах іншаземцаў у Варшаве. Ілюстрацыйнае фота

Беларусам у Польшчы ўсё часьцей адмаўляюць у статусе ўцекача або дадатковай абароне. Улады краіны абгрунтоўваюць адмовы тым, што ў Беларусі палепшылася сытуацыя і зьмяншаюцца рэпрэсіі.

Міжнародную абарону ў Польшчы надаюць іншаземцам, якія ня могуць вярнуцца ў сваю краіну праз пагрозу палітычнага перасьледу і катаваньняў. Ёсьць дзьве формы абароны: статус уцекача (так званы блакітны «жэнэўскі пашпарт») і статус дадатковай абароны — дазвол на жыхарства ў Польшчы тэрмінам на 2 гады, які потым можна працягваць.

Усяго за 2021–2025 гады грамадзянам Беларусі ў Польшчы выдалі амаль 12 тысяч станоўчых рашэньняў: каля 900 беларусаў атрымалі статус уцекача, больш за 10 тысяч — дадатковую абарону.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Ўправы ў справах іншаземцаў (Urząd do Spraw Cudzoziemców), за пяць месяцаў 2026 году ведамства вынесла 710 рашэньняў у справах беларусаў, зь якіх 31 былі адмоўнымі (4,4% ад усіх разгледжаных справаў). Разгляд 96 справаў (13,5%) спынілі. Статус уцекача атрымалі 215 беларусаў (30,3%), дадатковую абарону — 368 (51,8%).

Беларускія юрысты ўважліва прааналізавалі шматстаронкавыя абгрунтаваньні адмоваў, якія атрымліваюць беларусы. І заўважылі трывожную тэндэнцыю: польскія ўлады лічаць, што сытуацыя ў Беларусі істотна палепшылася. Калі коратка, аргумэнты такія:

— пасьля выбараў 2020 году прайшло ўжо амаль 6 гадоў;

— у студзені 2025 году адбыліся новыя прэзыдэнцкія выбары;

— маштаб рэпрэсіяў паступова зьмяншаецца;

— у 2026 годзе скончыўся тэрмін даўніны прыцягненьня да адказнасьці паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (пра «масавыя беспарадкі»);

— з чэрвеня 2024 году Лукашэнка падпісаў некалькі ўказаў аб памілаваньні.

Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота
Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Людзі, якім адмовілі ў міжнароднай абароне, не былі лідэрамі ці арганізатарамі пратэстаў, часьцей за ўсё гэта шараговыя ўдзельнікі падзеяў 2020 году. На думку польскіх уладаў, зараз няма прыкметаў асаблівай цікавасьці беларускіх спэцслужбаў да такіх заяўнікаў. І польскі дзяржаўны орган прыходзіць да высновы, што «імавернасьць арышту і асуджэньня заяўніка з палітычных матываў у выпадку вяртаньня ў Беларусь ня ёсьць рэальнаю».

Боязь падаць апэляцыю

Сябра Каардынацыйнай рады, праўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Міхаіл Кірылюк з такой пазыцыяй польскага боку ня згодны. Тыдзень таму ён разам зь іншымі беларускімі палітыкамі і юрыстамі быў на прыёме ў шэфа Ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы Томаша Цытрыновіча.

«Так, 5 гадоў прайшло, тэрміны даўніны паводле некаторых крымінальных артыкулаў прайшлі. Мы даводзілі спадару Цытрыновічу, што ў Беларусі так права, на жаль, не працуе. Калі ты цікавы беларускім сілавікам — напішуць, што ты кіраўнік групы або што заўгодна, ім няма розьніцы, якія дакумэнты фальсыфікаваць», — кажа Кірылюк.

Міхаіл Кірылюк
Міхаіл Кірылюк

На думку суразмоўцы, толькі палітыкі ня здолеюць разьвязаць сытуацыю. Мэдыя павінны шырока ўздымаць праблему, таксама патрэбная судовая практыка. А такая практыка можа быць толькі тады, калі людзі самі будуць аспрэчваць адмовы, падаваць скаргі.

«Мы зьвярталіся да двух чалавек, якім адмовілі ў дадатковай абароне. Маем сродкі на польскіх адвакатаў. „Калі ласка, давайце падамо апэляцыі“, — прапаноўваем. Два чалавекі адмовіліся: „Мы ня хочам, будзем іншымі спосабамі легалізоўвацца“», — наракае Кірылюк.

Ён дадае, што ўважае такія паводзіны, калі чалавек баіцца падаваць апэляцыю, за своеасаблівую беларускую траўму.

«Ён прайшоў ужо празь несправядлівыя беларускія суды і падсьвядома думае, што калі зараз напіша апэляцыю, то польскія міграцыйныя ўлады будуць да яго ставіцца як да ворага і назаўтра дэпартуюць. Але я магу як праўнік пацьвердзіць, што гэта абсалютна ня так. І тут калі ты не абскарджваеш рашэньне, то трохі ўскосна, пасіўна падтрымліваеш гэтую некарысную для ўсіх беларусаў практыку. Рашэньне — гэта не прысуд анкалёгіі 4-й ступені, адмову трэба абскарджваць», — падсумоўвае суразмоўца.

І ад таго, як зладжана і сыстэмна беларусы будуць рэагаваць, на думку беларускага юрыста, залежыць у будучыні міграцыйная палітыка ў дачыненьні беларусаў.

«Бо рэпутацыя ў нас добрая, беларусы — вельмі законапаслухмяныя грамадзяне. І, я думаю, мы маем права патрабаваць абароны, дзе яна нам належыць паводле закону», — кажа Міхаіл Кірылюк.

Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026. Ілюстрацыйнае фота
Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026. Ілюстрацыйнае фота

Ён заклікае беларусаў, зьвяртаецца да прадстаўнікоў дыяспары: калі ёсьць такія адмовы, калі чалавек ня можа знайсьці грошы на польскага адваката — зьвяртацца ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне.

«Мы знойдзем грошы. Мы самі прыцягваем адмыслоўцаў у міграцыйным праве. Бо калі мы здолеем у судах адстаяць адно рашэньне, другое, трэцяе — гэтыя справы будуць вяртацца ва Ўправу ў справах іншаземцаў. І калі суд на ўсе рашэньні дае аргумэнтаваны адказ — яны памяняюць сваю практыку. Гэта працуе ў Польшчы. Ёсьць шмат прыкладаў, калі суды займаюць прынцыповую пазыцыю. І на палітычным узроўні былі спрэчкі, да Вярхоўнага суду Польшчы справы даходзілі. Але без падтрымкі людзей я як праўнік НАУ ніякую скаргу сам не магу падаць, калі чалавек атрымаў адмову і сам ня хоча яе абскарджваць. Мы ж патрабуем не дадатковых правоў, а толькі ўжыць дзейнае заканадаўства», — кажа Кірылюк.

Дапушчаныя памылкі

Спэцыялістка ў легалізацыі Вольга Цімкіна таксама лічыць, што апэляцыю на адмоўнае рашэньне падаваць трэба. Інакш, на яе думку, Управа ў справах іншаземцаў Польшчы будзе думаць, што беларусы ўсё праглынаюць і з усім пагаджаюцца.

«Апэляцыя — гэта магчымасць паказаць, што пры разглядзе справы былі дапушчаныя памылкі. Найбольш пашыраныя зь іх:

— няпоўная ацэнка доказаў;

— ігнараваньне асобных дакумэнтаў;

— выбарачная ацэнка паказаньняў;

— брак аналізу актуальнай сытуацыі ў краіне паходжаньня;

— няправільнае прымяненьне заканадаўства.

Часам менавіта на стадыі апэляцыі ўдаецца падаць дадатковыя доказы або падрабязна растлумачыць акалічнасьці, якія раней засталіся без увагі», — перакананая Вольга Цімкіна.


Але нярэдка заяўнікі самі робяць істотныя памылкі, самі непераканаўча абгрунтоўваюць свае заявы, дадае яна.

«Я чытаю адмову і прашу даслаць тое, што яны самі пісалі ва Ўправу. І вельмі часта людзі робяць памылкі самі. У яго нармальная справа, дастаткова аргумэнтаў. Але ён сам напісаў, што вёў тэлеграм-канал „нэўтральнага зьместу“. Ну яму і адмовілі: маўляў, „вы самі напісалі, што ТГ-канал нэўтральны“, то бок „вам нічога не пагражае“. А трэба было напісаць, што там былі рэальныя навіны пра ўладу. То бок людзі баяцца гэта вымаўляць уголас нават тут — і таму адмова. Я наагул не перастаю дзівіцца з нашых беларусаў. Як пад плястыкавымі кулямі і вадамётамі на пратэстах бегаць — яны сьмелыя, а тут, у Польшчы, расказаць пра гэта ня могуць», — эмацыйна рэагуе Вольга.

Міжнародная абарона — гэта таксама складаная юрыдычная працэдура. Часта людзі думаюць, што рашэньне залежыць ад таго, наколькі трагічна гучыць гісторыя. На практыцы гэта ня так, тлумачыць спэцыялістка ў легалізцыі.

«Рашэньне прымаюць зыходзячы з таго, ці пацьвярджаюць факты наяўнасьць рызыкі перасьледу або сур’ёзнай шкоды ў выпадку вяртаньня. Таму посьпех справы шмат у чым залежыць не ад эмоцыяў, а ад пасьлядоўнасьці сьведчаньняў, доказаў і правільнай юрыдычнай ацэнкі акалічнасьцяў. Важная ня колькасьць інфармацыі, а яе юрыдычная значнасьць.

Трэба растлумачыць, што адбылося, што ёсьць крыніцаю небясьпекі, чаму небясьпека захоўваецца, што адбудзецца пры вяртаньні», — пералічвае юрыстка.

Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026. Ілюстрацыйнае фота
Марш да Дня Волі ў Варшаве, 28 сакавіка 2026. Ілюстрацыйнае фота

Кожны з гэтых пунктаў мусіць пацьвярджацца фактамі, кажа Вольга. На яе думку, адна з самых пашыраных памылак — агульныя фармулёўкі.

«Напрыклад: „Я ўдзельнічаў у пратэстах“. Або: „Я баюся вяртацца“. Для разгляду справы гэтага недастаткова. Важна растлумачыць: калі; дзе; што менавіта адбывалася; ці былі затрыманьні; ці складалі пратаколы; ці заводзілі крымінальныя або адміністрацыйныя справы; ці былі ператрусы; ці паступалі пагрозы; чаму ўлады ведаюць менавіта пра гэтага чалавека. Чым канкрэтней выкладзеныя абставіны, тым вышэйшая доказная каштоўнасьць паказаньняў. Нават калі здаецца, што дакумэнт „нічога не даказвае“, ён можа стаць элемэнтам агульнай карціны», — кажа Вольга Цімкіна.

На інтэрвію, калі чалавек чагосьці не памятае, лепш шчыра сказаць, што ня памятае, раіць Вольга Цімкіна.

«Калі ня ўпэўнены ў даце, лепш растлумачыць гэта адразу. Многія адмоўныя рашэньні зьмяшчаюць выснову: „Паказаньні заяўніка непасьлядоўныя“. Часам прычынай становіцца невялікая недакладнасьць, якая потым паўтараецца ў некалькіх дакумэнтах. Таму перад інтэрвію карысна ўважліва аднавіць храналёгію падзей.Таксама важна не сьпяшацца. Інтэрвію — гэта не фармальнасьць. Менавіта на падставе першых тлумачэньняў потым будуецца ўся справа. Кожная недакладнасьць можа быць скарыстаная пры вынясеньні рашэньня», — кажа адмыслоўца.

Пасьля інтэрвію абавязкова трэба ўважліва прачытаць пратакол. Гэта адзін з самых недаацэненых этапаў.

«Вельмі часта заяўнікі падпісваюць пратакол, не чытаючы яго. Пазьней высьвятляецца, што адказы запісаныя недакладна; нейкіх акалічнасьці няма; сэнс асобных выказваньняў зьмяніўся.

Пасьля падпісаньня выправіць гэта значна складаней. Калі заяўнік дрэнна разумее польскую мову, лепш скарыстацца дапамогай перакладніка. Нават невялікая памылка ў перакладзе можа зьмяніць сэнс адказу», — раіць Вольга Цімкіна.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG