«Русский мир» атрымаў новае аблічча — грамадзяніна Латвіі Аляксандра Вабікса, які працаваў кухарам на харчовым камбінаце пры аэрапорце Цюрыху і напаў у швайцарскім цягніку на ўкраінска-беларускую сям’ю за тое, што жанчына размаўляла па-ўкраінску, піша аглядальнік Расейскай службы Радыё Свабода, гісторык Сяргей Мядзьведзеў.
Мацюкаючыся і пагражаючы, Вабікс спрабаваў выгнаць сямʼю з вагону, раз-пораз згадваючы вайну Расеі ва Ўкраіне: «Я — русский человек. Мы вас, с***, убивать будем. Что тебя, что тебя, что всех... Мы стреляем таких, как вы».
Высьветлілася, што гэта далёка ня першы ягоны напад на ўкраінак у Швайцарыі, падобныя эпізоды адбываліся ў грамадзкім транспарце, крамах, спартовых залях і басэйнах у Цюрыху, Бэрне і Жэнэве. Кожны раз жанчыны пісалі заяву ў паліцыю, але справу не заводзілі, бо не было доказаў, і наш герой абыходзіўся папярэджаньнем.
Можна прыняць гэтую гісторыю за курʼёз і эксцэс: у кожнай папуляцыі ёсьць свае адмарозкі. Але праблема хутчэй у яе тыповасьці: Вабікс – характэрны прадстаўнік «русского мира», раскіданага па плянэце. Абсалютна няважна, якой ён нацыянальнасьці, дзе жыве і які ў яго пашпарт і дазвол на жыхарства — ён адкрыта пазыцыянуе сябе як імпэрскі расеец: у сваіх сацсетках ён пазуе на Краснай плошчы ў Маскве і ў футболцы «Россия в моем сердце», і гісторыя ягонай нянавісьці да Ўкраіны і ўкраінцаў добра задакумэнтаваная.
Я ня раз сустракаў такіх «ватнікаў» у Нямеччыне, Фінляндыі, Цэнтральнай Эўропе, але асабліва часта ў краінах Балтыі: яны могуць быць грамадзянамі Эўразьвязу, размаўляць на розных мовах, але яны носьбіты імпэрскай сьвядомасьці часам нават у большай ступені, чым самі расейцы. Дасьледнік расейскага нацыяналізму Мікалай Мітрохін называе гэта «нацыяналізмам франтырных расейцаў» — часьцяком гэта вайсковыя пэнсіянэры або дзеці і ўнукі перасяленцаў, завезеных пасьля вайны.
Яны вырасьлі ў вайсковых гарадках, прамысловых раёнах і расейскамоўных гета, яны бачаць сябе калянізатарамі, прадстаўнікамі імпэрскай расы, адчуваючы перавагу і пагарду ў адносінах да мясцовых. Невыпадкова адным зь першых баявых атрадаў расейскага нацыяналізму яшчэ ў гарбачоўскую эпоху стаў рыскі АМАП.
Наяўнасьць эўрапейскага пашпарта яшчэ больш мацуе іхнае пачуцьцё ўседазволенасьці і беспакаранасьці — гэты асаблівы від ідэнтытарнага паразытызму, уласьцівы ня толькі расейцам, але і іншым этнічным і рэлігійным групам, якія жывуць на Захадзе ў другім ці трэцім пакаленьні. Так і не адаптаваўшыся ў краіне, якая іх прыняла, яны знаходзяць сваю зыходную ідэнтычнасьць (з дапамогай мулы на пятнічнай малітве або Ўладзіміра Салаўёва на канале «Россия-1», забароненым, але лёгка даступным у Балтыі) і пераносяць свой агрэсіўны рэсэнтымэнт у эўрапейскае асяродзьдзе, якое іх прыняло. Яны жывуць не ў рэальнай, а ў ідэальнай Расеі сваёй вялікадзяржаўнай настальгіі, у прапагандысцкай Расеі, паказанай ім у расейскай тэлевізіі.
Тыповы і набор пагрозаў, якімі апэруе Вабікс у сваім сольным выступе на відэа. На першы погляд, гэта звычайная лаянка гопніка, але насамрэч ён, як кажуць, «выдае базу», поўны каталёг рытарычных прыёмаў «русского мира». Тут і ідэя этнічнай і расавай перавагі над «малодшымі» народамі імпэрыі, пагрозы забойствам і апэляцыя да зброі і вайны («пацаны», якія «сядзяць у акопах»). Тут і таксычная маскуліннасьць: ува ўсіх выпадках ахвярамі яго нападаў станавіліся жанчыны, а тут таксама і дзеці сямʼі ў вагоне, якіх ён пагражае «пакалечыць» — і ў той жа час баязьлівая гатоўнасьць умомант счэзнуць пры зьяўленьні большай сілы (паліцыі).
Усе гэтыя рысы выяўляюцца на розных паверхах «русского мира» — ад хама, які «быкуе» ў вагоне, да ваенных злачынстваў ва Ўкраіне, ахвярамі якіх становяцца ўсё тыя ж жанчыны і дзеці, ад прыблатнёнай манеры Марыі Захаравай і іншых прадстаўнікоў МЗС Расеі да прамоваў вярхоўнага гопніка («Вялікага гопніка», як назваў яго ў сваім рамане Віктар Ерафееў).
Падчас апошняга візыту ў ЗША расейскі пасланьнік Кірыл Дзьмітрыеў прывёз у падарунак амэрыканцам скрынку шакалядак зь «Вялікімі словамі вялікага чалавека» — выслоўямі Пуціна. Расейскі аналяг цытатніка Мао поўны жыцьцёвай мудрасьці хама і казарменнага гумару: «Выйшлі, ня маючы права — атрымай дубінай па кумпалу», «чым менш зубоў, тым больш любіш кашу», «калі спатрэбіцца, мы самі каго трэба можам павучыць», «калі бойка непазьбежная, трэба біць першым», і клясычнае «межы Расеі нідзе не заканчваюцца».
Сэнтэнцыі выкладзены мовай завугольля: «парваць штаны», «схапілі за адно месца», «парá на могілкі». Менавіта гэтая «мова кляакі», як назваў яе Гасан Гусейнаў, і зьвязвае Пуціна з закуткамі «русского мира» на ўсіх шыротах. І інцыдэнт у Швайцарыі паказвае, што яго межы сапраўды не сканчаюцца нідзе.
Прыгоды Аляксандра Вабікса скончыліся сумна. Ён звольнены з працы на фабрыцы-кухні, швайцарская пракуратура вядзе расьсьледаваньне, а ў Латвіі на яго завялі крымінальную справу за распальваньне нянавісьці на нацыянальнай глебе. Магчыма, яго дэпартуюць у Латвію, але, напэўна, самым страшным пакараньнем для яго стала б высылка на сваю духоўную Радзіму, у Расею. Зрэшты, для грамадзян Эўразьвязу такая суровая кара не прадугледжана: любіць і абараняць «русский мир» лепш за ўсё здалёк, не ў акопах Пакроўску і Аўдзееўкі, а каля швайцарскіх азёраў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Форум