Дэманстрацыі, выкліканыя гневам праз рэзкі рост цэн, інфляцыю і падзеньне курсу валюты, пракаціліся па ўсім Іране пасьля таго, як уладальнікі крамаў у Тэгеране абвясьцілі страйк з прычыны высокіх цэн і эканамічнай стагнацыі, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян спрабаваў разрадзіць пратэсты, абяцаючы «новыя рашэньні» для аздараўленьня эканомікі, але дэманстрацыі неўзабаве пашырыліся на ўсю краіну і закранулі шырэйшыя праблемы.
Эканамічныя праблемы пагоршылі шматгадовы палітычны і экалягічны крызіс у Іране. Раней у Тэгеране, дзе жывуць каля 10 мільёнаў чалавек, была моцная засуха.
Колькасьць ахвяраў расьце
Відэа, разьмешчаныя ў інтэрнэце і атрыманыя Радыё Фарда, сьведчаць, што пратэсты працягваюцца ў іранскіх гарадах Тэгеране, Ясуджы, Фэрдысе, Мэшхэдзе, Мэгэляце, а 3 студзеня на вуліцах Мэшхэду і Мэгэляту гарэлі пажары.
Найбуйнейшыя за апошнія тры гады пратэсты ў краіне прывялі да шматлікіх сьмерцяў і арыштаў, прычым дзяржаўныя СМІ і праваабарончыя групы паведамляюць розныя лічбы.
Паводле афіцыйных зьвестак, загінулі як мінімум 12 чалавек, у тым ліку супрацоўнікі сілаў бясьпекі, у той час як курдзкая праваабарончая група Hengaw, якая базуецца ў Нарвэгіі, пацьвердзіла паведамленьні пра як мінімум 17 сьмерцяў з пачатку пратэстаў.
Інфармацыйнае агенцтва іранскіх праваабаронцаў HRANA, што працуе ў ЗША, паведаміла, што прынамсі 16 чалавек загінулі, а 582 арыштаваныя.
«За апошнія сем дзён прынамсі ў 174 месцах Ірану адбыліся пратэсты, вулічныя сходы або гандлёвыя страйкі», — гаворыцца ў справаздачы HRANA, апублікаванай 3 студзеня.
«Паведамлялі пра гэтыя пратэсты ў 25 правінцыях, таксама за гэты пэрыяд у 18 унівэрсытэтах адбыліся студэнцкія пратэсты», — дадае агенцтва.
Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода не змагло самастойна праверыць гэтыя паведамленьні.
Тэгеран і Вашынгтон абмяняліся пагрозамі
У апошнія дні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і высокапастаўленыя іранскія чыноўнікі абмяняліся пагрозамі, бо дэманстрацыі сталі сьмяротнымі і надалей абвастраліся.
2 студзеня ў паведамленьні ў сваёй сетцы Truth Social Трамп заявіў, што Вашынгтон «гатовы да адказу», калі іранскія сілы бясьпекі заб’юць яшчэ больш пратэстоўцаў.
4 студзеня Трамп паўтарыў пагрозу, заявіўшы журналістам, што ў гэтым выпадку Іран «вельмі моцна пацярпіць».
«Мы вельмі ўважліва сочым за гэтым», — сказаў ён журналістам на борце Air Force One. Найвышэйшы правадыр Ірану аятала Алі Хамэнэі адрэагаваў рэзка.
«Важна, што калі чалавек разумее, як нахабна вораг спрабуе навязаць нешта краіне, службоўцам, ураду і нацыі, ён павінен цьвёрда і самаахвярна супрацьстаяць ворагу», — заявіў Хамэнэі 3 студзеня.
Трамп у сваіх камэнтарах сказаў, што калі іранскія ўлады будуць «жорстка забіваць мірных пратэстоўцаў, што для іх традыцыйна, Злучаныя Штаты Амэрыкі прыйдуць [пратэстоўцам] на дапамогу». Адказ Тэгерану на гэтыя словы быў асабліва моцным.
«Амэрыканскі народ павінен ведаць — Трамп пачаў гэтую авантуру. Яны павінны клапаціцца пра бясьпеку сваіх салдатаў», — напісаў Алі Лярыджані, сакратар Найвышэйшай нацыянальнай рады бясьпекі Ірану, у этэры X раней на мінулым тыдні.
Аднак Саід Башырташ, іранскі актывіст у выгнаньні, заявіў Радыё Фарда, што такія «пагрозы хутчэй падобныя на блеф».
«Іранскі народ вітае папярэджаньне Трампа, бо адчуе меншую пагрозу, калі выйдзе на вуліцы. Гэта вельмі пазытыўна, бо Ісламская рэспубліка будзе вельмі асьцярожна ставіцца да забойства людзей», — дадаў ён.
Яшчэ адзін іранскі выгнанец, вэтэран-дысыдэнт Мэгран Бараці, заявіў Радыё Фарда, што, нягледзячы на дзёрзкія выказваньні, «ёсьць расколіны ўнутры рэжыму, у тым ліку ў Корпусе вартавых Ісламскай рэвалюцыі (КВІР), арміі і палітычным кіраўніцтве».
У камэнтарах, дасланых Радыё Фарда 2 студзеня, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту заявіў, што Вашынгтон «працягне аказваць максымальны ціск на рэжым».
Гэтыя запальныя выказваньні зьявіліся праз шэсьць месяцаў пасьля 12-дзённай вайны ў чэрвені, калі ізраільскія і амэрыканскія самалёты нанесьлі ўдары па іранскіх ядзерных і вайсковых абʼектах.
Трамп вітаў прэмʼер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньягу ў сваёй рэзыдэнцыі Мар-а-Лага ў Флёрыдзе 29 сьнежня. Выступаючы 4 студзеня, Нэтаньягу заявіў, што ягоны ўрад салідарны з народам Ірану, дадаўшы, што, «вельмі магчыма, мы бачым той момант, калі іранскі народ бярэ свой лёс у свае рукі».
«Мы салідарныя з барацьбой іранскага народу і зь яго імкненьнямі да свабоды, незалежнасьці і справядлівасьці», — сказаў Нэтаньягу на штотыднёвым пасяджэньні кабінэту міністраў.
Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі (207,6 тыс. км²). Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек (у Беларусі цяпер афіцыйна крыху болей за 9 мільёнаў).
Каля 85% насельніцтва Ірану — мусульмане-шыіты. Амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне і каля 2% іншых рэлігійных меншасьцяў.
На поўначы краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй і Туркмэністанам; на захадзе — з Іракам і Турэччынай; на ўсходзе — з Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком (Рахбарам), прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу і абмежаваныя «заходнія ўплывы».
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта краіны. Цяперашні прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян быў абраны ў ліпені 2024 году. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку краіны, ён жа галоўны вайскавод узброеных сілаў Ірану і кіраўнік вайсковай выведкі. Найвышэйшы кіраўнік прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве: старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.
Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду нязьменна займае Алі Хамэнэі, які да таго быў прэзыдэнтам Ірану.
Стасункі зь Беларусьсю
Улады Беларусі і Ірану летась адзначалі, што за 2024 год аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі вырас на чвэрць. Але не называліся канкрэтныя лічбы, якія б паказалі абʼём такога гандлю. З ранейшых паведамленьняў можна зрабіць выснову, што абʼём гандлю за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў.
У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі. У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян наведаў Беларусь. Міністар турызму Ірану Рэза Салехі Аміры тады паведаміў, што на перамовах Пэзэшкіяна з Аляксандрам Лукашэнкам бакі канчаткова дамовіліся ўзаемна скасаваць візы і адкрыць беспасярэднія авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.
15 сьнежня 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў выніку сустрэчы ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.
Найбольш актыўная супраца паміж кіраўніцтвам Беларусі і Ірану ідзе ў вайсковай сфэры.
- У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін быў з афіцыйным візытам у Іране, дзе сустрэўся зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Тады міністры падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
- У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
- 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
- У пачатку траўня 2024 году стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024» у Тэгеране.
- 16 траўня 2024 году ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту завязаньня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (з сумяшчэньнем) — капітан першага рангу Рэза Хусраві Мугадам.
- 31 ліпеня 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
- У жніўні 2024 году камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану генэрал-маёрам Абдулрагімам Мусаві і камандзерам ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахэдзі.
- У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісалі выніковы пратакол візыту, а на перамовах заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
- У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і маюць намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.
Форум