Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея скарачае выкарыстаньне крымскататарскай мовы ў адукацыі ў Крыме — праваабаронца

У акупаваным Расеяй Крыме працягваецца сыстэмная палітыка скарачэньня рэсурсаў для выкарыстаньня крымскататарскай мовы.

Крымскататарскія актывісты адзначаюць усё большую жорсткасьць, паведамляе праект Радыё Свабода Крым.Рэаліі з спасылкай на крымскага праваабаронцу, які гаварыў на ўмовах ананімнасьці.

Паводле ягоных словаў, у крымскататарскіх СМІ і школах усё часьцей гучыць расейская мова.

«Мы адзначаем, што выкладаньне ў школах з крымскататарскай мовай навучаньня набывае ўсё больш фармальны характар — тут часьцей ужо гучыць расейская мова. Улады гэта заахвочваюць: напрыклад, у наступным годзе школу з крымскататарскай мовай навучаньня ў мікрараёне „Фантаны“ ў Сімфэропалі ўзначаліць дырэктар, які ня ведае крымскататарскай мовы. Ня лепшая сытуацыя і ў крымскататарскіх СМІ: напрыклад, на тэлеканале „Мілет“ скасавалі пасаду дырэктара, а усё больш перадачаў выходзіць на расейскай мове. Нават у друкаваным выданьні мясцовага муфтыяту больш матэрыялу выходзіць па-расейску, чым па-крымскататарску», — апавёў праваабаронца.

Ён таксама адзначыў, што з гэтага году ў чатыры разы скарацілі фінансаваньне друку кніг на крымскататарскай мове, а ўсе кнігі, напісаныя на крымскататарскай мове, павінны падавацца да друку як двухмоўныя.

Праваабаронца дадаў, што насуперак палітыцы расейскіх уладаў, у крымскататарскай супольнасьці Крыму расьце попыт на нацыянальных блогераў, якія ствараюць кантэнт на крымскататарскай мове.

Расейскія ўлады публічна гэтую сытуацыю не камэнтуюць. Афіцыйна падкантрольныя РФ улады ў Крыме дэкляруюць, што на паўвостраве ёсьць тры дзяржаўныя мовы — расейская, украінская і крымскататарская, і нібыта ўсімі гэтымі мовамі забясьпечваецца адукацыйны працэс.

Простай забароны на выкарыстаньне ўкраінскай ці крымскататарскай моваў у Крыме няма. Але большасьць прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў ня мае магчымасьці навучацца на роднай мове.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG