Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён жыве ў сваім сьвеце». Зяленскі адрэагаваў на заяву Лукашэнкі аб нібыта «добрай прапанове» Пуціна пра мір


Уладзімір Зяленскі браў удзел у Міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы па відэасувязі. 29 верасьня 2025
Уладзімір Зяленскі браў удзел у Міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы па відэасувязі. 29 верасьня 2025

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адрэагаваў на заяву Аляксандра Лукашэнкі, якую той зрабіў 26 верасьня ў часе свайго візыту ў Маскву з рэкамэндацыяй супакоіцца і прыняць «добрыя прапановы па Ўкраіне».

«Мне складана нейкім чынам рэагаваць на тое што кажа Лукашэнка. Ён жыве ў сваім сьвеце. Ён пабудаваў яго і ізаляваў сябе. Ён жыве тры дзесяцігодзьдзі ў гэтым доме, які пабудаваў. Але гэты дом памерам з усю краіну. Але, я хачу, каб ён памятаў, што ягоная краіна незалежная. Ён у сваім сьвеце, але Пуцін часам наведваецца і яны балбочуць, два старыя дзяды. Цяжка камэнтаваць», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў часе Міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая праходзіць у Варшаве (Польшча).

26 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўкраіна мае выгадныя прапановы па спыненьні вайны і перасьцярог Уладзіміра Зяленскага ад пагроз ударыць па Крамлі.

«Гаварыць, заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай, што там застанецца? Таму Ўладзіміру Аляксандравічу трэба супакоіцца. Ёсьць на стале добрыя прапановы. Мы з прэзыдэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я ня буду пра іх гаварыць. Прэзыдэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Ўкраіне, якія на Алясцы, у тым ліку, пачуў Дональд Трамп, адвёз у Вашынгтон, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы ня пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што ў пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну», — сказаў Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG