Прапанаваны прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам «мірны плян» мае 28 пунктаў у 8 блёках і прадугледжвае прызнаньне Крыму, Данеччыны і Луганшчыны de facto расейскімі, а Херсоншчыну і Запарожжа — «замарожанымі» на лініі сутыкненьня.
Якія наступствы для Беларусі можа мець рэалізацыя гэтага пляну? На гэтае пытаньне у праграме «ПіК Свабоды» адказаў амэрыканіст, дарадца Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі.
— Па тых зьвестках, якія сталі публічнымі, мы бачым, што Злучаныя Штаты прынялі стратэгію пэўнага ціску, то бок Украіна мусіць пайсьці на саступкі дзеля больш вялікай гульні эўрапейскай бясьпекі, дзеля таго, каб даць пэўны час эўрапейскім чальцам NATO адбудаваць уласную інфраструктуру бясьпекі.
У пляне наўпрост ня згадваецца Беларусь. Але можна меркаваць, што Крэмль хутчэй за ўсё атрымае яшчэ больш кантролю над Беларусьсю. Тут ёсьць два варыянты: альбо з рэжыму Аляксандра Лукашэнкі будуць паступова здымацца санкцыі, зьмякчацца ціск і такім чынам Крэмль зможа атрымаць пэўную палёгку на беларускім накірунку, альбо Лукашэнка зноў апынецца самым кепскім хлопцам Усходняй Эўропы, ён ізноў апынецца ў яшчэ большай ізаляцыі, чым Расея, і такім чынам у Крамля ў пэўны момант можа быць значна больш мэханізмаў паглынаньня беларускага сувэрэнітэту.
Як мы бачым зараз, Злучаныя Штаты не настроеныя адстойваць усе пункты ўкраінскага сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці. Беларусь можа апынуцца ў вельмі складаным геастратэгічным стане, нават пад пагрозай пэўнага паглынаньня Расеяй нават у бліжэйшай будучыні.
Форум