Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікаў ЗША не бамбіць караблі, якія падазраюць у дастаўцы наркотыкаў з Вэнэсуэлы


Вынікі ракетных удараў ЗША па трох караблях у Ціхім акіяне 15 сьнежня 2025 году. Скрын зь відэазапісу Паўднёвага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША
Вынікі ракетных удараў ЗША па трох караблях у Ціхім акіяне 15 сьнежня 2025 году. Скрын зь відэазапісу Паўднёвага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблему наркатрафіку праз Вэнэсуэлу немагчыма вырашыць нанясеньнем ракетных удараў.

«Гэтая зьява — не вэнэсуэльская, не афганская. Гэта плянэтарная зьява, зь якою нам трэба змагацца. Не ракетамі. Нам трэба шукаць, магчыма, новыя мэтады. Трэба думаць, а не ваяваць», — сказаў Лукашэнка ў інтэрвію Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax.

Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, Лукашэнка выказаў сумнеў у «аб’ектыўнасьці амэрыканскіх зьвестак пра аб’ём наркатрафіку з Вэнэсуэлы».

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што Нікаляс Мадура не датычны да наркатрафіку. «У вас такіх фактаў няма, і ў мяне таксама. Я ня думаю, што гэта так», — дадаў ён.

У той жа час ён пахваліў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа за рашучасьць весьці барацьбу зь незаконнай міграцыяй і гандлем наркотыкамі.

Белы дом абвінавачвае Вэнэсуэлу ў актыўным спрыяньні наркатрафіку ў ЗША, які пагражае бясьпецы амэрыканцаў. Раней Трамп узмацніў прысутнасьць вайскова-паветраных сілаў ЗША ў Карыбскім рэгіёне пад маркай барацьбы з наркагандлем.

Першыя ўдары па караблях ля берагоў Вэнэсуэлы ЗША нанесьлі ў верасьні. 15 сьнежня амэрыканскія вайскоўцы атакавалі тры караблі ў міжнародных водах Ціхага акіяну. Паводле Ўзброеных сілаў ЗША, выведка пацьвердзіла, што яны рухаліся вядомымі маршрутамі наркатрафіку ва ўсходняй частцы Ціхага акіяну і ўдзельнічалі ў наркагандлі.

Нікаляс Мадура і яго падначаленыя адпрэчваюць сваё дачыненьне да кантрабанды наркотыкаў і абвінавачваюць ЗША ў пошуку падставаў для зьмены рэжыму ў Вэнэсуэле, у тым ліку і ўзброеным шляхам.

28 лістапада New York Times паведаміла, што падчас росту вайсковай напружанасьці паміж Вашынгтонам і Каракасам прэзыдэнт ЗША і ягоны вэнэсуэльскі калега правялі тэлефонную размову. У размове лідэры дзьвюх дзяржаваў абмеркавалі магчымую сустрэчу ў Злучаных Штатах. Паводле паведамленьня, у размове таксама ўдзельнічаў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG