Дзяржаўныя СМІ Беларусі паведамляюць пра сустрэчу з прадстаўнікамі інданэзійскага ўраду, на якой Лукашэнка прапанаваў пашыраць эканамічнае супрацоўніцтва, адкрываць сумесныя вытворчасьці і запрашаў інданэзійскіх чыноўнікаў у Беларусь знаёміцца з прадпрыемствамі і «беларускімі тэхналёгіямі савецкага паходжаньня». Паведамлялі пра беларуска-інданэзійскі бізнэс-форум, які прайшоў напярэдадні візыту ў Джакарце і дзе былі падпісаныя пагадненьні прыкладна на 76 мільёнаў даляраў.
Якая асноўная мэта візыту і чым адрозьніваюцца палітычныя рэжымы Беларусі й Інданэзіі, разьбіраліся з экспэртамі.
Інданэзія як ключавы рынак для калійных угнаеньняў Беларусі
Як адзначае ў камэнтары Свабодзе галоўная рэдактарка выданьня «План Б» Вольга Лойка, Інданэзія — адзін з найбуйнейшых і традыцыйных рынкаў для беларускіх калійных угнаеньняў. У розныя пэрыяды яна ўваходзіла ў тройку–чацьвёрку найбуйнейшых пакупнікоў, пасьля Кітаю і Бразыліі. Аб’ёмы паставак дасягалі 400–700 тысяч тон у розныя гады. Раней пастаўкі беларускага калію ішлі праз літоўскую Клайпеду, але пасьля 2022 году гэта стала немагчымым праз санкцыі, і лягістыку пераарыентавалі на Расею. У гэтым кантэксьце, паводле Лойкі, для Менску застаецца актуальным пошук новых маршрутаў і вяртаньне да балтыйскага транзыту.
«Пры гэтым Беларусь можа спрабаваць менавіта Інданэзіі прадаць „Беларуськалій“. Гэта, прынамсі, абмяркоўвалася з большай ступеньню сур’ёзнасьці, чым у дачыненьні да амэрыканцаў. Бо там быў інтарэс, але не было спробаў правесьці ацэнку гэтага актыву. А тут гэта абмяркоўвалася і, наколькі я памятаю, быў нават тэндэр на тое, хто будзе ацэньваць. Таму Інданэзія — выключна важны рынак. І ў цэлым Паўднёва-Ўсходняя Азія — важны для Беларусі рэгіён. Усё ж Індыя, Кітай — найбуйнейшыя пакупнікі, і Інданэзія таксама. І я ўпэўненая, што калі прэзыдэнт Інданэзіі заяжджаў у Беларусь, гэта таксама было адным з найважнейшых кірункаў абмеркаваньня».
Чаму заяжджаў у Менск прэзыдэнт Інданэзіі?
Летась у ліпені Лукашэнка ў Менску правёў неанансаваную сустрэчу з прэзыдэнтам Інданэзіі Прабова Субіянта, які вяртаўся з Францыі й Бэльгіі. Пазьней францускае выданьне Intelligence Online паведаміла, што нечаканы візыт прэзыдэнта Інданэзіі ў Менск пасьля Парыжу мог быць зьвязаны з намерам набыць беларускую зброю. Аўтары адзначалі, што Беларусь не экспартуе ўзбраеньняў, не ўзгадніўшы гэта з Расеяй. Сам інданэзійскі лідэр заявіў, што прыляцеў у Беларусь дзеля перамоваў аб угнаеньнях.
Пазьней 28 ліпеня 2025 году начальнік Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў Павал Муравейка прымаў у Менску міністра абароны Інданэзіі Шафры Шамсудына. Сустрэчы прадстаўнікоў дзьвюх дзяржаваў працягваліся: 5–7 жніўня летась Інданэзію наведваў Максім Рыжанкоў, абмяркоўваліся «пытаньні паставак беларускай тэхнікі, а таксама стварэньня ў Інданэзіі «зборачных вытворчасьцяў».
Важна зьвярнуць увагу на яшчэ адну паездку, якая можа сьведчыць пра ўласныя інтарэсы сям’і Лукашэнкаў.
Пакуль у лістападзе–сьнежні 2025 году Лукашэнка-старэйшы з сынамі Віктарам і Мікалаем гасьцяваў у Амане, у тыя ж дні якраз у Інданэзіі быў сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры. Згодна з афіцыйнымі паведамленьнямі, Дзьмітры Лукашэнка меў перамовы ў Інданэзіі пра «аграрную сфэру». Аднак ён кіруе так званым «Прэзыдэнцкім спартовым клюбам», і засталося невядомым, якім чынам ён упаўнаважаны гаварыць пра сельскагаспадарчую галіну. Гэта стала падставай думаць, што сям’я Лукашэнкаў можа мець уласныя бізнэс-інтарэсы ў Інданэзіі. Пацьвердзіць ці зьняпраўдзіць гэта пакуль не ўдалося.
Палітычны кантэкст візыту
Гісторык Яўген Красулін у размове з Свабодай заклікае разглядаць гэты візыт у шырэйшым палітычным кантэксьце. Паводле яго, Інданэзія за прэзыдэнта Прабова Субіянта — гэта краіна з дэмакратычнымі інстытутамі, але з моцнай вайсковай і аўтарытарнай традыцыяй, якая ідзе з эпохі вайскова-аўтарытарнага рэжыму Сухарта (1966–1998).
Субіянта сам вайсковец і, паводле экспэрта, зьвязаны зь мінулымі рэпрэсіўнымі пэрыядамі гісторыі краіны. Ён дэманструе збліжэньне з Расеяй, што стварае дадатковыя геапалітычныя сувязі паміж Масквой, Менскам і Джакартай.
Красулін адзначае, што паралелі паміж Беларусьсю і Інданэзіяй абмежаваныя. У Беларусі — мадэль кантролю дзяржавы над эканомікай і абмежаваньне прыватнага бізнэсу, у Інданэзіі часоў Сухарта — наадварот, курс на адкрытую рынкавую эканоміку і прыцягненьне інвэстыцыяў. Гэта, паводле гісторыка, дазволіла Інданэзіі дасягнуць высокіх тэмпаў росту ў 1970–1980-я гады, нават пры сур’ёзных парушэньнях правоў чалавека. Асобна ён падкрэсьлівае, што, адрозна ад Інданэзіі, Беларусь не прайшла праз эканамічную лібэралізацыю і застаецца залежнай ад вонкавых спонсараў, перадусім Расеі.
Інданэзія як гулец у глябальнай палітыцы
Інданэзія актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваньнях міжнародных канфліктаў, яна прапаноўвала «мірны плян» завяршэньня вайны ва Ўкраіне ў 2023 годзе. Ён уключаў неадкладнае спыненьне агню, стварэньне дэмілітарызаванай зоны з адводам войскаў абодвух бакоў на 15 км і разьмяшчэньне міратворцаў ААН у гэтай зоне. Таксама Джакарта прапаноўвала новыя рэфэрэндумы на «спрэчных тэрыторыях» пад эгідай ААН. У МЗС Украіны тады заявілі, што ніякіх «спрэчных тэрыторыяў» паміж Украінай і Расеяй няма, бо гэта акупаваныя Расеяй украінскія землі. Кіеў таксама адзначыў, што прапанаванае замарожваньне канфлікту і буфэрная зона могуць толькі даць Расеі час перагрупавацца і ўзмацніць вайсковыя дзеяньні.
Гісторык Яўген Красулін сумняецца, што палітычная супраца з Інданэзіяй можа істотна зьмяніць статус Беларусі ў міжнароднай палітыцы. Паводле экспэрта, для Лукашэнкі галоўнае — не рэальныя вынікі, а сам факт прысутнасьці ў міжнароднай тэматыцы і візуальная дыпляматычная актыўнасьць.
Якія паралелі паміж 32-гадовым кіраваньнем Лукашэнкі і 32-гадовым кіраваньнем Сухарта
Сухарта — інданэзійскі вайсковы і палітычны лідэр, другі прэзыдэнт Інданэзіі, што кіраваў краінай з 1966 па 1998 год. Ён прыйшоў да ўлады пасьля палітычнага крызісу і ваенных падзеяў сярэдзіны 1960-х гадоў, калі ў Інданэзіі адбыліся масавыя антыкамуністычныя рэпрэсіі й зьмяніўся балянс улады на карысьць вайскоўцаў. За час яго праўленьня краіна заставалася аўтарытарнай: палітычная апазыцыя была абмежаваная, мэдыя падкантрольныя, а ключавую ролю ў кіраваньні адыгрывала армія. Пры гэтым Сухарта правёў эканамічныя рэформы, адкрыў краіну для замежных інвэстыцыяў і арыентаваў Інданэзію на супрацу з Захадам. Гэта забясьпечыла працяглы пэрыяд эканамічнага росту, але таксама суправаджалася карупцыяй і парушэньнямі правоў чалавека. У 1998 годзе, пры масавых пратэстах і фінансавым крызісе ў Азіі ў цэлым, Сухарта быў вымушаны пайсьці ў адстаўку .
Гісторык Яўген Красулін адзначае, што рэжым Лукашэнкі зарыентаваны ў мінулае, на задушэньне прыватнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.
«Гэта рэжым, які падмінае пад сябе ўсю эканоміку і ўвесь бізнэс. Рэжым Сухарта, наадварот, праводзіў рэформы ў бок рынкавай адкрытай эканомікі. Гэта зрабіла Інданэзію вельмі прывабнай краінай для інвэстыцыяў. У сваёй замежнай палітыцы ён арыентаваўся на краіны Захаду — Злучаныя Штаты Амэрыкі, Эўропу. Гэта дазволіла ў пэрыяд 1970–80-х гадоў дасягнуць значнага эканамічнага росту. І інданэзійскае грамадзтва заплюшчыла вочы на тое, што адбывалася ў гэты час з правамі чалавека, з задушэньнем палітычнай апазыцыі. Бадай, гэта збліжае два рэжымы», — тлумачыць гісторык.
Красулін прыгадвае 2000-я гады, калі ў Расеі былі нафтадаляры і яна магла актыўна спансараваць рэжым Лукашэнкі.
«Інданэзія таксама падсела на нафтавую іголку, але за часамі Сухарта яна змагла дывэрсыфікаваць сваю эканоміку і ня трапіць у залежнасьць ад экспарту нафты і нафтапрадуктаў, і адпаведна — у залежнасьць ад ваганьня ўсясьветных цэнаў. Тым ня менш якраз глябальны фінансавы крызіс 1998 году даволі балюча ўдарыў па гэтай краіне, што парушыла маўклівую дамову паміж грамадзтвам і аўтарытарным рэжымам. Там рэзка паднялі цэны на бэнзін. Зьвернем увагу, што Лукашэнка падвышае цэны штораз на капейку, а ў Інданэзіі ў траўні 1998-га гэтыя цэны паднялі на 70%, што, вядома, прывяло да выбуху. І далей Інданэзія, прайшоўшы гэтую трансфармацыю, перайшоўшы да дэмакратыі, здолела разьвіваць сваю эканоміку на падмурку ў тым ліку рэформаў, праведзеных за часамі Сухарта. А Лукашэнка адразу казаў, што ён будзе будаваць Савецкі Саюз зь ягонай эканомікай».
Тут шляхі рэжымаў Сухарта й Лукашэнкі вельмі моцна разыходзяцца, падкрэсьлівае Красулін і згадвае, як цяпер «Лукашэнка палохае сваіх новых інданэзійскіх сяброў савецкімі тэхналёгіямі».
Што важна ведаць пра Інданэзію
Былая нідэрляндзкая калёнія Інданэзія — найбуйнейшая астраўная краіна сьвету, якая складаецца з больш як 17 тысяч астравоў. Тут жывуць каля 280 мільёнаў чалавек. Асноўная рэлігія — іслам, але краіна шматканфэсійная: афіцыйна прызнаюцца таксама хрысьціянства, індуізм, будызм і канфуцыянства. У розных рэгіёнах лад жыцьця моцна адрозьніваецца: напрыклад, на востраве Балі пераважае індуізм і больш лібэральная атмасфэра.
Інданэзія — адна з найбуйнейшых эканомік Азіі, удзельніца G20. Краіна экспартуе пальмавы алей, вугаль, нікель, каўчук, іншыя сыравінныя тавары, а таксама актыўна разьвівае прамысловасьць і лічбавы сэктар. Асабліва важны для краіны нікель — Інданэзія стала ключавым усясьветным пастаўніком гэтага мэталу, які выкарыстоўваецца ў батарэях электрамабіляў. Узровень жыцьця вельмі нераўнамерны: побач з сучаснымі мэгаполісамі ёсьць бедныя сельскія раёны.
Краіна раскінутая на велізарнай тэрыторыі паміж Індыйскім і Ціхім акіянамі. Асноўныя цэнтры — востраў Ява, дзе жыве больш за палову насельніцтва, а таксама Суматра, Калімантан, Сулавесі. Сталіца традыцыйна Джакарта, але ўлады ўжо будуюць новую сталіцу Нусантара на востраве Калімантан з прычыны перанаселенасьці Джакарты.
Форум