Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр народны артыст Беларусі, ураджэнец Расеі Ўладзімер Экнадзіёсаў, які сьпяваў і па-беларуску

Уладзімер Экнадзіёсаў выконвае ролю Івана ў опэры «Альпійская баляда» паводле аповесьці Васіля Быкава, 1986 год
Уладзімер Экнадзіёсаў выконвае ролю Івана ў опэры «Альпійская баляда» паводле аповесьці Васіля Быкава, 1986 год

У Вялікім тэатры Беларусі паведамілі аб сьмерці на 79-м годзе жыцьця народнага артыста, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Ўладзімера Экнадзіёсава.

Калегі опэрнага сьпевака, які пэўны час быў і рэжысэрам тэатру, адзначылі, што яго мяккі й глыбокі голас валодаў магічнай сілай, а акторскі талент заваёўваў гледача зь першых хвілін.

Ўладзімер Экнадзіёсаў нарадзіўся ў Растоўскай вобласьці, а ў беларускі тэатар яго запрасілі ў 1978 годзе.

Калегі Ўладзімера Экнадзіёсава згадалі, як ён прыйшоў у тэатар і зьдзівіўся, што шмат артыстаў не хацелі сьпяваць па-беларуску: «Я нашым беларусам казаў: хлопцы, але вы ж сьпяваеце па-італьянску, па-нямецку, па-ангельску... Ну чаму ж вы ня хочаце сьпяваць на сваёй роднай беларускай мове?».

Сам сьпявак выконваў партыі ў беларускамоўных опэрах — «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Солтана паводле Ўладзіміра Караткевіча, «Альпійская баляда» Віталя Губарэнкі паводле Васіля Быкава, «Сівая легенда» Зьмітра Смольскага і іншых.

«Рэдкае спалучэньне вакальнага майстэрства, акторскай харызмы і чалавечай прывабнасьці ператварала кожны спэктакль з удзелам Уладзімера Экнадзіёсава ў непаўторную падзею», — адзначылі ў тэатры.

У 2007–2012 гадах Уладзімер Экнадзіёсаў выкладаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, быў прафэсарам Растоўскай дзяржаўнай кансэрваторыі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG