Ёсьць думка, што яго, як і крыж Эўфрасіньні Полацкай, вырабіў ювэлір Лазар Богша. Свабода распытала «каралеву піратаў», як называе сябе Марыя, пра дэталі і этапы авантуры, якая становіцца рэальнасьцю.
Соф’я Менская, унучка князя Глеба, пайшла замуж за дацкага караля Вальдэмара І і стала маці дацкіх каралёў. Крыж, які яна атрымала ў пасаг ці падарунак, цяпер лічыцца галоўнай хрысьціянскай сьвятыняй у Даніі, адзначае Марыя Грыц. Паводле яе, гэты крыж — адзін з найважнейшых артэфактаў і беларускай гісторыі. Ён мае такое ж духоўнае і сымбалічнае значэньне, як крыж Эўфрасіньні Полацкай, хоць пра яго мала ведае шырокае грамадзтва. Арыгінал знаходзіцца ў Капэнгагене. Гэта далікатная ручная праца ў тэхніцы перагародкавай эмалі. На аднаўленьне копіі крыжа быў абвешчаны збор BySOL, ён ужо закрыты. Марыя Грыц расказвае, як узьнікла сама ідэя.
«Ідэя сапраўды спачатку выглядала авантурнай. Я была ў Капэнгагене ў гасьцях у дацкай дыяспары, і беларуска, якая падрыхтавала для мяне культурную праграму, адвяла ў музэй і сказала: „Зараз пабачыш вельмі цікавы крыж. Магчыма, ён зь Беларусі“. Я ішла ў захапленьні, думала, што гэта будзе нешта вялікае, кшталту крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Выявілалася, што гэта нацельны мэдальён, але зь вельмі крутой гісторыяй. Ёсьць падставы меркаваць, што гэта беларускі крыж. У Даніі ён вядомы як крыж Дагмар, але хто, як ня мы, можа вярнуць беларусам і беларускам нашу гісторыю?»
Марыя Грыц падумала, што было б цікава зрабіць рэпліку (копію) крыжа.
«Каб мы маглі ўбачыць, як ён выглядаў у XII стагодзьдзі. Мяне гэта вельмі захапіла. Сабраліся 65 чалавек, скінуліся на выраб, і дзякуючы ім у нас будзе рэпліка крыжа. Праца над рэплікай пачалася за дзень да закрыцьця збору. І гэта добры знак».
Марыя прызнаецца, што ўсё было падрыхтавана да збору за некалькі тыдняў да таго, як былі вывезеныя за мяжу 123 палітвязьні, і таму ёй было вельмі няёмка праводзіць гэтую кампанію.
«Трэба глядзець праўдзе ў вочы: калі ў такой вялікай колькасьці людзей не закрытыя базавыя патрэбы, калі яны прыехалі ў вельмі складаным стане, то не да крыжа. А ўжо ў лютым, калі мне здалося, што сытуацыя крыху стабілізавалася, можна было зноў нагадаць пра нешта вечнае. Пра беларускую культуру. Мы сабралі каля 1800 эўра, а рэшту закрыла беларуская ініцыятыва Maldzis. Гэта падарунак беларускай супольнасьці».
Пры чым тут піраты? Ці беларусы ў нейкім сэнсе піраты? У Марыі такое тлумачэньне:
«Бо ў беларусаў няма пірацкай гісторыі — гэта абсалютна чысты аркуш, на якім мы можам напісаць свае вобразы і бачаньні. У маім уяўленьні беларускія піраты — гэта супольнасьць людзей, якія з розных прычынаў засталіся бяз дому. Клясычныя піраты таксама не прывязаныя да радзімы. Мы жывём як супольнасьць — паводле сваіх законаў, паводле пакліканьня сэрца, робім розныя рэчы. Я спадзяюся, што гэта будуць людзі з гарачымі сэрцамі, якія сваёй дабрынёй, адданасьцю і перакананьнямі зьмяняюць сьвет. Не піраты, якія плывуць рабаваць. Мы — тыя піраты, якія плывуць вяртаць свае скарбы. І найперш — вяртаць гэтыя скарбы ў беларускую сьвядомасьць».
Чаму копія крыжа важная для беларусаў? У Марыі Грыц шмат адказаў на гэтае пытаньне:
«Калі апавядаеш гісторыю, важна паказваць. Яна дазваляе гаварыць, напрыклад, пра ролю жанчыны ў палітыцы ў раньнім сярэднявеччы. Пра тое, як жанчына трапіла ў эміграцыю, як яна давала рады, якім быў лёс каралевы Соф’і. У яе такая гісторыя, што можна было б зьняць цэлы сэрыял для Netflix. Пра каралеву Соф’ю вядома дзякуючы публікацыям беларуска-швэдзкага гісторыка Андрэя Катлярчука. Мая любімая частка — ювэлірная беларуская традыцыя. Пра яе мала вядома. Мы ведаем пра крыж Эўфрасіньні Полацкай — і, бадай, на гэтым усё ў шырокім грамадзтве. Таксама гэта нагода гаварыць пра раньняе хрысьціянства ў Беларусі. Карацей, з нагоды гэтага крыжа можна гаварыць бясконца».
Плянуецца, што сама падзея адбудзецца ў другой палове жніўня. Пакуль канчатковая праграма яшчэ ня складзеная, кажа Марыя Грыц.
«Я падала заяўку на грант, і калі атрымаю фінансаваньне, гэта будзе самая выбітная падзея лета. Акрамя флэшмобу і пірацка-забаўляльнай часткі, мы плянуем навуковую канфэрэнцыю, каб сабраліся гісторыкі з розных краін, у тым ліку беларускія, і змаглі пагаварыць пра каралеву Соф’ю, пра XII стагодзьдзе, пра тое, што тады адбывалася і як гэта можна інтэрпрэтаваць. Да ініцыятывы далучылася выдавецтва Gutenberg з ідэяй зрабіць дзіцячую кнігу пра каралеву Соф’ю — каб дзеці маглі адкрыць для сябе гэтую постаць у самым пачатку свайго жыцьця. Ёсьць музыкі, якія ўжо пішуць пірацкую песьню. Ёсьць сьцяг, пра які я пакуль ня буду апавядаць. Гэта мае быць вялізны праект. У жніўні мы паплывем да Капэнгагену, пройдземся да музэю, дзе адбудзецца перадача рэплікі крыжа. Паглядзім на арыгінал. Адбудзецца канцэрт. Потым паедзем на экскурсію да месца пахаваньня каралевы Соф’і».
На наступны дзень копія крыжа будзе перададзеная ў Музэй Вольнай Беларусі ў Варшаве, кажа Марыя.
«Нават цяпер гэта выглядае як неймаверная авантура. Спадзяюся, усё атрымаецца. Гэта вельмі прыгожая гісторыя — зусім не падобная да таго, пра што мы звычайна гаворым».
Форум