У гэтым статусе ён у 2019 годзе сустракаўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам. У апошнія гады Болтан стаў крытыкам Трампа.
17 кастрычніка Болтан добраахвотна зьявіўся ў суд у штаце Мэрыленд пасьля таго, як напярэдадні стала вядома аб вылучэньні ў яго адрас крымінальных абвінавачаньняў у незаконным абыходжаньні з сакрэтнай інфармацыяй, паведамляе CNN.
Адвакат Болтана заявіў аб яго невінаватасьці. Сам Болтан пасьля прыходу ў суд не размаўляў з рэпарцёрамі, у апублікаванай напярэдадні заяве Болтана гаворыцца, што ён будзе змагацца, настойваць на тым, што яго дзеяньні не парушалі закон, а таксама «выкрываць злоўжываньні ўладай», дапушчаныя, на яго думку, Трампам.
Чакаецца, што Болтану ў судзе прад’явяць абвінавачаньні, пасьля чаго адпусьцяць. Калі пачнецца працэс па сутнасьці, пакуль незразумела.
- У жніўні 2019 у статусе дарадчы Трампа Болтан наведаў Менск і сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны з Лукашэнкам «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэньняў». Адказваючы на пытаньне пра пагрозы для незалежнасьці Беларусі ў сьвятле інтэграцыі з Расеяй, Болтан заявіў, што самае галоўнае — «чаго хочуць людзі Беларусі»: «Я думаю, што яны ўсё яшчэ хочуць незалежнасьці».
- У жніўні агенты ФБР правялі ператрусы ў доме і офісе палітыка ў межах расьсьледаваньня справы аб абыходжаньні з сакрэтнай інфармацыяй. У абвінаваўчым заключэньні гаворыцца, што Джон Болтан адпраўляў сакрэтныя дакумэнты двум «неўпаўнаважаным асобам» — меркавана яго жонцы і дачцэ. «Гэтыя дакумэнты раскрывалі разьведвальныя дадзеныя аб будучых атаках, замежных суперніках і зьнешняй палітыцы», сьцьвярджае бок абвінавачаньня. Усяго прадʼяўлены восем абвінавачаньняў у незаконнай перадачы сакрэтнай інфармацыі і дзесяць — у захоўваньні такой інфармацыі.
- Раней падобныя абвінавачваньні вылучаліся ў адрас самога Трампа, але вэрдыкт Вярхоўнага суда дэ-факта зрабіў немагчымым яго крымінальны перасьлед, а пасьля абраньня прэзыдэнтам справы ў дачыненьні да яго былі закрытыя.
- Прэзыдэнт Трамп на просьбу пракамэнтаваць крымінальную справу ў дачыненьні да Болтана, які быў яго дарадцам падчас першага прэзыдэнцкага тэрміна, назваў яго «дрэнным хлопцам».
Форум