Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Кіева заявіў, што ўзімку горад пакінулі 600 тысяч чалавек

Пункт абагрэву і дапамогі ў Кіеве
Пункт абагрэву і дапамогі ў Кіеве

Вялікае перасяленьне ў сталіцы Ўкраіны адбылося з прычыны пастаянных расейскіх удараў па энэргетыцы краіны.

Мэр Кіева Віталій Клічко заявіў, што ў студзені 600 тысяч чалавек пакінулі ўкраінскую сталіцу, насельніцтва якой складае больш за 3 мільёны. Пра гэта ён паведаміў выданьню The Times. Кіеўскія ўлады прыйшлі да такой высновы на падставе зьвестак тэлефонных рахункаў — цяпер у горадзе на 600 000 тэлефонаў менш, якія застаюцца ў горадзе на ноч.

«Вось адкуль у мэра такая лічба. Напрыклад, яны падлічылі, колькі людзей засталося ў горадзе на пачатку вайны (было 800 000). Некаторыя людзі скарысталіся парадай і паехалі ў сельскую мясцовасьць або да сяброў. Акрамя таго, сьвяты былі падоўжаныя. Студэнты таксама вучацца онлайн, і некаторыя зь іх, хто не з Кіева, выехалі», — цытуе «Українська правда» словы мэрыі.

Клічко заявіў, што кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін вядзе Кіеў да «гуманітарнай катастрофы». Паводле яго слоў, у сталіцы Ўкраіны 4000 высотных дамоў застаюцца безь цяпла, у той час як ацяпленьне аднавілі ў больш чым 1600 будынках.

«Сытуацыя ўскладняецца тым, што большасьць гэтых дамоў падключаецца ўжо другі раз пасьля таго, як 9 студзеня была пашкоджана крытычная інфраструктура. Камунальныя службы і энэргетычныя кампаніі працягваюць аднаўляць ацяпленьне, ваду і электраэнэргію ў дамах кіеўлян», — сказаў мэр Кіева.

Віталь Клічко параіў жыхарам «пакінуць горад, калі гэта магчыма», пакуль службы надзвычайнай дапамогі спрабуюць аднавіць электрычнасьць у Кіеве.

Паводле Міністэрства энэргетыкі Ўкраіны, у выніку расейскіх атак у ноч на 21 студзеня спажыўцы ў Адэскай, Днепрапятроўскай, Харкаўскай і Запароскай вобласьцях засталіся без электраэнэргіі. У Кіеве і Кіеўскай вобласьці сытуацыя застаецца складанай з-за дадатковай нагрузкі, выкліканай маразамі.

Раней кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінегубаў паведаміў, што 20 студзеня без энэргіі засталіся 1,1 мільёна абанэнтаў, што складае каля 90% насельніцтва Харкава і Харкаўскай вобласьці. На раніцу 21 студзеня 460 000 абанэнтаў усё яшчэ заставаліся безь сьвятла. Ён сказаў, што ўлады рыхтуюцца да «найгоршага сцэнару».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG