Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне ўпершыню прыватная кампанія патрабуе кампэнсацыі ад Беларусі за саўдзел у агрэсіі Расеі. Што вядома


Украінскае прадпрыемства «Бетонмаш». Ілюстрацыйнае фота
Украінскае прадпрыемства «Бетонмаш». Ілюстрацыйнае фота

Прыватнае акцыянэрная таварыства «Бетонмаш», вытворчасьць якога знаходзіцца ў Славянску Данецкай вобласьці, зьвярнулася ў суд па кампэнсацыю за нанясеньне шкоды ў выніку расейскай агрэсіі.

Як стала вядома Свабодзе ад інфармаванай крыніцы, сярод адказчыкаў кампанія вызначыла Расею, Беларусь, а таксама пяць замежных прадстаўніцтваў групы кампаній Volga-Dnepr, якая да вайны займалася авіяперавозкамі звышцяжкіх і негабарытных грузаў (пасьля пачатку вайны і ўвядзеньня санкцый уласьнікі кампаніі адмовіліся ад сваіх правоў на ўласнасьць гэтага прадпрыемства. — РС).

Неўзабаве суд паінфармуе ўсе бакі аб пачатку разгляду пазову ўкраінскай кампаніі — Расею і Беларусь у асобе нацыянальных міністэрстваў юстыцыі праінфармуюць шляхам публікацыі адпаведнай аб’явы, а юрыдычныя асобы — праз краіны, у якіх Volga-Dnepr мае прадстаўніцтва — праз Латвію, Вялікую Брытанію, Нідэрлянды і Ірляндыю.

Уласьнікі кампаніі выставілі прэтэнзіі на 129 372 547,64 грыўні, што на момант падрыхтоўкі пазову адпавядала 2 658 851 эўра. Акцыянэры патрабуюць салідарнай адказнасьці ўсіх вінаватых бакоў. Калі зьмест пазову ня зьменіцца, то суд можа абавязаць Беларусь выплаціць кампаніі прыблізна 380 тысяч эўра.

Папярэдне першае пасяджэньне суда прызначылі на 5 траўня 2026 году.

Што вядома пра ўкраінскую кампанію

Прадпрыемства «Бетонмаш» вядзе сваю гісторыю з 1941 году, калі ў Славянску пачалі будаваць аўтарамонты завод. Вытворчыя магутнасьці моцна пацярпелі ў выніку другой усясьветнай вайны, і прадпрыемства змагло аднавіць сваю дзейнасьць у 1943 годзе.

У савецкі час перажыў некалькі рэканструкцыяў. Пасьля развалу СССР завод рэарганізавалі ў ЗАТ «Бетонмаш», а зь цягам часу ён стаў прыватным акцыянэрным таварыствам. Прадпрыемства выпускала бэтоназьмяшальнае абсталяваньне. У Беларусі да поўнамаштабнай расейскай агрэсіі афіцыйным дылерам прадпрыемства было менскае ТАА «МаналітКамплект-Інвэст». Абсталяваньне кампаніі «Бетонмаш» працуе ў Гомлі, Пінску, Менску і Берасьці.

Пры дапамозе перасоўных установак гэтага прадпрыемства будаваліся найбуйнейшыя гідраэлектрастанцыі ў Савецкім Саюзе, а ў 1986 і 1987 годзе ўзводзіўся першы саркафаг над аварыйным блёкам Чарнобыльскай АЭС.

Статутны капітал прадпрыемства складае 3 256 300 грыўняў (67 тысяч эўра ў эквіваленце. — РС).

Чаму суд прыняў пазоў да разгляду

Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.

Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.

У той жа час пакуль што ніводнае прадпрыемства Ўкраіны не зьвярталася ў суд па кампэнсацыю шкоды, нанесенай у выніку расейскай агрэсіі.

У лютым 2025 году стала вядома аб судовым субсыдыярным пазове ўкраінскай грамадзкай арганізацыі «ДрукАрмія» Расеі, Уладзіміра Пуціна, Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць Ірану і Паўночнай Карэі аб кампэнсацыі маральнай шкоды, нанесенай грамадзянам Украіны ў выніку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі.

У якасьці трэціх асобаў арганізацыя прасіла далучыць Кабінэт міністраў Украіны, урады ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Кітаю, ААН, Эўрапейскую камісію, а таксама амэрыканскую тэхналягічную кампанію Alphabet Inc. і ICANN, Карпарацыю кіраваньня дамэннымі імёнамі.

Сума пазову складала 1,9 дэцыльярда грыўняў (лічба ў 37 знакаў). Аднак аўтар пазову не падаў разьлікі, на падставе якіх вызначылі памер такой кампэнсацыі.

Тады суд пакінуў пазоў бяз руху: прапанаваў выправіць памылкі і даплаціць судовы збор, які ў выпадку патрабаваньня кампэнсацыі залежыць ад памеру вызначанай прэтэнзіі й складае 1,5% ад агульнай сумы пазову або ня менш за адзін памер пражытковага мінімуму і ня больш за 350 памераў пражытковага мінімуму для працаздольных.

Дагэтуль арганізацыя спрабуе абскардзіць рашэньне першай судовай інстанцыіі і не адмаўляецца ад ідэі прыцягнуць да адказнасьці Расею і ўсе краіны, якія ёй дапамагаюць у вайне супраць Украіны.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG