Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША нанесьлі ўдар па групоўцы «Ісламскай дзяржавы» ў Нігерыі


Выпуск нігерыйскай газэты з паведамленьнем пра атаку, 26 сьнежня
Выпуск нігерыйскай газэты з паведамленьнем пра атаку, 26 сьнежня

Злучаныя Штаты нанесьлі ўдар па групоўцы «Ісламскай дзяржавы» на паўночным захадзе Нігерыі. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што групоўка «мэтанакіравана і жорстка забівае, у асноўным, ні ў чым не вінаватых хрысьціян».

«Я раней папярэджваў гэтых тэрарыстаў, што калі яны ня спыняць зьнішчэньне хрысьціян, ім давядзецца дорага за гэта заплаціць, і сёньня гэта адбылося», — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы Truth.

Камандаваньне ўзброеных сілаў ЗША ў Афрыцы заявіла, што апэрацыя праводзілася ў каардынацыі з уладамі Нігерыі. Гэта пацьвердзілі ў нігерыйскім МЗС.

Сьцьвярджаецца, што ўдары былі нанесены па лягерах «Ісламскай дзяржавы», у выніку загінулі некалькі ўдзельнікаў групоўкі.

Міністэрства вайны* апублікавала відэа запуску ракеты, працытаваўшы допіс Трампа.

Раней агенцтва Reuters пісала, што ЗША з канца лістапада робяць разьведвальныя палёты над значнай часткай Нігерыі.

У пачатку лістапада Трамп даручыў Пэнтагону падрыхтавацца да магчымых ваенных дзеяньняў у Нігерыі ў адказ на гвалт у дачыненьні да хрысьціянаў. Ён таксама прыгразіў спыніць дапамогу Нігерыі, калі ўрад краіны «працягне дапускаць забойствы хрысьціян».

Прэзыдэнт Нігерыі Бола Тынубу адхіліў гэтыя абвінавачваньні. Урад краіны заявіў, што ўзброеныя групоўкі перасьледуюць як мусульман, так і хрысьціян, а сьцьвярджэньні ЗША аб перасьледзе хрысьціянаў не адлюстроўваюць складаную сытуацыю ў сфэры бясьпекі.

Паводле зьвестак Эўрапарлямэнту, з 2019 да 2023 году амаль 17 тысячаў хрысьціянаў у Нігерыі былі наўмысна забітыя. Сёлета толькі за сем месяцаў загінулі больш за 7 тысяч хрысьціянаў.

*Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у верасьні 2025 году падпісаў выканаўчы загад, які дае Міністэрству абароны другасную назву — Міністэрства вайны.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG