Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшла кніга аповедаў беларускіх уцекачоў ад рэпрэсіяў пасьля падзеяў 2020 году


Кніга «Беларускія галасы з Познані» выйшла накладам выдавецтва Skaryna Press. Фота: Беларуская служба Польскага радыё
Кніга «Беларускія галасы з Познані» выйшла накладам выдавецтва Skaryna Press. Фота: Беларуская служба Польскага радыё

«Эміграцыя — ня выбар, а выклік», — кажа пра лёсы сваіх герояў аўтар кнігі «Беларускія галасы з Познані» Павал Залескі.

У выдавецтве Skaryna Press выйшла кніга журналіста Беларускай службы Польскага радыё Паўла Залескага «Беларускія галасы з Познані». Яна складаецца з гутарак зь беларусамі, якія пакінулі радзіму пасьля 2020 году праз рэпрэсіі, а цяпер жывуць у Познані, піша Польскае радыё.

«Усе мае героі — звычайныя беларусы. Яны з таго бел-чырвона-белага рою, які ў 2020 годзе запоўніў вуліцы і праспэкты Менску, Горадні, Берасьця, Віцебску, Магілёва, Гомля, іншых гарадоў, мястэчак і вёсак. Я хацеў, каб тое, што яны тады перажылі, не было забыта і згублена. Каб у будучыні пра гэта маглі прачытаць іх нашчадкі, і каб удзельнікі тых гістарычных падзеяў маглі ўспомніць сябе і яшчэ раз нагадаць сучасьнікам», — кажа аўтар кнігі.

Суразмоўцамі Паўла Залескага сталі 64 уцекачы зь Беларусі. У іх розны ўзрост і жыцьцёвы досьвед, але цяпер іх аб’ядноўвае лёс эмігранта, што азначае пэўныя цяжкасьці і праблемы. Але, паводле Паўла Залескага, нэрва кнігі яшчэ і ў тым, ці ўдаецца ў новых складаных умовах не забыць пра мінулае, захаваць у сабе беларушчыну.

«Эміграцыя — ня выбар, а выклік. Яна ня зьнішчыла людзей, а зрабіла мацнейшымі. Тут яны вучацца мове, знаходзяць працу і сяброў, адкрываюць у сабе новыя здольнасьці. Яны хочуць вярнуцца дамоў, але пакуль будуюць Беларусь у сабе і вакол сябе. Таму вельмі часта ўпершыню адкрываюць для сябе беларускі акіян ужо на эміграцыі», — сказаў Павал Залескі пра герояў сваёй кнігі для Польскага радыё.

Аўтарка ідэі кнігі, кіраўніца Беларускай службы Польскага радыё Ялянта Сьмялоўская дала ёй такое рэзюмэ:

«Кожны герой — гэта асобны сусьвет з сваімі выпрабаваньнямі і перамогамі, але ўсе яны аб’яднаныя адным жаданьнем жыць поўным жыцьцём, нягледзячы на ўсе цяжкасьці. Іх прыклады вучаць нас, што нават у найцяжэйшых абставінах можна знайсьці сілы, каб стварыць нешта новае і каштоўнае».

Выдавецтва Skaryna Press працуе ў Лёндане з 2022 году таксама як інтэрнэт-крама. Кнігу «Беларускія галасы з Познані» можна замовіць тут.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG