Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Канстанцін Моластаў заявіў аб завяршэньні дэмаркацыі мяжы з Украінай на сухапутным участку мяжы.
«Сур’ёзную ўвагу надаем парацягу дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы на ўкраінскім участку. На сёньня мы выканалі работы па дэмаркацыі на ўсім сухапутным участку. Застаўся толькі рачны ўчастак мяжы па рэках Дняпро і Сож», — працытавала Канстанціна Моластава дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Камэнтуючы гэтую заяву, у Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны адзначылі, што Ўкраіны з 2022 году не праводзіць работ «па вынясеньні лініі дзяржаўнай мяжы мясцовасьці і ўсталяваньні памежных знакаў на мяжы зь Беларусьсю».
«Прычына гэтага — разьвязаная Расеяй вайна і падтрымка яе Беларусьсю, бо ўварваньне ў нашу краіну адбывалася і з тэрыторыі Беларусі таксама. Я не выключаю, што Беларусь праводзіла нейкія дэмаркацыйныя работы, якія былі ўзгодненыя супольнай украінска-беларускай дэмаркацыйнай камісіяй да 2022 году, згодна з супольнай дамовай паміж краінамі аб дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы», — сказаў Свабодзе сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
Прадстаўнік украінскай Дзяржаўнай памежнай службы падкрэсьліў:
«Якія б работы не праводзіла Беларусь, вынікі дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы павінна ўзгадніць Супольная камісія, якая складае апісаньне праходжаньня дзяржаўнай мяжы, дэмаркацыйную мапу, пратаколы памежных знакаў, каталёг каардынатаў памежных знакаў і заключны пратакол дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы. Далей вынікі работ павінны зацьвярджаць адпаведна з унутраным заканадаўствам бакоў. Таму для таго, каб гэтае пытаньне запрацавала поўнавартасна, найперш Беларусі неабходна спыніць падтрымліваць краіну тэрарыстку Расею».
Андрэй Дземчанка таксама ня выключыў, што беларускі бок цяпер хоча выдаць як факт, што са свайго боку ўсе работы выканаў.
«Аднак, яшчэ раз падкрэсьлю, што гэтыя работы на пра што не гавораць, пакуль іх не зацьвердзіць Супольная дэмаркацыйная камісія», — дадаў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны.
Агульная працягласьць беларуска-ўкраінскай мяжы складае 1084 кілямэтры. Каб правесьці дэмаркацыю зь беларускага боку, патрэбна было ачысьціць каля 760 кілямэтраў прасек, усталяваць тры тысячы памежных знакаў, падрыхтаваць дэмаркацыйныя дакумэнты.
У траўні 2021 году ўкраінскі бок паведамляў, што на той момант 80 % ліній дзяржаўнай мяжы перанесьлі на мясцовасьць і ўсталявалі больш як 1,5 тысячы памежных знакаў. Праз пандэмію гэтая дзейнасьць запаволілася.
Форум