Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Набліжаны да Лукашэнкі прадпрымальнік Шаўцоў зноў спрабуе абскардзіць санкцыі Эўразьвязу

Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Гэта чарговая спроба аднаго з «гаманцоў Лукашэнкі» выйсьці з-пад эўрапейскіх абмежаваньняў.

Віктар Шаўцоў, які перабраўся ў Вугоршчыну, падаў пазоў у Суд Эўразьвязу, у якім зноў патрабуе выключыць яго з санкцыйнага сьпісу.

Сёлета ў красавіку ён ужо дамогся гэтага ў Судзе Эўразьвязу, але Рада ЭЗ перад тым, у лютым, працягваючы чарговы раз гадавыя санкцыі, пакінула прозьвішча бізнэсоўца ў «чорным сьпісе». Як высьветліў партал «Белорусы и рынок», у траўні ад імя Шаўцова быў пададзены новы пазоў.

Адказьнікам у справе выступае Рада Эўразьвязу, якая, паводле праўнікаў Шаўцова, ня выканала прадпісанага ёй выключэньня прадпрымальніка з санкцыйнага сьпісу.

Як і раней, Віктар Шаўцоў указвае ў новым пазове, што Рада ЭЗ «яўна зрабіла памылку, зазначыўшы, што заяўнік падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ў якасьці ганаровага консула або прадстаўніка беларускага ўраду і што ён атрымлівае з гэтага выгаду ў сувязі зь яго меркаваным удзелам у банку „Рашэньне“ і музэйным комплексе „Дудуткі“.

Праўнікі Шаўцова настойваюць, што гэтыя высновы „памылковыя“. Яны прыклалі да пазову афіцыйныя пацьверджаньні спыненьня дзеяньня яго ганаровага консульскага мандату, дакумэнт ад вэнэсуэльскіх уладаў аб тым, што пазоўнік не прымаў удзелу ў якіх-небудзь афіцыйных беларускіх урадавых місіях, а таксама натарыяльна засьведчаныя дакументы разам з выпіскамі з афіцыйнага гандлёвага рэестру, якія, на думку Шаўцова, павінны пацьвердзіць, што ён „ня мае ніякага інтарэсу ў беларускай эканоміцы“.

У пазове сказана, што Рада Эўразьвязу, пакінуўшы імя прадпрымальніка ў „чорным сьпісе“, не падала іншых аргумэнтаў. Шаўцоў скардзіцца, што „бязьдзеяньне“ ў гэтым пытаньні эўрапейскіх уладаў накладае „неабгрунтаваныя абмежаваньні на правы ўласнасьці заяўніка, свабоду перамяшчэньня як грамадзяніна Зьвязу, а таксама на прыватнае і сямейнае жыцьцё“. Ён упэўнены, што доказная база, на падставе якой яго ўнесьлі калісьці ў санкцыйны сьпіс, „недастатковая“.

У сваім пазове Віктар Шаўцоў таксама папрасіў перакласьці судовыя выдаткі на Раду ЭЗ.

Шаўцоў і санкцыі

Гісторыя супрацы Віктара Шаўцова з рэжымам Лукашэнкі налічвае шмат гадоў. Прадпрымальнік дзясяткі гадоў абслугоўваў фінансавыя інтарэсы Лукашэнкі на Блізкім Усходзе і ў Лацінскай Амэрыцы, адзначалі расьсьледнікі зь Беларускага расьсьледніцкага цэнтру.

У пачатку 2000-х кампаніі Шаўцова — ТАА „Белмэталэнэрга“ і „Інфабанк“ — удзельнічалі ў пастаўках беларускай тэхнікі ў падсанкцыйны Ірак. Злучаныя Штаты пасьля зрынаньня Садама Хусэйна заявілі, што „Інфабанк“ „удзельнічаў у адмываньні грошай для ірацкага рэжыму“. У 2004 годзе амэрыканцы ўвялі санкцыі супраць гэтага банку. Праўда, празь дзесяць гадоў, у 2014-м, гэтыя абмежаваньні зьнялі — на той момант „Інфабанк“ перайменавалі ў „Трастбанк“, а потым — у «Банк „Рашэньне“».

З 2007 году, як высьветліў БРЦ, Шаўцоў меў супольныя праекты ў Вэнэсуэле, якой кіраваў Уга Чавэс. Ягоным партнэрам выступіў грамадзянін ААЭ Мухамэд Ахмэд Салем Халіфа аль-Зараім аль-Суўайдзі. Менавіта пасьля сустрэчаў Лукашэнкі з Чавэсам Шаўцоў з Аль-Суўайдзі атрымалі дзяржаўныя кантракты.

Толькі за 2008–2013 гады расьсьледнікі БРЦ налічылі тры дзясяткі супольных паездак Шаўцова з чыноўнікамі і іншымі набліжанымі да Аляксандра Лукашэнкі.

У жніўні 2024-га, пасьля выхаду расьсьледаваньня БРЦ пра яго манаполію на выраб ахоўных галяграмаў, Шаўцоў трапіў пад санкцыі Эўразвязу і Швайцарыі.

У пачатку верасьня 2024 году Цэнтральны акруговы суд Будапэшту пастанавіў зьліквідаваць фірму PS Commodities Kft менавіта з прычыны санкцыяў на Шаўцова. Праўда, дазволу на жыхарства ў краіне прадпрымальніка не пазбавілі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG