Удзельнік маратону ў польскай Лодзі, які прыбег трынаццатым, на фінішы зьняў з нагі адзін крокс і паказаў усім, у якім абутку ён бег. Гэта быў 38-гадовы беларус Тарас Цялькоўскі, які адолеў больш за 40 кілямэтраў у гумовых тапках — непрыдатных для бегу. Усё дзеля таго, каб трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса. Ягоны час — 2 гадзіны 36 хвілін і 29 сэкундаў. Забег праходзіў 12 красавіка. У ім бралі ўдзел амаль тры тысячы чалавек.
Тарас бегае з 11 гадоў. Марыў стаць прафэсійным спартоўцам. Скончыў унівэрсытэт фізычнай культуры ў Менску, уваходзіў у юніёрскую зборную Беларусі ў лёгкай атлетыцы. І хацеў паставіць бегавы рэкорд. Аднак разумеў, што ста кілямэтраў, якія ён прабягае штотыдзень, недастаткова, каб змагацца за ўсясьветны рэкорд. Але і займацца спортам прафэсійна Тарас ня можа, бо ў яго сям’я, трое дзяцей і пастарскае служэньне ў пратэстанцкай царкве.
«У мяне памяняліся прыярытэты», — кажа ён пра ранейшы час, калі давялося выбіраць.
Тады Тарас надумаў паставіць рэкорд у незвычайных умовах — прабегчы маратон у нязручным абутку. Тарас ужо аднойчы прабег маратон у Гішпаніі ў кроксах, нават зь лепшым часам, чым сёлета. Гэта было паўтара году таму. Аднак тады ён ня змог трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, бо ня выканаў працэдуру. Ён мусіў папярэдзіць камісію пра свой намер загадзя і ўзгадніць від абутку, у якім будзе спрабаваць паставіць рэкорд.
Сёлета ён так і зрабіў. Аднак свой рэкорд бягун называе «паўсапраўдным». Дарэчы, Цялькоўскі — ня першы, хто бег у кроксах. Летась з такім рэкордам трапіў у Кнігу брытанец Томі Трыз, але з горшым часам.
«Гэта абсалютна неспартовы абутак»
Чырвоныя кроксы Тарас купіў на распродажы за сорак эўра і надзеў чырвона-белыя шкарпэткі — «пад гістарычны сьцяг Беларусі і Польшчы».
«Гэта абсалютна неспартовы абутак. Яго робяць з простай гумы, таннай пены, прызначанай проста для хады. Я глядзеў на тэхніку бегу ў кроксах — быццам стары дзед бег. Мінулым разам я бегаў у кроксах comfort wear, мне здаецца, у іх пена крыху іншая. А цяпер — у клясычных, у іх дубовая гума», — тлумачыць бягун.
У сучасных прафэсійных красоўках для бегу ёсьць адмысловыя матэрыялы (пена і карбонавыя пліты), якія прыглушаюць удар нагі аб зямлю, чым засьцерагаюць цягліцы ад пашкоджаньня, а потым аддаюць да 5% энэргіі, чым павялічваюць эфэктыўнасьць бегу, працягвае Тарас.
«У кроксах няма ніякай амартызацыі. Уся энэргія сыходзіць у зямлю. У мяне пасьля 30 кілямэтраў тэмп заўважна прасеў і ногі наліліся волавам. Бегчы ў такім абутку — больш для мазахістаў. Я сабе затэйпаваў пальцы на нагах — стварыў дадатковы пласт скуры, надзеў кампрэсійныя шкарпэткі», — расказвае спартовец.
Ён заўважае, што ўпершыню падчас гэтага забегу «злавіў сьцяну» — калі пасьля 30-га кілямэтру адчуў рэзкае зьнясіленьне і мусіў бегчы высілкам волі. Але на нагах нацёр толькі два мазалі — і ўжо наступным днём выходзіў на лёгкую прабежку. Тарас мае досьвед горшых наступстваў — калі ў 2017 годзе бег 500 кілямэтраў у гонар Скарынавай Бібліі. Тады ў яго пасыходзілі ўсе пазногці з пальцаў на нагах.
З словаў Тараса, іншыя заўважалі, што ён бяжыць маратон у незвычайным абутку. І весяліліся праз гэта, і зьдзіўляліся, і падтрымлівалі яго.
«Я хачу быць героем для сваіх дзяцей»
Бягун прызнаецца, што праз такі рэкорд хацеў рэалізаваць свой юнацкі патэнцыял «у паўіранічнай форме». Таксама — каб паказаць прыклад сваім сынам, якіх сам трэнуе, каб яны ўмелі ставіць мэты і дасягаць іх, у тым ліку дзеля дабра іншых.
«Я хачу быць героем для сваіх дзяцей. Я хачу, каб дзеці ганарыліся мной», — дзеліцца спадзевамі ён.
Тарас кажа, што жонка падтрымлівае ягонае захапленьне спортам. Сям’я пэрыядычна прыяжджае разам зь ім на спаборніцтвы і заўзее за яго на дыстанцыі. Аднак цяпер ім не ўдалося прыехаць на забег разам. Цялькоўскі таксама трэнуе сваіх сыноў 8 і 10 гадоў, а вось старэйшая дачка ня любіць бегу.
Тарас кажа, што ён папярэдзіў арганізатараў лодзкага забегу, што будзе бегчы ў кроксах. Папярэджваць не было абавязкова, але так яны пры патрэбе змогуць пацьвердзіць камісіі Гінэса, што былі гумовыя тапкі. Сябры Тараса здымалі яго на відэа падчас забегу. І яно пойдзе ў пакет доказаў.
Колькі чакаць рашэньня камісіі, беларус ня ведае. Ён зазначае, што грошай за рэкорды нікому ня плацяць. Але карысны вынік з гэтага можа быць: бягун думае, што зможа ўдзельнічаць у рэкляме спартовых кампаніяў.
Да таго ж Тарас ужо дзевяць гадоў як пастар у пратэстанцкай царкве. Ён мяркуе, што такі рэкорд дапаможа яму больш прапаведаваць Хрыста іншым людзям.
«Я вельмі веру ў тое пасланьне, якое я прапаведую. Думаю, што чалавецтва моцна яго патрабуе. Калі зьяўляецца дадатковая ўвага, я магу больш пагаварыць пра хрысьціянскую веру, надзею, як хрысьціянская вера важная для сучаснага сьвету, падзеленага войнамі й канфліктамі. Бяз пафасу: я веру, што Ісус — адказ на праблемы чалавецтва», — адзначае ён.
На кроксы пастар прымацаваў аксэсуар Jibbitz (значок. — РС) з надпісам «Jesus loves you». У той жа дзень пасьля маратону ён заехаў дадому, прыняў душ і, кажа, паехаў у царкву прапаведаваць, хоць крыху хістаўся ад стомы.
Лепшы настрой, лягчэй факусавацца
Тарас бегае 320-330 дзён у год, расказвае ён.
«Я часам бегаю, калі мне ня хочацца бегаць: не падабаецца надвор’е, баляць ногі, няма ўнутранай матывацыі. Я ўсё роўна пераапранаюся і іду бегаць. Я пачынаю сябе псыхалягічна дыскамфортна адчуваць, калі не патрэнаваўся», — тлумачыць ён.
Мужчына стаў заўважаць у сябе дэфіцыт увагі. А пасьля спартовай дзейнасьці яму лягчэй факусавацца на дзейнасьці інтэлектуальнай, на духоўнай працы. Да таго ж арганізм выпрацоўвае ў адказ на нагрузку пэўны кактэйль гармонаў, патлумачыў яму лекар. Калі ў нейкі пэрыяд Тарас перастаў трэнавацца, то адчуў эмацыйны спад.
Навічкам, каб пачаць бегаць, Тарас раіць выходзіць на вуліцу ў тых красоўках і ў тым спартовым адзеньні, якія ёсьць. Бегаць, паводле яго, варта паціху, на нізкім пульсе, «каб зьявілася лёгкая прыемная стома», але не да зьнясіленьня. Добра было б знайсьці кампанію, з кім можна бегаць разам.
Тарас Цялькоўскі зладзіў ужо з тузін спартовых пэрформансаў. У 2014 годзе ён праехаў на ровары дыстанцыю ў Вялікай Брытаніі, каб сабраць грошы для дабрачыннай арганізацыі. У 2017 годзе прабег 500 кілямэтраў у гонар Бібліі Францішка Скарыны. Гэты забег ён называе сваім улюбленым. У 2022 годзе бег у Польшчы ў падтрымку ўкраінскіх сем’яў, якія страцілі дзяцей на вайне. У 2023 годзе праехаў на ровары ўздоўж заходняй мяжы Беларусі 850 кілямэтраў, каб прыцягнуць увагу да палітвязьняў.
У 2020 годзе Тарас падтрымаў пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. З 2021 году жыве ў Польшчы.
Форум