Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва пачала вайсковыя манэўры Geležinis Vilkas 2025-II каля мяжы зь Беларусьсю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Узброеныя сілы Літвы ў панядзелак пачалі вайсковыя і камэнданцкія вучэньні.

Палявыя тактычныя вучэньні Geležinis Vilkas («Жалезны Воўк») 2025-II будуць праходзіць да 18 кастрычніка, у іх возьмуць удзел каля 3 тысяч жаўнераў зь Літвы, Бэльгіі, Чэхіі, Люксэмбургу, Нідэрляндаў, Харватыі й Нямеччыны, а таксама будзе залучана 650 адзінак вайсковае тэхнікі — танкі, баявыя машыны пяхоты, самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі і бронетранспартэры, паведаміў тэлеканал LRT.

Вучэньні двойчы на год будуць праходзіць на палігоне імя генэрала Сільвестраса Жукаўскаса ў Падбродзьдзі, а таксама ў іншых месцах Сьвянцянскага, Янаўскага, Вількамірскага, Кашадарскага, Электрэнайскага, Віленскага і Маляцкага раёнаў. Войскі будуць імітаваць атаку і абарону, выкарыстоўваць піратэхніку й імітацыі боепрыпасаў.

Паводле зьвестак вайскоўцаў, у панядзелак, сераду, а таксама 17 і 18 кастрычніка падчас вучэньняў дарогамі гэтых раёнаў будуць рухацца калёны вайсковай тэхнікі.

Адначасова структуры вайсковага камандаваньня будуць занятыя ў вучэньнях «Бастыён Перуна 2025», якія працягнуцца да 12 кастрычніка. Падчас іх у Шаўлях 10 і 11 кастрычніка будзе абвешчана вучэбная камэнданцкая гадзіна, супрацоўнікі службаў грамадзкага парадку і вайсковай паліцыі могуць праводзіць праверкі цывільных.

Цэнтр горада будуць патруляваць вайскоўцы, будуць рухацца вайсковая тэхніка і разьмяшчацца контрамабільныя прылады.

Паводле вайскоўцаў, вучэньні, якія праходзяць на алеі Аўшрос, у будынку гарадзкой мэрыі, каля фантану Біруце і ў іншых месцах гарадзкога цэнтру не паўплываюць на дзейнасьць жыхароў, ім ня трэба рабіць ніякіх дадатковых захадаў.

Гэтыя вайсковыя вучэньні — частка інтэнсіўных вайсковых манэўраў, якія праходзяць у Літве ў верасьні й кастрычніку з удзелам каля 17 тысяч літоўскіх і хаўрусных жаўнераў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG