Дакумэнт прыводзіць больш за 50 законаў «у адпаведнасьць з нормамі Грамадзянскага кодэксу і Кодэксу грамадзянскага судаводзтва», уведзенымі з 1 студзеня. Зьмены тычацца партыяў і аб’яднаньняў — ад іх стварэньня да перадачы ў даход дзяржавы іх маёмасьці пасьля ліквідацыі, а таксама паўнамоцтваў работнікаў юстыцыі і іншага. Бальшыня зьменаў уступае ў сілу пасьля публікацыі. Разам зь юрыстамі Леанідам Марозавым і Міхаілам Кірылюком спрабуем разабацца, наколькі істотныя гэтыя зьмены і навошта іх зрабілі.
Марозаў: Гэта страх прайграць барацьбу за бачаньне будучыні краіны
Юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Леанід Марозаў падкрэсьлівае, што закон, падпісаны Лукашэнкам 16 сакавіка 2026 году, пакуль афіцыйна не апублікаваны (афіцыйна публікацыя пасьля падпісаньня будзе празь некалькі дзён). Аднак з таго, што ўжо вядома з мэдыя і прэс-рэлізаў, можна зрабіць выснову: зьмены ў паўсотні заканадаўчых актаў найперш дапасоўваюць іх да абноўленага грамадзянскага і грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства, лічыць юрыст:
«Напрыклад, быў прыняты зусім новы дакумэнт — Кодэкс грамадзянскага судаводзтва. Сам па сабе грамадзянскі працэс кардынальна не зьмяніўся, але зьявіліся новыя нормы і віды працэсуальных дакумэнтаў. Таму і іншыя законы цяпер карэктуюцца, каб адпавядаць гэтым зьменам. Тэма субсыдыярнай адказнасьці за абавязкі даўжніка, прызнанага банкрутам, таксама ня новая — гэта даўняя праблема для бізнэсу, і рэжым, відаць, спрабуе шукаць тут новых падыходаў».
Паводле Леаніда Марозава, найбольш трывожныя з гледзішча грамадзянскіх і палітычных правоў зьмены ў заканадаўстве аб палітычных партыях.
«Пасьля неправамернай ліквідацыі ўсіх апазыцыйных партыяў усякае ўскладненьне працэдуры іх стварэньня фактычна замацоўвае немагчымасьць грамадзянам удзельнічаць у дзяржаўных справах праз выбар сваіх прадстаўнікоў і прадстаўніц».
Юрыдычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай называе гэта спробай рэжыму засьцерагчы сябе ад канкурэнцыі з арганізаванай палітычнай сілай — страх прайграць барацьбу за бачаньне будучыні краіны.
«Бо сапраўдная палітычная структура можа вылучаць кандыдатаў на выбарах, фармаваць праграму і дамагацца зьменаў, якія яе выбарнікі лічаць слушнымі і патрэбнымі. У цяперашняга ж рэжыму, здаецца, няма чаго прапанаваць грамадзтву, акрамя рэпрэсіяў і настальгіі па савецкім мінулым».
Марозаў нагадвае, што дэмакратычныя сілы Беларусі распрацавалі альтэрнатыўны закон аб палітычных партыях, які прапануе зусім іншы падыход.
«Ён накіраваны на спрашчэньне працэдуры стварэньня партыяў, гарантаваньне іх роўных правоў і сапраўднай канкурэнцыі, а таксама на забесьпячэньне празрыстасьці фінансаваньня і дзейнасьці. Галоўная ідэя — вярнуць грамадзянам рэальнае права на ўдзел у палітычным жыцьці і ўплыў на прыняцьцё рашэньняў у краіне».
Дадатковая адказнасьць заснавальнікаў камэрцыйных прадпрыемстваў зручная для судоў, — юрыст
Што да згаданай Леанідам Марозавым субсыдыярнай адказнасьці, то яна тлумачыцца на партале кіраўніка Беларусі наступным чынам: «законам замацаваны справядлівы падыход у частцы ўскладаньня субсыдыярнай адказнасьці за абавязаньні даўжніка (з прычыны прычыненьня шкоды жыцьцю або здароўю, аб кампэнсацыі маральнай шкоды, выплаце заработнай платы) на ўласьнікаў, заснавальнікаў (удзельнікаў) юрыдычных асобаў, прызнаных банкрутамі, — зыходзячы з прапарцыйнасьці прыналежных ім акцыяў».
Гэтую норму камэнтуе былы антыкрызісны кіраўнік, дарадца Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня ў праўных пытаньнях юрыст Міхаіл Кірылюк:
«Гэта субсыдыярная, або дадатковая адказнасьць заснавальнікаў камэрцыйных арганізацый за іх даўгі. Як былы антыкрызісны кіраўнік, я ўважаю, што такая адказнасьць павінна надыходзіць толькі пры даказанай віне, калі ёсьць наўмыснае прычыненьне шкоды. Калі ж чалавек проста ўклаў сродкі ў статутны фонд і ня ўдзельнічаў у кіраваньні, то ён не павінен адказваць за шкоду, нанесеную безь яго ведама. Шкоду павінен кампэнсаваць той, хто яе беспасярэдне прычыніў».
Паводле юрыста Кірылюка, падыход, калі ўдзельнік адказвае прапарцыйна свайму ўкладу ў статутны капітал, матэматычна просты і зручны для судоў, але з праўнага гледзішча ён выглядае дэфэктным.
«Раней у Беларусі мы выступалі супраць шырокага прымяненьня субсыдыярнай адказнасьці, але цяпер бачым, што гэты падыход узмацняецца — адказнасьць усё больш пашыраецца, у тым ліку на заснавальнікаў».
Міхаіл Кірылюк зьвяртае ўвагу на пэўныя станоўчыя зьмены ад увядзеньня закону:
«Дазвол камэрцыйным арганізацыям працаваць паводле тыповага статуту. Гэта пазытыўны крок. Напрыклад, у Польшчы такая практыка існуе ўжо даўно. Але гэтага недастаткова. У Польшчы таксама ёсьць поўная онлайн-рэгістрацыя юрыдычных асобаў, а Беларусь пакуль далёкая ад гэтага».
Кірылюк: Зьмены ў дзейнасьці партыяў і грамадзкіх арганізацыяў пакуль ня маюць практычнага значэньня
Асноўныя зьмены ў заканадаўстве аб палітычных партыях і грамадзкіх арганізацыях датычаць іх рэгістрацыі і ліквідацыі, патрабаваньняў да заснавальнікаў, кантролю дзяржавы за іх дзейнасьцю, падставаў для забароны або ліквідацыі, абмежаваньняў на фінансаваньне і міжнародныя сувязі. У адпаведнасьці з новым законам дадаюцца фармулёўкі кшталту «пагроза канстытуцыйнаму ладу», «экстрэмісцкая дзейнасьць», «шкода нацыянальнай бясьпецы».
Міхаіл Кірылюк адзначае, што гэтыя нормы пакуль не маюць практычнага значэньня, бо ў Беларусі фактычна няма магчымасьці для свабоднай дзейнасьці партыяў:
«Што да палітычных партыяў, то гэта хутчэй тэхнічныя нормы, якія спрашчаюць працу чыноўнікаў. На правы грамадзян яны ніяк не ўплываюць».
Гэтак жа Кірылюк камэнтуе ўведзеныя законам нормы, якія ўскладняюць фінансаваньне арганізацыяў з-за мяжы і супрацу з замежнымі партнэрамі:
«У Беларусі і раней фактычна не было магчымасьці легальна атрымліваць такую дапамогу. У крымінальнай практыцы яна можа трактавацца як фінансаваньне экстрэмізму. Таму гэты закон не зьмяняе сытуацыю ні ў лепшы, ні ў горшы бок. Людзі, ужо выведзеныя з праўнага поля, там і застаюцца».
Паводле юрыста, магчыма, закон паўплывае толькі на так званых «кішэнных» апазыцыянэраў — імітатараў палітычнага працэсу. Але гэта ня тая катэгорыя, за якою сочыць большасьць беларусаў, лічыць Міхаіл Кірылюк.
Ціханоўская: Лукашэнка скраў у людзей права выбару і цяпер спрабуе гэта яшчэ і «ўзаконіць»
«Лукашэнка баіцца, што вы выбераце не яго», — так пракамэнтавала закон, які зьмяняе парадак стварэньня палітычных партыяў, лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская ў сваіх сацыяльных сетках:
«Лукашэнку не патрэбныя партыі, ён баіцца любой канкурэнцыі, ён баіцца, што любыя сумленныя выбары папросту прайграе і выберуць не яго. Бо палітычныя партыі адпаведна сваёй прыродзе даюць магчымасьць людзям аб’ядноўвацца, каб грамадзтва магло само рабіць свой палітычны выбар. Ён скраў у людзей права выбару і цяпер спрабуе гэта яшчэ і „ўзаконіць“».
- З 2020 году як мінімум 2012 беларускіх грамадзкіх аб’яднаньняў, установаў, асацыяцыяў і фондаў зьліквідаваныя ці знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, паведаміла праваабарончая арганізацыя Lawtrend. Пасьля «зачысткі» грамадзка-палітычнага сэктару ў Беларусі засталося 4 зарэгістраваныя палітычныя партыі з 15. Гэта партыя «Белая Русь»(старшыня Вольга Чамаданава), Лібэральна-дэмакратычная партыя (старшыня Алег Гайдукевіч), Камуністычная партыя Беларусі (першы сакратар Сяргей Сыранкоў), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (старшыня Аляксандар Хіжняк).
Форум